Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заяўляюць, што Саакашвілі можа ўехаць ва Ўкраіну толькі пасьля афармленьня візы


Міхэіл Саакашвілі

Пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства былы старшыня Адэскай аблдзяржадміністрацыі Міхэіл Саакашвілі можа трапіць ва Ўкраіну толькі пасьля афармленьня візы. Пра гэта заявіў позна ўвечары 10 жніўня намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Яўген Енін.

Ён таксама ўказаў, што за парушэньні пры афармленьні грамадзянства Саакашвілі, якія сталі прычынай яго скасаваньня, павінны несьці адміністрацыйную або дысцыплінарную адказнасьць чыноўнікі.

«Але за сваю „памылку“ павінен адказаць і грамадзянін Саакашвілі, які паставіў крыжык у графе „пад судом і сьледзтвам у замежнай дзяржаве не знаходжуся“, а абзацам ніжэй пасьля „папярэджаньне аб магчымасьці страціць грамадзянства Ўкраіны ў выпадку прадстаўленьня непраўдзівых зьвестак“ паставіў подпіс» , — напісаў Енін у Facebook.

Міхэіл Саакашвілі ў Грузіі знаходзіцца ў вышуку па некалькіх абвінавачваньнях, якія тычацца часу яго прэзыдэнцтва 2004-2013 гадоў. У Тбілісі заяўлялі, што будуць дамагацца ягонай экстрадыцыі ад любой краіны, дзе ён будзе знаходзіцца.

У апошнія гады Саакашвілі жыў ва Ўкраіне, дзе атрымаў украінскае грамадзянства і быў прызначаны старшынёй Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Кіеў адхіліў запыты Тбілісі аб ягонай выдачы.

Пасьля адстаўкі з пасады старшыні Саакашвілі стаў рэзка крытыкаваць уладу Ўкраіны і заяўляць пра свае пляны ліквідаваць яе. У канцы ліпеня стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам зацьвердзіў страту Міхэілам Саакашвілі грамадзянства Ўкраіны — па паведамленьнях, празь сьвядомае прадстаўленьне ілжывых зьвестак пры атрыманьні ўкраінскага грамадзянства.

Сам Саакашвілі на той момант знаходзіўся ў ЗША.

XS
SM
MD
LG