Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі прыбыў у Варшаву, зрабіў шэраг важных заяваў


Былы прэзыдэнт Грузіі і экс-губэрнатар Адэскай вобласьці Ўкраіны Міхэіл Саакашвілі прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у Польшчы, прысьвечаных гадавіне Варшаўскага паўстаньня 1944 года супраць нацысцкай акупацыі. Выступаючы на цырымоніі ў Варшаве 4 жніўня, Саакашвілі падзякаваў палякам і іх краіне за, як ён выказаўся, уклад у «барацьбу Украіны і маёй роднай Грузіі супраць агрэсара».

«Падобна да таго, як Польшча сутыкнулася з дылемай, быць ці не быць, Украіна і Грузія таксама сутыкнуліся з тым жа пытаньнем, выкліканым тымі ж меркаваннямі, застацца ці не застацца на мапе сьвету», — сказаў Саакашвілі, дадаўшы, што Украіна і Грузія пайшлі па шляху, які Польшча праклала для іх у 1944 годзе. «Польшча зьяўляецца сымбалем свабоды ў гэтай частцы Эўропы і прыкладам для Ўкраіны, Грузіі і іншых краін рэгіёну», — сказаў Саакашвілі.

«Адсутнасьць прыгожых будынкаў і вялікіх муроў старой Варшавы, разбураных у 1940-х гадах, зьяўляецца сымбалем нязломнага духу польскага народа», — сказаў Саакашвілі, які прыбыў у Варшаву з ЗША. Гэта стала яго першай міжнароднай паездкай з тых часоў, як прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства 26 ліпеня. Саакашвілі асудзіў рашэньне Парашэнкі як «незаконны спосаб вывесьці яго з палітычнай сцэны ва Ўкраіне».

Саакашвілі таксама згадаў прыезд нябожчыка прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага ў Тбілісі ў жніўні 2008 года — калі расейскія ўзброеныя сілы ўвайшлі ў сэпаратысцкія рэгіёны Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. У інтэрвію кансэрватыўнаму тэлеканалу Republika Саакашвілі заявіў, сярод іншага, што катастрофа польскага самалёта пад Смаленскам у 2010 годзе, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, наступіла ў выніку наўмысных дзеяньняў Уладзіміра Пуціна, які такім чынам помсьціў Качынскаму за яго міжнародную актыўнасьць.

У 2008 годзе Лех Качыньскі стаў ініцыятарам сумеснай з прэзыдэнтамі Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі паездкі ў Тбілісі, каб падтрымаць грузінскі народ перад абліччам расейскай агрэсіі.

«Для мяне гэта відавочна. Качыньскі быў ня толькі пагрозай, але і сымбалем. У яго тады не было ваеннай сілы, але сіла сымбалічная (...). Для Пуціна пакараць сваіх ворагаў зьяўляецца надзвычай важным», — сказаў былы грузінскі прэзыдэнт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG