Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра жыцьцё і дзейнасьць Міхэіла Саакашвілі ва Ўкраіне


Міхэіл Саакашвілі

Жыцьцё Міхэіла Саакашвілі, былога прэзыдэнта Грузіі (25 студзеня 2004 — 17 лістапада 2013) і былога старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (30 траўня 2015 — 9 лістапада 2016), узяло новы паварот 26 ліпеня, калі стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пазбавіў Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства. Падставай названае тое, што пры афармленьні дакумэнтаў на грамадзянства Саакашвілі прадставіў ілжывыя зьвесткі. Гэтае рашэньне было агучана, калі Міхэіл Саакашвілі знаходзіўся ў Нью-Ёрку.

«Я браў удзел у трох рэвалюцыях: рэвалюцыі на граніце [студэнцкія пратэсты ў Кіеве ўвосень 1990 — РС] і двух Майданах! У мяне толькі адно ідэйнае грамадзянства — украінскае, і ім ня ўдасца мяне яго пазбавіць!» — сказаў Саакашвілі ў сваім відэазвароце па-ўкраінску ў Фэйсбуку 27 ліпеня. Адначасова ён паабяцаў, што ня будзе выступаць за статус уцекача і намераны змагацца за законнае права вярнуцца ва Ўкраіну.

Прапануем вам пазнаёміцца з 10 найбольш калярытнымі фактамі з жыцьця і дзейнасьці Міхэіла Саакашвілі ва Ўкраіне.

1. Студэнт-выдатнік Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту

У 1992 годзе Міхэіл Саакашвілі закончыў з адзнакай факультэт міжнароднага права Інстытуту міжнародных адносін Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі, дзе вучыўся разам з цяперашнім прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«Пахаваньне СССР» падчас студэнцкага пратэсту ў Кіеве ў 1990
«Пахаваньне СССР» падчас студэнцкага пратэсту ў Кіеве ў 1990

Пасьля Кіеву будучы прэзыдэнт Грузіі пашыраў і паглыбляў сваю юрыдычную адукацыю ў Страсбуры, у Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку і Ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона, у Флярэнцыі і Гаазе.

2. Падтрымка Віктара Юшчанкі падчас першага Майдану

Віктар Юшчанка і Міхэіл Саакашвілі ў Кіеве, 1 студзеня 2005
Віктар Юшчанка і Міхэіл Саакашвілі ў Кіеве, 1 студзеня 2005

Падчас Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне Міхэіл Саакашвілі падтрымаў лідэра блёку «Наша Ўкраіна» Віктара Юшчанку. 1 студзеня 2005 Саакашвілі выступіў са сцэны Майдану ў Кіеве.

Першая, неафіцыйная сустрэча Саакашвілі зь Юшчанкам адбылася ў Тбілісі 25 студзеня 2004, калі дэлегацыя «Нашай Украіны» прыбыла на цырымонію інаўгурацыі Саакашвілі як прэзыдэнта.

3. Падтрымка Эўрамайдану

Віталь Клічко і Міхэіл Саакашвілі ў Кіеве, сьнежань 2013
Віталь Клічко і Міхэіл Саакашвілі ў Кіеве, сьнежань 2013

7 сьнежня 2013 Міхэіл Саакашвілі, як лідэр партыі «Адзіны нацыянальны рух», прыехаў у Кіеў, дзе сустрэўся зь лідэрам партыі «УДАР» Віталем Клічком і выступіў са сцэны Эўрамайдану. Саакашвілі з партыйнымі калегамі жылі ў намётавым мястэчку на Храшчаціку.

Падчас сустрэчы з галавой Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату патрыярхам Філарэтам Саакашвілі сказаў: «Прыйдзе час і гісторыкі напішуць, што Расейская імпэрыя спыніла сваё існаваньне на Майдане ў Кіеве. Так і будзе. Народ абавязкова пераможа, і я веру, што будзе лепшая доля і будучыня, якая аб’яднае ўсе народы».

23 лютага 2014 пасьля скіданьня прэзыдэнта Віктара Януковіча Саакашвілі другі раз выступіў са сцэны Эўрамайдану.

26 лютага Саакашвілі заявіў, што яму запрапанавалі высокую пасаду ва Ўкраіне, але зазначыў, што ён ня мае намеру яе прыняць.

4. Дарадца Парашэнкі ў справе рэформаў

Міхэіл Саакашвілі ў Нью-Ёрку, верасень 2014
Міхэіл Саакашвілі ў Нью-Ёрку, верасень 2014

13 лютага 2015 прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка стварыў Дарадчую міжнародную раду рэформаў і прызначыў яе кіраўніком Міхэіла Саакашвілі. Сам Саакашвілі сказаў пры гэтай нагодзе, што будзе каардынаваць пытаньні паставак Украіне заходняй зброі. 25 лютага 2015 Саакашвілі адправіўся на перамовы ў Кангрэс ЗША аб наданьні Ўкраіне абароннага ўзбраеньня.

5. Кіраўнік Адэскай адміністрацыі

Пятро Парашэнка і новапрызначаны кіраўнік Адэскай вобласьці Міхэіл Саакашвілі, чэрвень 2015
Пятро Парашэнка і новапрызначаны кіраўнік Адэскай вобласьці Міхэіл Саакашвілі, чэрвень 2015

29 траўня 2015 Саакашвілі атрымаў украінскае грамадзянства, а 30 траўня 2015 яго прадставілі як новага кіраўніка Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Сваю працу на гэтай пасадзе ён пачаў ад звальненьня ўсіх кіраўнікоў раённых адміністрацый і ўвядзеньня адкрытага конкурсу на гэтую пасаду.

6. Барацьба з карупцыяй

Пасьля прызначэньня Саакашвілі ў Адэсе адбылося некалькі гучных арыштаў. Адным з першых быў арыштаваны вайсковы камісар вобласьці Юрый Піскун, затым былі затрыманыя некалькі пракурораў-хабарнікаў і распушчаныя шэсьць аддзелаў Адэскай дзяржаўнай адміністрацыі, адхілены кіраўнік Ільлічоўскага порта з-за падазрэньняў у карупцыі.

Міхэіл Саакашвілі падчас антыкарупцыйнага форуму ў Кіеве, сьнежань 2015
Міхэіл Саакашвілі падчас антыкарупцыйнага форуму ў Кіеве, сьнежань 2015

Сярод сваіх прыярытэтаў Саакашвілі таксама паставіў рамонт дарогаў і адразу адмяніў вынікі тэндэраў на дарожныя работы з прычыны падазрэньняў у карупцыі.

3 ліпеня 2015 Саакашвілі разагнаў Антыкарупцыйны камітэт Адэсы, абвінаваціўшы яго ў бязьдзейнасьці.

19 жніўня 2015 Саакашвілі заявіў, што мясцовыя крымінальныя аўтарытэты пакінулі рэгіён.

7. Удар па рэпутацыі барацьбіта з карупцыяй?

15 кастрычніка 2015 шэраг СМІ паведамілі, што ў Саакашвілі ёсьць раскошная яхта, на якой ён часта зьдзяйсьняе марскія прагулкі. На борце яхты разьмешчаны 7 спальных пакояў, перамоўнае памяшканьне і басэйн. Кошт арэнды падобнай яхты — 700 000 эўра на тыдзень. Аднак пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было.

8. Канфлікт з урадам і алігархамі

Восеньню 2015 Саакашвілі ўвайшоў у паласу сур’ёзных канфліктаў: з прэм’ер-міністрам Арсеніем Яцанюком, алігархам Ігарам Каламойскім, міністрам унутраных справаў Арсенам Авакавым.

Саакашвілі і Яцанюк
Саакашвілі і Яцанюк

6 сьнежня ў час антыкарупцыйнай форуму, які праходзіў у Адэсе, Саакашвілі заявіў, што з-за карупцыі Ўкраіна штогод губляе больш за 5 мільярдаў даляраў. Паводле Саакашвілі, доўг І. Каламойскага перад дзяржавай складае да 2,5 мільярда даляраў, Д. Фірташа — 5 мільёнаў даляраў, праз Р. Ахметава Ўкраіна штогод недаатрымлівае 2,2 мільярда даляраў. 23 снежня 2015 Саакашвілі сабраў Антыкарупцыйны форум у Кіеве, а 18 студзеня 2016 — у Харкаве. Падчас форумаў ён заявіў аб стварэньні беспартыйнага грамадзкага руху супраць карупцыі і за рэформы.

9. Канфлікт з прэзыдэнтам і адстаўка

2 лістапада 2016 рашэньнем Вярхоўнай Рады Ўкраіны і подпісам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі быў закрыты Цэнтар адміністрацыйных паслугаў ў Адэсе — структура, якую Саакашвілі стварыў на пачатку сваёй кар’еры губэрнатара вобласьці. Саакашвілі абурыўся гэтым рашэньнем і заявіў аб сваёй адстаўцы. 9 лістапада 2016 адстаўка была прынятая Парашэнкам.

Саакашвілі і Парашэнка сустракаюцца з жыхарамі Адэсы, ліпень 2015
Саакашвілі і Парашэнка сустракаюцца з жыхарамі Адэсы, ліпень 2015

12 студзеня 2017, прадстаўляючы новага кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі, Парашэнка жорстка раскрытыкаваў працу Саакашвілі на пасадзе губэрнатара, абвінаваціўшы яго ў правале ўсіх рэформаў.

Пасьля адстаўкі Саакашвілі заявіў: «Я сюды прыехаў не гастраляваць. Я сюды прыехаў сур’ёзна і надоўга. Украіна павінна стаць звышдзяржавай Эўропы. Мы павінны дыктаваць умовы Эўропе, а не наадварот. Але для гэтага мы павінны хоць бы па-чалавечы сябе паводзіць».

10. Новая сіла?

Мітынг у падтрымку Міхэіла Саакашвілі ў Кіеве, 27 ліпеня 2017
Мітынг у падтрымку Міхэіла Саакашвілі ў Кіеве, 27 ліпеня 2017

28 лютага 2017 Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала партыю Міхэіла Саакашвілі «Рух новых сілаў». Галоўныя мэты партыі: пераадоленьне карупцыі на ўсіх узроўнях; сумленныя суды, вяршэнства права, недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці; сацыяльная, палітычная і эканамічная стабільнасьць; годныя сацыяльныя стандарты; эканоміка ўстойлівага росту; магчымасьці для разьвіцця бізнэсу; разьвіцьцё нацыянальнай культуры і ідэнтычнасьці.

Пазбаўленьне Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства ставіць пад пытаньне ягоную далейшую палітычную кар’еру ва Ўкраіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG