Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

Прыгожа… Словы, якія былі на слыху ў 1990-я, сёньня амаль не сустракаюцца ў сеціве, пакінуўшы па сабе згадку пра карнавальную імпрэзу і аднайменную кніжку Ігара Бабкова. Але, згадзіцеся, гучыць натхняльна.

— Цябе захапляе манархія? — зьдзівіўся Маленькі Прынц. — Здаецца, у Беларусі гэтая форма ўлады нікога асабліва не кранае.

— Гэта толькі здаецца, — сказаў стары Кароль. — Беларусы стараюцца ня верыць у казкі. Занадта шмат іх падманвалі. А казку трэба толькі прыдумаць і паверыць. І з чыста практычнага боку — 12 сучасных манархіяў Эўропы — сярод самых пасьпяховых і заможных краін. А Беларусь марыць быць пасьпяховай і заможнай.

— Але нехта ж прыдумаў гэтае Каралеўства Беларусь, — сказаў Маленькі Прынц.

— Гэта цэлая гісторыя, — стары Кароль утульней разьмясьціўся на сваім троне. — Слухай.

У 1979 годзе польскі пісьменьнік Мар’ян Брандыс напісаў успаміны пра сваё дзяцінства, якое ён правёў у Лодзі. То быў 1920 год, і да іх на кватэру разьмеркавалі на пастой беларускага афіцэра, што выклікала ў малога Мар’яна і ягонага меншага брата непадробную цікавасьць да загадкавай Дзяржавы Беларусі.

«Тут ужо закіпае маёр Білык. Які вам яшчэ расейскі афіцэр? Што за бязглуздая мешаніна паняцьцяў і народаў. Гэта чысьцюткі беларус плоць ад плоці. Паручнік Шчэпан — па-беларуску Сьцяпан — Савіцкі з Добраахвотнай Беларускай Дывізіі генэрала Булак-Балаховіча. Пажылая пані, бадай, чула пра гэтую дывізію, цяпер пра яе ўвесь час пішуць у газэтах. Гэта саюзьнікі нашы, дапамагаюць нам біць бальшавікоў. Пасьля вайны хочуць стварыць сваю Дзяржаву Беларусь. Раптам маёр пырскае сьмешкай. Але, з гэтай Беларусьсю яшчэ паглядзім…

Сёньня ўжо ня ведаю, чаму ніколі раней ня чутая мною назва Дзяржава Беларусь так адразу асела тады ў маім уяўленьні і так надоўга зачаравала і мяне, і майго брата. Быў у гэтым безумоўна нейкі казачны элемэнт, вабнасьць чагосьці далёкага, таямнічага й разам з тым надзіва знаёмага…

Тым часам мяне й брата ўсё мацней і глыбей апаноўваў загадкавы беларускі дурман. Неўзабаве пасьля зьяўленьня паручніка Савіцкага, калі здолелі мы ўжо вывучыць ад «булакоў» колькі дзясяткаў слоў іх роднай мовы, падпаў пад карэкцыю абавязковы, сурова пільнаваны штодзённы рытуал нашых ранішніх і вечаровых вітаньняў-разьвітаньняў… Цяпер да тых закляцьцяў — і ранішніх, і вечаровых — дадалося новае, якое вымаўлялі мы па-беларуску, з трымценьнем, узбуджана дрыготкім голасам, але ціха, каб не пачула бабка: «Няхай жыве Каралеўства Беларусь!» З гэтых словаў пачынаўся й канчаўся кожны дзень».

— Войска Балаховіча было складовай часткай арміі БНР, гэта значыць Рэспублікі, а не Каралеўства. Адкуль тады ў малога Брандыса зьявілася Каралеўства? Яны з братам прыдумалі? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Не, — адказаў стары Кароль. — Ты слухай далей. Гэта вясёлы беларускі капітан Карпюк, які прыходзіў на госьці да Савіцкага, расказваў дзецям пра сваю радзіму:

«Генэрал Балаховіч вымысьліў тое беларускае каралеўства. Капітан Карпюк, як чалавек дэмакратычных поглядаў, хацеў бы можа рэспубліку, такую, як Польшча. Але генэрал вялікі чалавек, хоча каралеўства, няхай будзе каралеўства, абы толькі было».

— Генэрал Балаховіч «праславіўся» габрэйскімі пагромамі, — спыніў расповед пра Каралеўства Маленькі Прынц.

— Гэта асаблівая тэма, — уздыхнуў Кароль. — Усе зьвесткі пра тыя «пагромы» ўзятыя з аднаго боку — з савецкіх крыніц, ад бальшавіцкіх камісараў, якія вялі супраць балахоўцаў ня толькі збройную, але й інфармацыйную вайну. Менавіта яны са сваіх пазыцыяў пачалі казаць пра «пагромы», робячы акцэнт на габрэях. Яно, вядома ж, моцнае кляймо. З гледзішча бальшавікоў, «бандыты» Балаховіча рабавалі і забівалі габрэяў. З гледзішча БНР, у краіне ішла крывавая вайна, дзе армія БНР імкнулася выбіць зь Беларусі акупантаў-бальшавікоў. Першая сусьветная ўжо афіцыйна закончылася, і ў Расеі ішла цывільная (грамадзянская) вайна, а гэта і значыць, адзін вялікі пагром, які пачаўся з Кастрычніцкай рэвалюцыі. З гледзішча БНР, гэта была вайна за вызваленьне ад расейскіх бальшавікоў.

Ці былі насамрэч тыя масавыя рабункі і забойствы? Гісторыкі выказваюць шмат сумневаў. Уладзімер Ляхоўскі кажа, што «пагромамі» бальшавіцкая прапаганда назвала дзеяньні супраць савецкай улады, супраць продразьвёрстак і чырвонага тэрору, а Ігар Мельнікаў сьцьвярджае, што такія пагромы былі ўвогуле характэрныя для той вайны і ўдзельнічалі ў іх усе — і белая армія, і войскі Пятлюры, і палякі, і коньнікі Будзённага. Алег Дзярновіч кажа, што сам Балаховіч антысэмітам ня быў, і тыя «пагромы» на ягоным сумленьні могуць быць у тым сэнсе, што не дастаткова кантраляваў сваіх жаўнераў, сярод якіх было шмат былых белагвардзейцаў і чырвонаармейцаў.

Інакш кажучы, у мяне няма падставаў верыць крыніцам, якія вайсковыя часткі БНР называлі «бандытамі». «Наша Ніва» па сьлядах першых чутак пра «бясчынствы Балаховіча» пісала:

«Аб генарале Балаховічу жыдоўскія часопісі наказваюць вельмі дрэнныя весткі. Яго вінавацяць у тым, што, заняўшы часова Влодаву (ў Польшчы), салдаты Балаховіча пачалі граміць, рабаваць і забіваць жыдоў, у чым ім памагала і мясцовае польскае насяленьне (гл. «Najer Hajnt»).

Хаця за «будаваньне Беларусі» Балаховіч узяўся саматугам у паразуменьні з галавой расейскага палітычнага камітэту Савінкавым і ад беларусаў ніякага загаду ня меў, — усё-ж нам, беларусам, вельмі сумна чытаць гэткія весткі аб адным з сыноў нашага народу. «Будаваньне Беларусі» — справа лішне вялікая і для нас сьвятая, каб мы маглі спакойна глядзець, як наш чысты дагэтуль штандар пляміцца ў руках Балаховіча крывёй бязьвінных людзей…»

Што звычайна робяць журналісты, калі атрымліваюць такія зьвесткі? Правільна, правяраюць інфармацыю. І ўжо ў наступным нумары «Наша Ніва» друкуе матэрыял свайго ўласнага карэспандэнта:

«Армія генарала Балаховіча складаецца з «народнай расейскай арміі» і арміі беларускай. Калі яны выганяць бальшавікоў з Беларусі, беларускае войска мае астацца на сваёй граніцы, а расейскае пойдзе далей.

Балаховіча разьбіць ня лёгка, бо яго войска зложана з масы партызанскіх дружын. Наагул, 70 прац. усей арміі — беларусы.

У м. Тураве спраўлялі сьвята даручэньня першаму беларускаму стралецкаму палку штандару (белая пагоня на чырвоным полі); быў парад, быў малебен у царкве за Беларускую Народную Рэспубліку. Пасьля адбыўся парадны абед з учасьцем 6 сялян і 3 прадстаўнікоў ад жыдоў.

За рабункі ў жыдоў і сялян салдатаў цяжка караюць. У Тураве на рынку расстралялі за гэта 3 жаўнераў і аднаго афіцэра.

Мазыр узяты 13 лістапада абходам 26 вёрст за Мазыром. Ніякіх гвалтаў і рабункаў не было.

Калі ў селяніна што заграбілі, то ён зьвяртаецца да ген. Балаховіча. Той сам асабіста дазнаецца, хто гэта зрабіў і зараз-жа караець.

Ужо ёсьць почта з маркамі Беларускай Народнай Рэспублікі, і асобныя маркі на памятку аб узяцьці Мазыра.

Адміністрацыя, магістраты і воласьці ўжо працуюць; паліцыя арганізавана.

Пры г. Балаховічу ёсьць прадстаўнікі англійскі, амэрыканскі і др.

Палітычны беларускі камітэт пры арміі вядзець арганізацыю цывільнай улады.

Выходзіць беларуская газэта «Зьвястун», у каторай працуець стары беларускі літаратар Ядвігін Ш.

Па ўсёй Беларусі падняўся сялянскі народ, каб скінуць бальшавіцкую паншчыну. Дружыны з Смаленшчыны, Вітэбшчыны, Магілёўшчыны, Віленшчыны прысылаюць сваіх дэлегатаў да ген. Балаховіча, каб усім народам ісьці проці бальшавікоў і зрабіць з Беларусі вольную сялянскую дзяржаву. З Магілёўшчыны дык дружына «Зялёнадубцаў» прабілася да Балаховіча, ачысьціўшы па дарозе Жлобін ад камісараў».

— А цяпер скажы, каму я павінен давяраць больш, — спытаўся стары Кароль, — камісару Міндліну, які выступіў з дакладам пра «пагромы» на паседжаньні Менскага савету 10 студзеня 1922 году ці «Нашай Ніве» ад 22 лістапада 1920-га, фактычны рэдактар якой — айцец-заснавальнік БНР Антон Луцкевіч, між іншым, ня меў ніякіх сымпатыяў да асобы Балаховіча?

— Дзіўна, што Міндлін рабіў свой даклад больш чым праз год пасьля таго, як войска Балаховіча ўжо не было ў Беларусі, — заўважыў Маленькі Прынц.

— І лічбы ахвяраў у яго дзіўным чынам акругленыя: у адным мястэчку 300 абрабаваных, у іншым 500, яшчэ ў іншым 700, — сказаў стары Кароль. — У кожным разе, цалкам даставернай карціны падзеяў няма. Я думаю, калі б міндлінскі даклад быў праўдай, тады ў ваякаў Балаховіча і ў Польшчы была б «слава» рабаўнікоў найперш, і Мар’ян Брандыс хоць словам напісаў бы пра гэта, а не пра мары аб Каралеўстве.

— А сёньня беларусы мараць пра Каралеўства? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Тыя, хто пра гэта ведае, натуральна, мараць, — адказаў стары Кароль. — Калі разабрацца, дык і рэспублікі, як такой, у беларусаў збудаваць не атрымалася. І ў гісторыі, калі наша краіна была самастойнай, яна заўсёды была княствам з марай пра Каралеўства. Аднойчы ёй нават пашчасьціла стаць Каралеўствам — пры каралі Мяндоўгу. Другі раз, пры Вітаўце, не атрымалася, ягоную каралеўскую карону скралі па дарозе з Рыму.

— Ну калі ёсьць мара і калі манархіі такія пасьпяховыя, хай бы ўжо Лукашэнка стаў каралём, пагатоў ён сам гаварыў пра спадкаемства ўлады.

— Адно што з паўнамоцтвамі ангельскай каралевы, — заўважыў стары Кароль. — Як казаў вясёлы капітан Карпюк, няхай будзе. Абы толькі было.

Працяг будзе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG