Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

У нас ёсьць чатыры вымярэньні нашага агульнага існаваньня. Краіна — гэта дадзенасьць зь яе прыродай, культурай, паселішчамі… Тут мы жывем і толькі тут жыць хочам. Дзяржава — таксама дадзенасьць, якую непасрэдна зьмяніць мы ня можам. Грамадзтва — трэцяе вымярэньне, дзе мы можам нешта рабіць. У чацьвертым вымярэньні мы поўныя гаспадары, бо гэта мы Самі.

— Ты хочаш сказаць банальнасьць: каб нешта зьмяніць у сьвеце, трэба проста зьмяніць гэта ў сабе? — апярэдзіў Інспэктара міграцыйнай службы Маленькі Прынц.

— Дакладна, — прапусьціў іронію міма вушэй Інспэктар. — Самі ў сябе пашпартоў не спраўджаюць і візы ўнутры сябе непатрэбныя. Жывучы ў Беларусі, многія жывуць у расейскай правінцыі, у Саратаўскай губэрні, яны чуюць выключна расейскую мову, іх галава поўная расейскіх сэрыялаў, ток-шоў і аднакласьнікаў, за мяжой на пытаньне Where are you from? адказваюць адным словам Russia і нават міжсобку называюць сябе рускімі.

— А можа ня трэба іх чапаць? Калі так склалася.

— Іх ня трэба. Чапаць варта сябе. І тое калі ёсьць згода. Тут жа глядзі якая штука. Людзі «проживают» галавой у Саратаўскай губэрні і практычна не ўступаюць у дачыненьні з Краінай, у якой рэальна жывуць, бо для іх гэта тэрыторыя, ня больш, і самі яны толькі насельніцтва, а не народ. Каб пачувацца народам, яны па-утрыманску карыстаюцца тым, што напрацаваў расейскі народ (мова, гісторыя, культура і само калектыўнае несьвядомае), але гэта калі не крадзеж, дык сама меней фікцыя, аблуда, ілюзія. Ты кажаш «так склалася». Калі б яно склалася натуральным чынам, яны даўно інтэграваліся б у расейцаў і ўсё было б нармальна. Але «так складалася» страшным гвалтам, вякамі іх палкамі гналі ў Масковію. Гэта пачалося ў 17 стагодзьдзі, калі маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч пагнаў з тагачаснай Беларусі 300-тысячны палон пераважна рамесьнікаў. Між іншым, яны яму Маскву і збудавалі. Пасьля той 13-гадовай вайны разам з забітымі тагачасная Беларусь не далічылася кожнага другога свайго жыхара. Ну і апошнія 200 гадоў гвалтоўнай русіфікацыі, якая, між іншым, працягваецца ў тым ліку і намаганьнямі саміх беларусаў. Так што нічога само не «складалася». Але чапаць іх сапраўды ня трэба. Калі хочаш жыць у гармоніі са сваёй Краінай, з гэтай зямлёй і з самім сабой, чапаць трэба сябе. Гэта як адваротная эміграцыя. Адбываецца яна ў вымярэньні Грамадзтва — ня ты інтэгруесься ў іншую нацыю, а як бы сваю нацыю інтэгруеш у сабе. Ты пераяжджаеш у БНР. Ты кажаш сабе: я жыву ў фантастычнай роднай мне эўрапейскай краіне Беларусі! Камусьці гэтага ўсьведамленьня дастаткова, а некаму спатрэбіцца падручнік

СЕМ ПЕРШЫХ КРОКАЎ ДЛЯ ТЫХ, ХТО ПЕРАЯЖДЖАЕ Ў БНР

1. На вуліцы. Вітацца! У пад’езьдзе, у двары, ва ўстанове, у краме — паўсюль, дзе ты сустракаесься зь іншым (незнаёмым у тым ліку) чалавекам, ты кажаш «Добры дзень». Перабраць мерку тут немагчыма, таму лепш сказаць, чым прамаўчаць. Так робяць у Эўропе і ты адразу адчуеш сябе эўрапейцам. Яшчэ: прапускаць наперад жанчыну. Да прыкладу, у ліфце першыя выходзяць жанчыны. Так ня робяць у Расеі, але так робяць у Эўропе.

— Твае парады пра тое, як быць эўрапейцам, ці пра тое, як ня быць расейцам? — пад’ялдыкнуў Маленькі Прынц.

— Так выходзіць само сабой, — адказаў Інспэктар. — Мы гэтым напоўненыя, як слоік рэчывам, і чым больш у табе эўрапейца, тым менш «русо турысто». У расейцаў таксама можна сяму-таму павучыцца. Але ў сфэры паводзінаў толькі так, інакш не атрымліваецца. Выцясьненьне аднаго адным зусім не татальны прынцып нашага Падручніка. Але, скажы мне, чаму ў сельскагаспадарчай Беларусі мы мусім набываць, напрыклад, расейскія малочныя прадукты?

2. У краме. Уважліва сочыш — хто вытворца прадуктаў-тавараў. Пры роўных характарыстыках аддаеш перавагу беларускаму. Не скажу, што гэта мусова. Беларускае можа быць даражэйшым, а ў цябе бракуе грошай, можа быць няякасным, а навошта табе хлуд, можа быць «бабушкино-савушкино-простоквашино», але ты не змагар грамадзянскай вайны і табе важней, што малако беларускае. Зь іншага боку, як той казаў, купляючы расейскія тавары, ты аплочваеш анэксію Крыму.

3. На машыне. Заўсёды езьдзіш з бліжнім сьвятлом, ніколі на жоўты сьвятлафор — гэта правілы Эўразьвязу, цалкам апраўданыя практыкай. Выконваеш усе знакі. Ну і «Пагоню» можаш прымацаваць, каб бачыць, колькі вас ужо пераехала ў БНР і якая дынаміка міграцыі.

4. У мове. Не гвалтуй сябе і людзей. Гавары па-расейску, калі па-беларуску ня ўмееш, няёмка, «это лишнее», проста ня хочаш. Але запомні тры словы, якія, гаворачы па-расейску, ты будзеш заўсёды вымаўляць па-беларуску: калі ласка, дзякуй, напрыклад. Праверана — гэта напраўду чароўныя словы, якія амаль незаўважна мяняюць атмасфэру дачыненьняў. Неяк на махатку лягчэй становіцца дыхаць.

5. У поглядах. Калі ты не змагар за беларушчыну ўнутры РПЦ, табе лепей зьмяніць канфэсію. Тваё веравызнаньне не павінна вісець каменем на назе, бянтэжыць, выпрабоўваць зямнымі спакусамі, фэтышамі і падменай паняткаў, калі замест «Бог ёсьць любоў» табе кажуць — «побойся Бога», то бок «Бог ёсьць страх». Церпячы гэта ўсё, замест умацаваньня ў веры, ты выганяеш веру зь сябе. Ідзі туды, дзе ўсе славяць Госпада па-беларуску і славяць тваю Беларусь. Ня мучся пытаньнем, ці трэба Беларусі ўступаць у НАТА і Эўразьвяз. Трэба. БНР па вызначэньні ў НАТА і Эўразьвязе хоць бы толькі для таго, каб спакойна жыць сваёй галавой.

— Ну во, ты ўжо і як думаць напісаў, — пасьміхнуўся Маленькі Прынц. — Ніякай прасторы для творчасьці)))

— Гэта праўда, — усьміхнуўся ў адказ Інспэктар. — Рэч у тым, што мы з табой якраз акрэсьліваем прастору для творчасьці. Мы яе апісваем, вызначаем, фіксуем. Дарэчы, твая іронія гучыць вельмі па-беларуску. Беларусы — самыя вялікія палемісты ў сьвеце, яны калі нешта аспрэчваюць, дык пачынаюць з падмуркаў, з самых падставовых падвалін жыцьця.

— Зноў русіфікацыя вінаватая?

— Не, гэта ўжо наша роднае, генэтычна-прыроднае, — сказаў Інспэктар. — Яшчэ ў часы сярэднявечча, у эпоху Адраджэньня (не магу ня ўставіць, што тагачасная Беларусь гэтую эпоху гуманізацыі прайшла напоўніцу ў складзе Эўропы, тым часам у Масковіі Адраджэньня не было зусім) галоўным жанрам беларускай літаратуры была палеміка. «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», Сматрыцкі, Філіповіч, нават мой улюбёны Філон Кміта-Чарнабыльскі… Спрачаліся пра ўсё на сьвеце – ад самых падвалін.

5. У гаджэтах. Не трымай пошту на расейскіх рэсурсах, зрабі намаганьне над сабой, каб разьвітацца з вконтакте і одноклассниками. Разумею, што гэта цяжка і ў цябе знойдзецца куча адмазак. Тады проста зьмяншай «колькасьць цыгарэт у дзень». Памятай, што ў Масковіі аграмадныя ведамствы вядуць праз гэтыя рэсурсы інфармацыйную вайну найперш супраць суседніх краін. І хай цябе натхняе тое, што французы і грэкі з італьянцамі маюць найсмачнейшую ў сьвеце кухню, але ня маюць акаўнтаў у вконтакте. Можа быць, гэта неяк паміж сабой зьвязана?

6. У пытаньнях і адказах. Складзі сам свой уласны Катэхізіс ведаў пра Беларусь, беларускую нацыю, яе паходжаньне і адметнасьць. Жывучы ў БНР, зрабіць гэта проста. Базавыя паняткі: беларуская нацыянальная ідэя (вяршыняй нацыянальнай ідэі ёсьць стварэньне сваёй дзяржаўнасьці) ўзьнікла ў пачатку ХІХ стагодзьдзя, што ў канцы таго ж стагодзьдзя прывяло да стварэньня беларускае нацыі, якая канчаткова аформілася ў сваю незалежную дзяржаву 25 сакавіка 1918 году ў выглядзе БНР. Натуральна, беларуская нацыянальная ідэя акумулявала ў сабе ўвесь гістарычны шлях тутэйшага народу, яго культуру, мову і тое самае калектыўнае несьвядомае. Нічога дзіўнага, што ва ўсіх эўрапейскіх народаў увесь іхны генэзіс адбываўся такім самым шляхам. Пастарайся гэта асэнсаваць і ня слухай троляў.

— А як быць з палемічнымі традыцыямі, калі ня слухаць троляў? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Троль не палеміст, — адказаў Інспэктар міграцыйнай службы. — Яго задача — разбурыць тваю карціну сьвету. Палемест у спрэчцы з тваёй карцінай сьвету заўсёды кажа пра сваю карціну сьвету. У гэтым сэнс палемікі. Цалкам магчыма, што ён пераканае цябе і ты прымеш ягоную сьветабудову як сваю. Троль жа толькі разбурае – вас не было, вы неданацыя, мова памерла… Ня слухай троляў.

Працяг будзе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG