Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абралі сябрам Эканамічнай і Сацыяльнай рады ААН


На паседжаньні Генэральнай асамблеі ААН 15 чэрвеня Беларусь была абраная сябрам Эканамічнай і Сацыяльнай рады ААН (ECOSOC).

«Ганаровае абраньне Беларусі ў ECOSOC сьведчыць аб высокім узроўні даверу дзяржаў — чальцоў ААН да краіны, яе аўтарытэце на міжнароднай арэне, а таксама надзеях, якія ўскладаюцца на Беларусь як на новага чальца ECOSOC», — гаворыцца на сайце МЗС Беларусі.

У ECOSOC уваходзяць 54 краіны, якія выбіраюцца на 3 гады. Зь іх 6 прадстаўляюць Усходнюю Эўропу. Беларусь увойдзе ў ECOSOC ужо дзявяты раз, калі лічыць БССР за незалежную дзяржаву (тая ўвайшла ў ECOSOC упершыню ў 1947 годзе).

ECOSOC адказвае за садзейнічаньне павышэньню ўзроўню жыцьця, выяўленьне спосабаў вырашэньня міжнародных праблемаў у эканамічнай і сацыяльнай галінах, міжнародную супрацу ў галіне культуры і адукацыі, заахвочваньне ўсеагульнай павагі правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Тым часам Беларусь мае блізкую да крытычнага ўзроўню дзяржаўную запазычанасьць, трывае крызіс у банкаўскай сыстэме, валавы ўнутраны прадукт не расьце, а даходы насельніцтва падаюць, колькасьць звольненых работнікаў перавышае колькасьць прынятых на працу, дыялёг з МВФ ідзе марудна. Тым ня менш інфляцыя ў краіне трымаецца на параўнальна невысокім узроўні, а стаўку рэфінансаваньня зьнізілі з 18% да 13%.

Тэма правоў чалавека ў дачыненьні да Беларусі якраз нядаўна гучала ў ААН: спэцыяльны дакладчык ААН Міклаш Харасьці казаў пра новы цыкль рэпрэсіяў у Беларусі. Human Rights Watch адзначала, што «рыторыка Беларусі, прыхільная правам чалавека, не была пацьверджаная сапраўдным паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў 2016 годзе». Кіраўнік Беларусі жа казаў, што галоўным экспэртам у правах чалавека павінен быць ён, а не амбудсмэн (назваўшы апошняе слова «мацерным»).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG