Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмысловы дакладчык ААН Харасьці — пра новы цыкль рэпрэсіяў у Беларусі


Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

Сёньня на 35-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека адмысловы дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці прадставіў новы даклад аб сытуацыі ў Беларусі. Ён зьвярнуў увагу на рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных маніфэстацыяў у лютым-сакавіку.

Паводле Харасьці гэта выяўляе цыклічны характар парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіі ў лютым-сакавіку адбыліся пасьля пэўнага пэрыяду палёгкі. Ён падкрэсьліў, што рэпрэсіі патэнцыйна могуць прывесьці да зьяўленьня ў краіне новых палітычных вязьняў.

Адмысловы дакладчык заўважыў, што рэакцыя ўладаў на пратэсты сёлета была вельмі падобнай на тую, якая дэманстравалася ў сьнежні 2010 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Міклаш Харасьці нагадаў, што падзеі ў сьнежні 2010 году ў Беларусі сталі прычынай, паводле якой Рада ААН па правах чалавека ўвяла пасаду адмысловага дакладчыка па гэтай краіне.

Спадар Харасьці адзначыў некалькі пазытыўных падзеяў у галіне правоў чалавека ў Беларусі з чэрвеня мінулага году, ён прыгадаў уваходжаньне ў парлямэнт двух прадстаўніц апазыцыі на апошніх парлямэнцкіх выбарах і рэгістрацыю грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», хаця і ня ў якасьці палітычнай арганізацыі.

Паводле дакладчыка беларускія ўлады прынялі плян ажыцьцяўленьня асобных рэкамэндацыяў у галіне правоў чалавека. Аднак Міклаш Харасьці мяркуе, што нават калі б усе 100 пунктаў гэтага пляну былі выкананыя, гэта прынцыпова не зьмяніла б сытуацыю, бо плян ня ўлічвае сыстэмныя і доўгатэрміновыя праблемы з выкананьнем правоў чалавека ў краіне.

Харасьці мяркуе, што «нарожны камень сыстэмнага парушэньня правоў чалавека ў Беларусі зьяўляецца артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за любую грамадзкую дзейнасьць, не санкцыянаваную афіцыйнымі асобамі».

Сваю думку пра цыклічны характар парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі экспэрт праілюстраваў ужываньнем ў краіне сьмяротнага пакараньня: «У 2016 годзе ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю чатыры чалавекі, што зьяўляецца самым высокім паказьнікам з 2008 году. Парадак выкананьня сьмяротных прысудаў можна прыраўняць да жорсткага абыходжаньня, судовая сыстэма дагэтуль пазбаўляе грамадзянаў права на справядлівы судовы разбор».

«Паводле стану на сёньняшні дзень дзясяткі арыштаваных абвінавачваюцца ў змове супраць дзяржавы і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Ёсьць зьвесткі пра тое, што ў дачыненьні да іх ужываюць катаваньні, каб прымусіць іх прызнацца ў палітычна матываваных абвінавачаньнях», — адзначыў Міклаш Харасьці.

«Гэты судовы разбор адбываецца безь ніякага грамадзкага кантролю і гэта падвышае небясьпеку зьяўленьня новых палітвязьняў, апошнія палітвязьні былі вызваленыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году», — заявіў экспэрт, прадстаўляючы свой даклад Радзе ААН па правах чалавека.

Вугорскі палітык, навуковец і грамадзкі дзеяч Міклаш Харасьці быў прызначаны адмысловым дакладчыкам па Беларусі ў 2012 годзе. Аднак беларускія ўлады не прызнаюць яго мандат, яны адмаўляюцца кантактаваць з дакладчыкам і не даюць яму магчымасьці наведаць Беларусь.

Пасьля сёньняшняга абмеркаваньня дакладу Міклаша Харасьці ў Радзе ААН па правах чалавека павінна адбыцца галасаваньне аб працягу мандату спэцдакладчыка ААН па Беларусі. За гэта выступаюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Разам з тым прадстаўнік беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык заявіў напачатку чэрвеня, што пазыцыя афіцыйнага Менску адносна дакладу і спэцдакладчыка не зьмянілася — «ён не ўяўляе ніякай каштоўнасьці для Рэспублікі Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG