Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк працягвае зьніжаць стаўку рэфінансаваньня. Цяпер 13%

  • БелаПАН

Праўленьне Нацыянальнага банку Беларусі прыняло рашэньне зьнізіць стаўку рэфінансаваньня — ад 14 да 13% гадавых, перадае БелаПАН.

Зьніжаюцца таксама стаўкі па апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў (ад 17 да 15% гадавых) і па апэрацыях выключэньня ліквіднасьці (ад 9 да 8% гадавых). Як паведамляе прэсавая служба рэгулятара, рашэньне набывае сілу 14 чэрвеня.

Удакладняецца, што рашэньні ў галіне працэнтнай палітыкі прымаюцца з улікам станоўчых тэндэнцый у эканоміцы, падвышэньня яе зьнешняй устойлівасьці, умацаваньня стабільнасьці ў грашова-крэдытнай сфэры.

«Магчымасьці далейшага зьніжэньня працэнтных ставак будуць вызначацца замацаваньнем спрыяльных трэндаў у эканоміцы і манэтарнай сфэры, а таксама станам плацёжнага балянсу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Рубель расьце да даляра і эўра, стаўку рэфінансаваньня зьніжаюць. Што адбываецца, тлумачыць Злотнікаў

Паводле ацэнак экспэртаў Нацбанку, захоўваецца тэндэнцыя запаволеньня інфляцыі — нават больш значнымі тэмпамі, чым чакалася. У красавіку ў гадавым вымярэньні прырост спажывецкіх цэнаў склаў 6,3%, базавая інфляцыя — 6% (супраць 10,6% і 10% у сьнежні 2016 году адпаведна). Чакаецца, што і ў бліжэйшыя месяцы гэты паказьнік захаваецца на аналягічным узроўні.

Ва ўстанове кажуць, што на валютным рынку захоўваецца спрыяльная сытуацыя: чыстая прапанова замежнай валюты забясьпечвае ўстойлівасьць абменнага курсу рубля і дазваляе Нацбанку купляць валюту для папаўненьня золатавалютных рэзэрваў ва ўмовах пагашэньня дзяржаўных абавязаньняў.

На думку кіраўніцтва Нацбанку, падвышаецца зьнешняя ўстойлівасьць эканомікі. Фармаваньне ў студзені-сакавіку станоўчага зьнешнегандлёвага сальда ў памеры 200 мільёнаў даляраў спрыяла зьніжэньню дэфіцыту рахунку бягучых апэрацый плацёжнага балянсу да 900 мільёнаў даляраў супраць 1,5 мільярда даляраў за такі ж пэрыяд летась.

Ці запусьціў Пракаповіч друкарскі станок? Не, але інфляцыі быць

За першы квартал у мэтах зьніжэньня кошту крэдытных рэсурсаў Нацбанк чатыры разы зьніжаў стаўку рэфінансаваньня, кожны раз на 1%: 18 студзеня — да 17%, 15 лютага — да 16%, 15 сакавіка — да 15% і 19 красавіка — да 14% гадавых.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG