Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянам дазволілі купляць валюту бяз пашпарту. Аналітыкі кажуць пра зьбядненьне народу

абноўлена

У Беларусі адмяняецца патрабаваньне да банкаў рэгістраваць пашпартныя зьвесткі фізычных асобаў, якія набываюць замежную валюту.

Адпаведны ўказ кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў 29 траўня, паведамляе БеЛТА са спасылкай на прэзыдэнцкую прэс-службу.

Нацбанк павінен цягам трох месяцаў прывесьці заканадаўчыя акты ў адпаведнасьць з гэтым дакумэнтам і прыняць іншыя захады для яго рэалізацыі.

Указ распрацаваны ў мэтах лібэралізацыі валютнага рэжыму і спрашчэньня парадку правядзеньня валютна-абменных апэрацыяў.

«Стабільнасьць ня надта цьвёрдая, бо яна базуецца на зьбядненьні народу», — Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што гэты крок уладаў трэба вітаць.

— Гэта добры крок, выкліканы стабілізацыяй. У нас уласная валюта стабільная. Таму людзі для захаваньня каштоўнасьці, вартасьці могуць ня траціць свае грошы на куплю валюты. Калі нацыянальная валюта не абясцэньваецца параўнальна з далярам і эўра, то няма неабходнасьці рабіць ашчаджэньні ў гэтай валюце. Таму можна дазволіць прадаваць яе і бяз пашпарта.

— То бок гэтае рашэньне беларускіх уладаў выклікана стабілізацыяй?

— Так. Іншая справа, што стабільнасьць ня надта цьвёрдая, бо яна базуецца на зьбядненьні народу, на падзеньні і стагнацыі валавога прадукту і на падзеньні імпарту. Не купляюць, бо меней езьдзяць за мяжу. Бо меней купляюць камплектуючых, матэрыялаў, сыравіны для бізнэсу. Пакуль што стабілізацыя зьвязаная з нэгатыўным разьвіцьцём эканомікі. Але стабілізацыя яўная, бо мы назіраем, што даляр каштуе менш за два рублі ўжо працяглы час і нават вагаецца 1,8–1,85, максымум 1,9. То бок назіраем яўную стабільнасьць.

«Усе гэта якраз выклікана даволі сурʼёзным і глыбокім эканамічным крызісам», — Іосуб

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб мяркуе, што, відаць, зьніклі прычыны, якія прымусілі ўвесьці правіла — прадаваць валюту фізычным асобам па пашпартах.

— Правіла прадʼяўляць пашпарт пры куплі валюты зьявілася ўвосень 2011 году як вынік глыбокага валютнага крызісу. І яно стала адным з захадаў, якія дэстымулявалі куплю валюты. То бок тады хранічны попыт на валюту перавышаў прапанову, і ўлады прыдумлялі розныя, у тым ліку адміністрацыйныя спосабы, каб стрымліваць гэты попыт. Адна з такіх мераў — неабходнасьць паказваць дакумэнт пры набываньні валюты.

Цяпер праблем на валютным рынку ў нас няма. Мала таго, больш як год прапанова замежнай валюты перавышае попыт, ужо больш як год цана даляра і эўра адносна беларускага рубля зьніжаецца. Таму ніякіх штучных перашкод рабіць для куплі валюты няма сэнсу.

— З чым зьвязана тое, што зьніклі прычыны захоўваць гэтую працэдуру купляньня валюты па пашпартах?

— Відавочна, што не ад добрага жыцьця склалася такая сытуацыя на валютным рынку. Усе гэта якраз выклікана даволі сурʼёзным і глыбокім эканамічным крызісам. У прыватнасьці, тым, што даходы насельніцтва ў рэальным выражэньні, то бок з улікам інфляцыі, адчувальна зьніжаюцца. У гэтай сытуацыі людзі не гатовыя зьмяншаць свой узровень жыцьця, сваё спажываньне тымі ж тэмпамі, якімі зьніжаюцца іх рэальныя даходы. У такой сытуацыі яны вымушаныя прадаваць свае валютныя ашчаджэньні. Курс нацыянальнай валюты — гэта не заўсёды мерка здароўя эканомікі. То бок цяпер тое, што эканоміка падае, тое, што эканоміка відавочна ў нездаровай сытуацыі, дазваляе беларускаму рублю больш як год умацоўвацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG