Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапамогу Беларусі ў рамках праграмы USAID плянуецца спыніць


Фота Hadrian / ©Shutterstock

Ад наступнага году можа быць спынена дапамога Беларусі ў рамках праграмаў Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці (USAID). Як паведамляе БелаПАН, гэта вынікае з апублікаваных часопісам Foreign Policy дакумэнтаў, якія ўтрымліваюць прапановы прэзыдэнта Дональда Трампа скараціць выдаткі бюджэту на 2018 год. У тым ліку — за кошт праграмаў USAID.

Сродкі ў памеры амаль 8 мільёнаў даляраў для Беларусі прапануецца скараціць на 100%. Гэтаксама прапануецца цалкам спыніць фінансаваньне праграмаў для Азэрбайджану, Чарнагорыі, Польшчы, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і шэрагу іншых. У дачыненьні да многіх дзяржаваў выдаткі прапануецца значна скараціць.

«Абяцаньне прэзыдэнта Трампа „Амэрыка перадусім“ уключае ў сябе плян на радыкальнае скарачэньне дапамогі краінам, якія разьвіваюцца, а таксама плянуецца зьліцьцё Дзярждэпартамэнту і Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці», — адзначае Foreign Policy.

Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) зьяўляецца органам дзяржаўнага кіраваньня ў справе аказаньня дапамогі за мяжой. Асноўныя напрамкі працы ўключаюць падтрымку гандлю, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, гуманітарнай дапамогі, садзейнічаньне ў прадухіленьні канфліктаў і падтрымку дэмакратыі.

У Беларусі USAID працуе ад 1999 году і ставіць задачай «садзейнічаньне станаўленьню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы з рынкавай эканомікай, разьвіцьцю беларускай грамадзянскай супольнасьці, прыватнага сэктару і мясцовых арганізацый». USAID рэалізуе ў Беларусі шэраг праектаў у розных сфэрах, у тым ліку праграмы прафэсійных стажыровак Community Connections.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG