Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне палацы прадавалі за адну марку, і ўсе ад гэтага выйгравалі. Гісторыя пярэкупаў гарадзенскага піўзаводу


Праект рэстаўрацыі піўзаводу ў Горадні прапанаваў Арцём Бубен

26 траўня ў Горадні адбудзецца аўкцыён продажу піўзаводу — былога палаца Сапегаў. Пажар, які тут адбыўся 21 траўня, не паўплываў на кошт гістарычнага будынку. Ягоная стартавая цана — 1,5 мільёна рублёў. Чаму 10 гадоў будынак XVII стагодзьдзя ў цэнтры Горадні стаіць закінутым і што мусілі б зрабіць зь ім улады, высьвятляла Свабода.

На месцы піўзаводу абяцалі адкрыць культурна-забаўляльны цэнтар з гатэлем

Гарадзенскі піўзавод быў адным з найстарэйшых бровараў Беларусі. Сталую вытворчасьць піва тут пачалі ў 1877 годзе, калі чэх, аўстрыйскі падданы Восіп Кунц, купіў былы палац Сапегаў і арганізаваў тут бровар. Піва ў Горадні варылі і да Кунца. Але Кунц быў першым прафэсіяналам: ён скончыў школу півавараў у Плзені і наладзіў у Горадні пастаянную вытворчасьць.

Стары горад на макеце Ігара Ляпехі
Стары горад на макеце Ігара Ляпехі

Цягам 140 гадоў піўзавод пераходзіў да розных уласьнікаў. Яго перапрадавалі, нацыяналізавалі, перадавалі акцыянэрам, але ніколі завод не спыняў дзейнасьці. Нават за часам войнаў.

У 1990-я гады піваварэньне ў Горадні пачало занепадаць. У той час як «Лідзкае» і «Аліварыя» шукалі і знаходзілі інвэстараў, а на «Крыніцы» праводзілі мадэрнізацыю, гарадзенскі бровар выпускаў прадукцыю на старым абсталяваньні.

Да пачатку 2000-х завод завяз у пазыках перад крэдыторамі. У 2007 годзе кіраўніцтва вяло перамовы з «Балтыкай», згадвае бізнэс-партал Grodno.in. Расейская кампанія думала набыць гарадзенскі бровар і правесьці тут рэканструкцыю. Аднак кіраўніцтва не дамовілася, піўзавод збанкрутаваў, і ў ліпені 2007 цалкам прыпыніў вытворчасьць.

Пажар на піўным заводзе 20 траўня
Пажар на піўным заводзе 20 траўня

У 2012 годзе пасьля трох няўдалых аўкцыёнаў гарадзенскі піўзавод прадалі зарэгістраванай у Менскай вобласьці кампаніі «Эканомпрамэнэрга». За ўсю маёмасьць заводу інвэстар заплаціў 400 тысяч даляраў. Хоць пачатковая цана, па якой выстаўлялі завод на продаж, была 1,3 мільёна даляраў.

Як пісаў «Ежедневник», інвэстар плянаваў рэстаўраваць частку будынкаў піўзаводу, адкрыць тут музэй піва, гатэль, рэстаран і міні-бровар.

Аўкцыён не адменены. Піўзавод ацанілі ў 1,5 мільёна рублёў

Праз два гады піўзавод перадалі новай кампаніі — «ПрамІнвэстТэхналёгіі». Яе адкрылі папярэднія гаспадары, каб зарэгістравацца ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвэст».

На гэты раз у былым піўзаводзе абяцалі адкрыць гатэль з саўнамі і басэйнам, кавярні і рэстараны з уласным броварам, офісныя будынкі, канфэрэнц-залі і сувэнірныя крамы. Комплекс мусіў стаць культурна-забаўляльным цэнтрам «Гарадзен». Працавалі над праектам польскія архітэктары.

Піўны завод і палац Сапегаў у Горадні. Фота TUT.BY
Піўны завод і палац Сапегаў у Горадні. Фота TUT.BY

«На сёньня распачатая праца архітэктурным бюро польскага гораду Познань, — распавядала „Гарадзенскай праўдзе“ Вера Быстрымовіч, дырэктарка „ПрамІнвэстТэхналёгіі“. — Спэцыялісты гэтай праектнай арганізацыі маюць вялікі досьвед працы з падобнымі аб’ектамі. Зь імі падпісаная дамова».

На праект трэба было выдаткаваць каля мільёна эўра. Такіх грошай уласьнікі не знайшлі. У той жа час заканчваўся тэрмін, калі кампанія мусіла ўводзіць аб’ект. Тады піўзавод яшчэ раз перапрадалі — кампаніі «ЖаВаС-Інвэст». Як потым высьветлілася, усе кампаніі былі зарэгістраваныя на сваякоў і прадпрыемства проста пераходзіла з рук у рукі. Як пісаў «Беларускі партызан», адзінае, што зрабіў інвэстар на заводзе за ўвесь час, — вывез старое абсталяваньне і здаў яго на мэталялом.

Ніякага культурна-гандлёвага цэнтру на месцы палацу Сапегаў і бровару не зьявіліся. У лютым 2017 году па рашэньні эканамічнага суду піўзавод вярнулі ў камунальную ўласнасьць Гарадзенскага гарвыканкаму. На 26 траўня 2017 году быў прызначаны наступны аўкцыён продажу піўзаводу.

За пяць дзён да аўкцыёну — 21 траўня — у адным з будынкаў піўзаводу адбыўся пажар. Hrodna.life піша, што піўзавод маглі падпаліць. Партал спасылаецца на сьведак, якія бачылі невядомых у масках.

Гарадзенскі гарвыканкам
Гарадзенскі гарвыканкам

Аднак праз пажар на заводзе аўкцыён не адменены. Як паведамілі Свабодзе ў Гарадзенскім цэнтры нерухомасьці, аўкцыён пройдзе 26 траўня. Пачатковая цана піўзаводу таксама застаецца нязьменнай — 1,53 мільёна рублёў, што складае каля 850 тысяч даляраў.

На сайце гарадзенскага гарвыканкаму прыведзеныя ўсе падрабязнасьці аўкцыёну. На продаж выстаўленыя ўсе будынкі былога заводу зь зямельным надзелам ў 0,8 гектара. Прадаўцом пазначаны былы ўладальнік — «Экапрамэнэрга». Заяўкі на ўдзел у аўкцыёне прымаліся да 22 траўня — за дзень да пажару. Ці хто зарэгістраваўся на аўкцыён, у Гарадзенскім цэнтры нерухомасьці адмовіліся паведаміць.

«Прыходзьце ў пятніцу і пабачыце», — сказалі ў адміністрацыі.

Калі б пляцоўка каля ракі знаходзілася ў Менску, інвэстар даўно зьявіўся б

Знайсьці інвэстара для будынку такога кшталту ў Горадні сапраўды можа быць складана, лічыць бізнэс-аналітык, кіраўнічы партнэр кансалтынгавай кампаніі CIVITTA Даніэль Крутцына.

«Калі б пляцоўка каля ракі знаходзілася ў Менску, інвэстар даўно зьявіўся б, — сказаў Свабодзе Крутцына. — У Менску для праектаў такога кшталту ёсьць крытычная маса спажыўцоў. У абласных цэнтрах гэта ўсё нашмат складаней».

Даніэль Крутцына
Даніэль Крутцына

На думку бізнэс-аналітыка, гарадзенскі піўзавод найбольш верагодна акупіўся б, калі там спалучыць рэстаранны бізнэс і невялікую броварную вытворчасьць.

«Рэстаран з броварам у гістарычным будынку піўзаводу стаў бы разынкай гэтага месца, самым цікавым месцам гораду, — кажа Крутцына. — Але пытаньне ў тым, ці ёсьць крытычная маса попыту».

Ці не падрывае давер інвэстараў той факт, што ўлады нацыяналізавалі прададзены раней піўзавод? Даніэль Крутцына мяркуе, што гэта залежыць ад інвэстыцыйнай дамовы. Калі пакупнік яе не выконвае і ўлады бачаць, што заяўлены праект не рэалізоўваецца, яны могуць зьвярнуцца і да такіх крайніх захадаў.

«Усё залежыць ад рэгіянальных уладаў. Некаторыя жорстка падыходзяць да выкананьня абавязкаў і абкладаюць усімі магчымымі санкцыямі і штрафамі. У іншых выпадках інвэстары могуць дамовіцца з уладамі. Праз крызіс яны могуць пайсьці на саступкі».

Від на Горадню з вышыні птушынага палёту. Photo ©Shutterstock
Від на Горадню з вышыні птушынага палёту. Photo ©Shutterstock

На блізкім аўкцыёне гарадзенскі піўзавод ацанілі ў 1,5 мільёна рублёў. У комплекс піўзаводу ўваходзіць будынак XVII стагодзьдзя — гісторыка-культурная каштоўнасьць, якая абараняецца дзяржавай. Даніэль Крутцына лічыць, што ў выпадках, калі гаворка ідзе пра рэстаўрацыю і захаваньне гістарычнага аб’екта, прадажная цана не павінна быць завышанай.

У прыклад ён прыводзіць Нямеччыну. Пасьля развалу ГДР палацы і замкі часам аддавалі за адну нямецкую марку. Кошт сымбалічны. Але за ім стаялі вялізныя абавязкі па рэстаўрацыі, ад якіх сябе пазбаўляла дзяржава.

Гістарычны цэнтар Горадні
Гістарычны цэнтар Горадні

Даніэль Крутцына лічыць, што пры выбары інвэстару варта найперш зьвяртаць увагу на канцэпцыю, зь якой можа прыйсьці патэнцыйны інвэстар. А кошт у такіх праектах не такі важны.

«Інвэстар павінен напоўніць аб’ект жыцьцём, — кажа Крутцына. — У рэшце, няважна, у чыёй уласнасьці ён будзе. Калі там зьяўляецца структура, якае генэруе турыстычныя плыні і зарабляе грошы, ад гэтага ўсе выйграюць. І ўлады, і насельніцтва, занятае там на працы, і гісторыкі».

Можна аднавіць ня толькі палац, але і ўсю набярэжную вуліцу

У Горадні ўжо ёсьць удалыя прыклады адноўленых гістарычных будынкаў, якія прыстасавалі пад сучасныя патрэбы. У адным з палацаў, які ў канцы XVIII стагодзьдзя найхутчэй належаў Радзівілам, адкрылі кавярню, офісны цэнтар, фітнэс-клюб. Хоць доўгі час гэты будынак таксама стаяў закінутым.

Андрэй Вашкевіч
Андрэй Вашкевіч

Як і палац Сапегаў, палац Радзівілаў знаходзіцца на былым Падоле — вуліцы ўздоўж Нёмана. Гісторык Андрэй Вашкевіч расказаў Свабодзе, што на Падоле жылі небагатыя гарадзенцы. Але калі ў Горадні пачалі праводзіць сэймы Рэчы Паспалітай, тут вельмі падаражэла нерухомасьць. Магнаты імкнуліся займець маёнтак на Падоле. Яны скуплялі там кварталы і будавалі свае палацы.

«На абодвух берагах Нёмана такіх палацаў было шмат, — кажа Вашкевіч. — Сёньня засталіся толькі два. Адзін — палац Сапегаў-Агінскіх, які стаў піўзаводам. Другі — палац Радзівілаў у раёне Скідальскага рынку. Ён абсалютна годна адноўлены».

На думку Вашкевіча, можна было б аднаўляць ня толькі палац-піўзавод, але і гістарычную забудову ўсёй вуліцы.

«Ня ведаю, як бы паглядзелі на такую ідэю архітэктары. На Падоле была забудова другой паловы XIX стагодзьздя, калі інтэнсіўна будавалася мураваная Горадня. Архітэктурная каштоўнасьць яе не настолькі важная. Але яна каштоўная тым, што гэта яшчэ адзін раён гістарычнага цэнтру».

Панарама старога горада
Панарама старога горада

Пакуль, аднак, ня вызначаны лёс нават піўзаводу. 21 траўня тут здарыўся пажар. Праўда, на думку Вашкевіча, гэта ня мусіць нашкодзіць плянам па аднаўленьні гістарычнага будынку.

«Так, падзея вельмі сумная, — кажа гісторык. — Але я не гляджу на гэта вельмі пэсымістычна. Гледзячы па ўсім, ён не пацярпеў вельмі моцна. Можа, наадварот, гэта будзе стымулам для аднаўленьня».

Гістарычная даведка

У розных крыніцах піўзавод значыцца як будынак ці XVII, ці XIX стагодзьдзя. Паводле Андрэя Вашкевіча, дзьве траціны галоўнага будынку заводу — гэта палац Сапегаў, згадкі пра які зьяўляюцца не пазьней за 1680 год. Палац пазначаны на мапах пачатку XVIII стагодзьдзя, існуе ягоны малюнак таго часу. У XVIII стагодзьдзі ён быў ужо ва ўласнасьці Агінскіх. Потым тут зрабілі склады, а затым — бровар.

«Гэта будынак, які ўваходзіць у дзясятку самых старых будынкаў Горадні», — кажа Вашкевіч.

Калі півавар Восіп Кунц адкрываў тут новы бровар, да палацу ён дабудаваў піваварную залю. Таму палац-піўзавод і лічыцца адначасова будынкам і XVII, і XIX стагодзьдзяў.

XS
SM
MD
LG