Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель расьце да даляра і эўра, стаўку рэфінансаваньня зьніжаюць. Што адбываецца, тлумачыць Злотнікаў


Курсы даляра і эўра да беларускага рубля падаюць з пачатку 2017 году, дасягнулі самага нізкага ўзроўню са дня дэнамінацыі: даляр патаньнеў з «дэнамінацыйнага» 1 ліпеня 2016 году на 6%, эўра — на 10%. Але расейскі рубель за гэты час, наадварот, падаражэў да беларускага на 4,4%.

Тым часам стаўка рэфінансаваньня, празь якую Нацбанк уплывае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, стаўкі па дэпазытах і крэдытах, зьніжаецца другі раз за год: у студзені яе зьнізілі з 18% да 17%, у лютым — да 16%.

Што гэта значыць, і што далей будзе з курсам рубля, Свабодзе тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Тэндэнцыя ёсьць, але можа быць толькі часовай

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Трэнд ёсьць за гэты пэрыяд. Але трэба ўлічыць інфляцыю: за паўгода пасьля дэнамінацыі інфляцыя была 6-7%, рубель абясцэніўся за гэты час.

Тэндэнцыя, я думаю, часовая, бо быў вялікі продаж валюты насельніцтвам, але ён у асноўным зьвязаны з тым, што рэальныя даходы падалі, а людзі прывыклі добра жыць і падтрымлівалі ўзровень жыцьця продажам валюты, а гэтым уплывалі на курс».

Некаторыя патрабуюць адваротнага

«Што далей, цяжка сказаць, бо ідзе барацьба часткі намэнклятуры за тое, каб больш танных грошай было. Калі барацьба будзе пасьпяховай, курс даляра можа вырасьці.

Я бачу тэндэнцыю яшчэ ў тым, што Нацбанк плянаваў апусьціць стаўку рэфінансаваньня да 16% толькі да канца 2017 году. Але гэтае патрабаваньне танных грошай, ціск з боку дырэктарату, нарада након ліста Пракаповіча ўжо зьнізілі стаўку рэфінансаваньня двойчы за два месяцы. Нейкая ўступка ціску ёсьць, а калі гэта будзе працягвацца, курс рубля будзе зьніжацца».

Друкарскі станок не дапамагае, даказана

«Ня трэба саступаць „патрабаваньням Пракаповіча“. Фактычна, гэта патрабаваньне дырэктароў прадпрыемстваў, у многіх зь іх цяжкі стан, таму патрабуюць танных грошай.

Але відавочна з эканамічнай тэорыі, што так, часова заробкі могуць падвысіцца, калі даць танных грошай... месяцы на два. Але інфляцыя потым верне ўсё назад. І ня толькі тэорыя — беларуская практыка паказвае, што ў гэтым выпадку танных грошай даваць нельга.

Калі Пракаповіч прыйшоў у 1998 годзе старшынём Нацбанку, то першае, што ён зрабіў, гэтыя танныя грошы даў. У яго, можна сказаць, ідэя фікс, што трэба даць танныя грошы, і ўсё будзе добра. Была такая хваля, маўляў, у прадпрыемствах на складах поўна ўсяго, людзі ня могуць купіць, людзі купяць, прадпрыемствы пачнуць вырабляць далей, ажывіцца эканоміка... Ён гэтыя грошы даваў, грошы былі танныя адносна інфляцыі — і інфляцыя, умеркаваная ў параўнаньні з пачаткам 90-х, у выніку стала вельмі высокай. Індэкс спажывецкіх цэн у 1999-м вырас на 350%, а каэфіцыент манэтызацыі стаў яшчэ меншы, чым быў у 1996-м».

Апэруюць каэфіцыентам манэтызацыі

«Ня толькі Пракаповіч, але ёсьць і такія дактары навук, якія падтрымліваюць гэта. Яны апэруюць каэфіцыентам манэтызацыі. Гэта адносіна грашовай масы ў абарачэньні да валавога ўнутранага прадукту, так бы мовіць да таварнага забесьпячэньня гэтых грошай. Аказваецца, у нас тады ў канцы 1990-х быў вельмі нізкі каэфіцыент манэтызацыі, разоў мо ў 8 меншы, чым у Эўропе ці ЗША. Кажуць: глядзіце, у іх у абарачэньні шмат грошай, а ў нас мала, гэта тармозіць само грашовае абарачэньне. Давайце грошы, мы адстаём!

Тады каэфіцыент манэтызацыі шырокай грашовай масы быў адсоткаў 11, а потым, калі раскруцілася інфляцыя, ён, наадварот, нават крыху зьменшыўся. Грошы сталі яшчэ большым дэфіцытам у эканоміцы, чым былі да таго! Мне здаецца, Пракаповіч проста ня вучыцца на сваіх памылках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG