Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікай Брытаніі арыштаваны 14-ы падазраваны ў сувязі з тэрактам у Манчэстэры


Кветкі памяці загінулых у выніку тэракту. Манчэстэр, 24 траўня 2017 году

Тым часам у Лібіі ўзятыя пад варту бацька і брат Салмана Абэдзі, які ўчыніў выбух, у выніку якога загінулі 22 чалавекі.

Брытанскія ўлады арыштавалі 25-гадовага мужчыну ў сувязі зь нядаўнім выбухам у Манчэстэры, у выніку якога загінулі 22 чалавекі. У паліцыі таксама паведамілі, што ў ягоным доме ў нядзелю прайшлі ператрусы.

Гэта 12-ы чалавек, узяты пад варту ў Вялікай Брытаніі ў сувязі з выбухам, учыненым сьмяротнікам, выхадцам з Манчэстэра, 22-гадовым Салманам Абэдзі ў холе комплексу Manchester Arena 22 траўня, неўзабаве пасьля завяршэньня канцэрту поп-сьпявачкі Арыяны Грандэ.

Жанчына і хлопчык-падлетак, арыштаваныя брытанскай паліцыяй некалькі дзён таму, былі адпушчаныя без прад’яўленьня абвінавачваньняў.

Брат і бацька Абэдзі на днях таксама былі арыштаваныя ў Лібіі, дзе яны і знаходзяцца пад вартай. Паведамляецца, што брат Хашым ведаў пра тое, што Абэдзі плянуе тэракт.

У суботу брытанскія ўлады панізілі ўзровень тэрарыстычнай пагрозы да «сур’ёзнага», паведаміла прэм’ер-міністар Тэрэза Мэй.

Неўзабаве пасьля выбуху ў Манчэстэры яго паднялі да максымальнага, «крытычнага» ўзроўню, што азначала, што, на думку ўладаў, новы тэракт, магчыма, ужо нельга было прадухіліць. Паніжэньне ўзроўню да «сур’ёзнага» азначае, што верагоднасьць новага тэракту па-ранейшаму лічыцца даволі высокай, паведамляе «Голас Амэрыкі».

XS
SM
MD
LG