Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 тэмаў мінулага тыдня, якія вы маглі прапусьціць


У гэтай падборцы цікавыя публікацыі «Свабоды» на гэтым тыдні, якія вы маглі прапусьціць.

«У дачыненьні да беларусаў тэрмін калябарант мае выключна эмацыйнае значэньне». У гістарычных дыскусіях з нагоды 9 траўня бадай самыя гарачыя дыскусіі ідуць вакол калябарантаў. Гэтае слова прыраўноўваецца да здрады. Хто быў калябарантам у гісторыі Беларусі? Ці магла быць калябарацыя ў народу, які ня меў уласнай дзяржавы? Пра гэта дыскутуюць гісторыкі Антон Рудак і Аляксандар Гелагаеў.

18 рэчаў, якія Матолька забраў бы з Прагі ў Менск. І тры праскія заганы. Менскі фатограф і гарадзкі актывіст Антон Матолька падчас гадзіннага шпацыру па Празе зьбіраў ідэі для Менску.

Антон Матолька
Антон Матолька

Народжаны ў ГУЛАГу. 7 фактаў пра стваральніка курапацкага відэаархіву Ўладзімера Раманоўскага. 75-гадовы Ўладзімер Раманоўскі больш за дзесяць гадоў актыўна бярэ ўдзел у шматлікіх акцыях і талоках у Курапатах. Мы сабралі цікавыя факты пра чалавека, які нарадзіўся ў ГУЛАГу, і для якога Курапаты сталі ўвасабленьнем памяці рэпрэсаваных бацькоў.

Уладзімер Раманоўскі
Уладзімер Раманоўскі

Як беларуская моладзь у 1960–70-я гады заваёўвала тэрыторыю сваёй свабоды. У сярэдзіне 1960-х гадоў у Злучаных Штатах нарадзіўся, а затым і ахапіў бальшыню заходніх краін моладзевы рух, які атрымаў назву «гіпі». Філязофія і культура гіпі, якая паўплывала на сьветагляд наступных пакаленьняў аж да нашых дзён, пранікала і праз жалезную заслону Савецкага Саюзу. Пра тое, як гэта адбывалася ў Беларусі, перадусім у Менску, гутарка з маладым дасьледчыкам Раманам Абрамчуком.

«Мадам Жужу». Як беларус Эдвард Тарлецкі стаў drаg-зоркай ва Ўкраіне. На адной з пляцовак сьпеўнага конкурсу «Эўравізія-2017» у Кіеве адбылося травесьці-шоў, у якім узяў удзел беларус, вядомы ў Менску працай на радыё ды тэлебачаньні журналіст Эдвард Тарлецкі. Сваё мінулае цяпер ён называе рэпартэрствам і не шкадуе, што кардынальна зьмяніў сваё жыцьцё.

Радзіма з вышыні сядла, альбо вывучаем Беларусь на роварах. Якія вядомыя роварныя маршруты ідуць празь Беларусь? На колькі кілямэтраў цягнуцца валожынскія гасьцінцы? Куды вядзе стары паштовы тракт? Берагам ракі, пушчанскімі сьцяжынкамі, па брукаванцы да палацаў і сядзібаў — разам зь Янай Шыдлоўскай круцім пэдалі ў пошуках беларускіх цікавінак.

Беларусь усё яшчэ шукае Крыж Эўфрасіньні Полацкай, але цяпер без КДБ. Сьляды вядуць у Расею. У час круглага сталу, што зладзіла дзяржаўная газэта «Рэспубліка» на тэму абноўленага складу дзяржаўнай Камісіі ў выяўленьні і вяртаньні культурных каштоўнасьцяў, чыноўнікі заявілі, што пошукі адной з самых значных беларускіх рэліквіяў — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай — ідуць пастаянна «з большай ці меншай актыўнасьцю».

Саўка ды Грышка сьпяваюць пра «майскі сьнег». Незвычайнае для траўня надвор’е натхніла герояў Лявона Вольскага на лірычную песьню.

Саўка ды Грышка пра «майскі сьнег»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00

«Беларуская мова ў дзяцей — натуральная», — маці Арцёма і Ксеніі расказалі пра салістаў Naviband. 6 траўня бацькі Арцёма Лукʼяненкі і Ксеніі Жук прыехалі ў Кіеў, каб заўзець за дзяцей на «Эўравізіі». Пра музычнае дзяцінства, настаўнікаў беларускай мовы і выбар паміж журналістыкай і сцэнай яны распавялі Свабодзе.

Як у 1930-я ўсе былі кантрабандыстамі і як цяпер ажывае местачковая культура. Праект музыкі гуртоў N.R.M. і «Гарадзкія» Піта Паўлава, рок-эпапэя «Зброя. Золата. Кабеты» пра жыцьцё Беларусі на мяжы СССР і Польшчы ў 1920-х набліжаецца да завяршэньня. На сайце Ulej. by сабралі грошы, запісваюць музычны альбом і рыхтуюцца здымаць кінастужку. На 18 траўня заплянаваная прэзэнтацыя праекту ў менскім клюбе «Бруге». Піт Паўлаў расказаў Свабодзе пра альбом і жыцьцё беларусаў-кантрабандыстаў амаль сто гадоў таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG