Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вечнасьць ня мае пачатку, ня мае канца…»


Алена Ніякоўская. Фота: Радыё Рацыя
Алена Ніякоўская. Фота: Радыё Рацыя

Алена Ніякоўская, «Там, дзе буяла жыта»; Полацак, Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2016.

«Чаму ня пішаце вершаў? Пішыце ды высылайце. Трэба ж, урэшце. І потым: мы ж умову заключылі. Першыя ж беларускія вершы будзем друкаваць, а там і кніга, а там і ў саюз».

Як вы думаеце, каму гэта пісаў Уладзімер Караткевіч у студзені далёкага 1966 году?

А пісаў ён гэта маладой выкладчыцы Полацкага гандлёва-каапэратыўнага тэхнікуму Алене Ніякоўскай. У каталёгу Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва побач з пэрсаналіяй А. Ніякоўскай пазначана: «Пачынаючая паэтэса». Мабыць, тыя каталёжныя карткі рабіліся таксама даўно — яшчэ тады, калі ніхто ня ведаў, у чым жа найбольш плённа праявіць сябе гэтая асоба.

біяграфія Алены Ніякоўскай склалася зусім ня так, як меркаваў клясык

Творчая біяграфія Алены Ніякоўскай склалася зусім ня так, як меркаваў клясык. Уступіла яна не ў Саюз пісьменьнікаў, а ў альтэрнатыўнае яму Таварыства Вольных Літаратараў, і адбылося гэта ўжо ў 1990-х. Першая ж кніга А. Ніякоўскай «Там, дзе буяла жыта» выйшла толькі летась — роўна праз паўстагодзьдзя пасьля таго Караткевічавага ліста. Пачынаецца яна сапраўды зь вершаў — элегічных, настальгічных роздумаў пра імгненьне і вечнасьць, пра хуткаплыннасьць зямнога жыцьця, напрыклад, вось такіх:

Уздымаецца й падае неба,
Голкамі ў вочы — зоркі…
А сэрца ірвецца з рэбраў,
А вусны — сухія й горкія.

А дыхаць балюча й цяжка,
І недзе ж — канец трываньня…
Няўжо там толькі бязважкасьць?
Няўжо ня будзе вяртаньня?

(«На арэлях»)

Вершы дапаўняюцца перакладамі з польскіх паэтаў Баляслава Лесьмяна, Ежы Лібэрта, Ежы Фіцоўскага, а далей асобным разьдзелам зьмешчаны пераклады з мастацкай прозы: двух польскіх пісьменьнікаў Станіслава Пшыбышэўскага і Стэфана Грабіньскага ды швайцарскага — Готфрыда Кэлера. І можна зразумець, чаму перакладчыцу зацікавілі менавіта гэтыя аўтары і творы. «Confiteor» С. Пшыбышэўскага — праграмны эстэтычны маніфэст пісьменьніка, які займае годнае месца ў літаратурных хрэстаматыях, паводле вызначэньня А. Ніякоўскай — «клясыка авангарду». Навэлі С. Грабіньскага і Г. Кэлера таксама маюць прыкметны інтэлектуальны складнік, утрымліваюць у сабе водгульле літаратурна-філязофскіх дыскусій, спробы разабрацца ў прыродзе чалавека, яго складанага пачуцьцёвага сьвету.

Найбуйнейшай па аб’ёме часткай у кнізе стала «Культуралёгія і літаратуразнаўства: артыкулы, прадмовы, рэцэнзіі» — тое, па чым ведае Алену Ніякоўскую пакаленьне інтэлектуалаў 1990-х гг., удзельнікаў літаратурных канфэрэнцый, чытачоў літаратурна-філязофскага сшытку «ЗНО» ў газэце «Культура», часопісаў «Крыніца», «Калосьсе», «ARCHE»…

яна выкладала проста неверагодную колькасьць прадметаў

З 1974 г. працоўны шлях Алены Ніякоўскай быў зьвязаны з Полацкім дзяржаўным унівэрсытэтам, у якім яна выкладала проста неверагодную колькасьць прадметаў: нямецкую, ангельскую, польскую, беларускую мовы, этыку, эстэтыку, рэлігіязнаўства, філязофію, пэдагогіку, псыхалёгію, гісторыю культуры… Аднак як навукоўца яна сьцьвердзіла сябе пераважна ў дзьвюх галінах: літаратуразнаўстве і філязофіі. Вышэйшая філялягічная адукацыя і навуковая ступень кандыдата філязофскіх навук шмат у чым абумовілі той мэтад аналізу літаратурна-мастацкага твору, які абрала дасьледчыца.

Аўтарка кнігі «Там, дзе буяла жыта», разглядае літаратуру і мастацтва як адну з формаў існаваньня філязофскай думкі. Пішучы пра мастацтва, яна імкнецца вылучыць у ім філязофскі элемэнт, хоць і сама пагаджаецца, што гэта нялёгка. Таму нават не выглядае дзіўным, калі аўтарка праводзіць паралель паміж радкамі «Калісь глядзеў на сонца я, / Мне сонца асьляпіла вочы…» Максіма Багдановіча і напісаным нашмат пазьней «Сонца навучыла мяне, што гісторыя — гэта ня ўсё…» Альбэра Камю. Багдановіч, мабыць, болей чым хто іншы зь беларусаў таго часу быў адкрыты для сусьветнай культуры, як і для Сусьвету ўвогуле. Шмат што — зазначае А. Ніякоўская — яднала яго з расейскімі акмэістамі. Толькі «паэтычным краем», пачуцьцёвай прасторай для яго была ня Афрыка (як у М. Гумілёва), не антычны сьвет (як у М. Кузміна) і нават не «таямнічы сьвет закаханай душы» (як у Г. Ахматавай), а родная, але збольшага далёкая (калі прыгадаць біяграфію паэта) Беларусь зь яе не зьнявечанай «клясычным выхаваньнем» мовай, якая ў часы М. Багдановіча ўспрымалася таксама як «новы, сьвежы, нечаканы сродак выяўленьня». І менавіта праз нацыянальную «аўру» творчасьці М. Багдановіч выходзіць на прасьцяг трансцэндэнтна-касьмічнага. Параўноўвае А. Ніякоўская паэзію М. Багдановіча з творчасьцю сучасьнікаў-мадэрністаў — Баляслава Лесьмяна, Леапольда Стафа, Лесі Украінкі. З апошняй, напрыклад, беларускага паэта аб’ядноўвалі ўнівэрсалізм, «касьмічнасьць» мысьленьня, «уменьне і здольнасьць мысьліць найбольш агульнымі мастацка-філязофскімі вобразамі».

«Расійска-крыўскі слоўнік» Вацлава Ластоўскага цікавіць дасьледчыцу з гледзішча нацыянальнай ідэі як структурнага элемэнту сьветапогляду. «Слоўнік — гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі — нацыянальнай», — піша А. Ніякоўская. Менавіта таму кніга В. Ластоўскага і не адпавядае аніводнаму з традыцыйных тыпаў слоўніка, а зьвяртаецца ў ёй складальнік «да сьвядомасьці беларуса, што гаворыць і часам нават думае па-руску». Гэта дало падставу разглядаць слоўнік як мастацкі твор — і, мабыць, такі падыход да гэтай кнігі А. Ніякоўская прадэманстравала першай (адпаведны артыкул быў упершыню апублікаваны ў 1995 годзе).

што вядомы слоўнік мае ад мастацкага твору?

Што ж, паводле дасьледчыцы, вядомы слоўнік мае ад мастацкага твору? Найперш — аўтарскае бачаньне сьвету, а таксама дыялягічнасьць: аўтар вядзе з чытачом размову, імкнецца пераканаць яго, як бы заклікае выцягнуць з памяці забытыя пласты народнай лексыкі ці нават спосабы яе ўтварэньня. У слоўніку В. Ластоўскага А. Ніякоўская вылучае тэму, ідэю, сюжэт, кампазыцыю і… як бы дзіўна гэта ні гучала — дзейных асобаў. Апошнія — гэта нэалягізмы Ластоўскага, «створаныя яго фантазіяй, але згодна з законамі разьвіцьця мовы». А таму, давёўшы ўсю «мастацкасьць слоўніка», дасьледчыца робіць досыць катэгарычную выснову: «Прыстасоўваць такі шэдэўр літаратуры да вузкіх практычных патрэбаў (напрыклад, для перакладу) — гэта тое самае, што на шляхетным заводным кані вазіць ваду і дровы».

Сьвежыя і часам даволі нечаканыя высновы робіць А. Ніякоўская падчас супастаўляльнага аналізу яшчэ двух прэцэдэнтных для нашай літаратуры тэкстаў: паэмаў «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча і «Новая зямля» Якуба Коласа. Літаратуразнаўца прыходзіць да высновы, што творы маюць паміж сабою шмат агульнага. Найперш гэта адчуваньне «духу часу», сэнсу рэчаіснасьці. У абедзьвюх паэмах Літва-Беларусь адлюстравана ў пошуках сябе, а яе людзі — свайго ўласнага аблічча — на розных этапах гісторыі. Паэмы аб’ядноўвае супольная духоўнасьць, скразныя архэтыпічныя вобразы. І вынікае, што «Новая зямля» па-свойму працягвае мэнтальны строй «Пана Тадэвуша».

гэта сам Якуб Колас разам зь Міхалам ператвараецца ў мудрага Ваўка

«У крызысных гістарычных сытуацыях адбываецца несьвядомае ажыўленьне архэтыпічнага вобразу», — сьцьвярджае Алена Ніякоўская. Яе імкненьне прааналізаваць мастацкі тэкст праз прызму архэтыпаў і ўвогуле праяваў містычнага самаспазнаньня дазваляе ўбачыць у хрэстаматыйных тэкстах тое, чаго чытач без адпаведнага культуралягічнага багажу і ня ўгледзіць. Так, Міхал у «Новай зямлі» зьбіраецца забіць ня проста Ваўка, а «зьнішчыць зародак самога сябе як асобы ў той момант, калі Воўк змог бы яго вывесьці з Роду, не разарваўшы сувязі з Родам». Далей — болей: «Часам здаецца, што гэта сам Якуб Колас разам зь Міхалам ператвараецца ў мудрага Ваўка — старажытны сымбаль Роду, каб паказаць (і зразумець!) Лёс, Зямлю, Ваду, Агонь, Дарогу-Шлях, Жыцьцё і Сьмерць».

Лінія дасьледаваньня архэтыпаў, грунтаваная шмат у чым на традыцыйных народных уяўленьнях пра сьвет, працягваецца ў артыкулах «„Зь Лесу — да Лёсу“: Тэма асабовага станаўленьня чалавека-беларуса ў аповесьці Якуба Коласа „Дрыгва“», «Бяздомны герой: да галоўных ідэяў трылёгіі Якуба Коласа „На ростанях“», «Шукайма Айчыны!: Пачуцьцёва-вобразнае аднаўленьне гістарычнага мінулага ў творчасьці Уладзімера Караткевіча».

Аналізуе Алена Ніякоўская ня толькі клясыку і, дадамо, ня толькі літаратуру. У полі яе зроку — кнігі сучасных полацкіх аўтараў Вінцэся Мудрова і Алеся Аркуша, літаратурны Полацак 1960-х гг., а таксама «вясёленькая навука авангарду» і творчасьць мастачкі Тацяны Козік. Але якую б тэму ні закранала дасьледчыца — паўсюль адчуваецца імкненьне схапіць нітку сувязі з глыбіннымі асновамі мастацтва, творчага акту ўвогуле, знайсьці праекцыю ў шырэйшыя і глыбейшыя кантэксты. Гэта адбіваецца ўжо на самой стылістыцы артыкулаў — свае філязофскія разважаньні Алена Ніякоўская выкладвае ёміста і афарыстычна, як быццам бы адчуваючы асалоду ад самога працэсу мысьленьня і стараючыся перадаць гэтае адчуваньне чытачу: «Вечнасьць ня мае пачатку, ня мае канца, усе яе моманты — раўнаважныя. Гэта нават ня моманты, а працягласьць, трываньне імгненьня. Усё ў цяперашнім часе, у сфэры несьвядомага самаадчуваньня. Чалавек ня здольны прыдаць гэтаму сьвету больш дакладную форму. Але той, хто здолеў сюды ўвайсьці, адчувае бязьмежнасьць сябе і свайго жыцьця…»

кожную літаратурна-мастацкую зьяву Ніякоўская спрабуе ўпісаць у больш унівэрсальны кантэкст

Кожную асобную літаратурна-мастацкую зьяву А. Ніякоўская спрабуе ўпісаць у больш унівэрсальны агульнакультурны кантэкст. Так, напрыклад, у артыкуле «У пошуках нястрачанага часу: Пра раман Алеся Аркуша „Палімпсэст“» непасрэднаму разгляду кнігі папярэднічаюць развагі пра тыпы рамантызму ў літаратуразнаўстве (прэрамантызм, уласна рамантызм, нэарамантызм, мадэрнізм, урэшце — пострамантызм), пра прычыны звароту паэтаў да прозы, а празаікаў да паэзіі. І толькі потым, пасьля таго, як расстаўлены агульнаэстэтычныя акцэнты, А. Ніякоўская пераходзіць уласна да зьместу рамана: аналізуе прынцыпы разгортваньня аповеду, фармаваньне сьветапогляду галоўнага героя, яго ўзаемаадносіны з навакольным сьветам. Разглядаючы вершы А. Аркуша, што ўвайшлі ў кнігу «Песьні ля Замкавай гары», А. Ніякоўская адштурхоўваецца ад яго колішняга праграмнага эсэ «Саломінка пострамантызму», каб паставіць экзыстэнцыйна важныя для літаратуры пытаньні (кшталту «Як уратаваць паэта й паэзію ў сацыяльна-культурнай эклектыцы?») і пашукаць адказы на іх у разгляданай кнізе, адначасова вызначыўшы яе асноўныя ідэі й матывы.

Што ж яшчэ яднае самыя розныя творы ў асьвятленьні Алены Ніякоўскай? Першы адказ, які напрошваецца сам сабою — беларуская нацыянальная ідэя. Чытаючы кнігу, пераконваесься, што гэта — адно са стрыжнявых апірышчаў нашай літаратуры, можна сказаць, адзін з трох кітоў, на якіх яна трымаецца. А што ж уяўляюць зь сябе астатнія два? Думаю, пра гэта скажуць (калі не сказалі) іншыя дасьледчыкі.

«Там, дзе буяла жыта» — першая кніга Алены Ніякоўскай. Але гэта ня кніга-дэбют. Гэта кніга-вынік. Вынік больш як паўвекавога творчага шляху паэткі, перакладчыцы, літаратуразнаўцы, філёзафа, гісторыка культуры…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG