Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне паведаміла, што накіравала ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) зварот з просьбай вывучыць шэраг публічных заяў, зробленых Аляксандрам Лукашэнкам на Ўсебеларускім народным сходзе 18 сьнежня 2025 года.
У лісьце НАУ адзначыла, што Лукашэнка, камэнтуючы высылку 123 палітвязьняў зь Беларусі, фактычна заявіў, што:
- адхіліў просьбу ЗША дазволіць вызваленым застацца ў Беларусі, настаяўшы на тым, каб ЗША вывезьлі іх з тэрыторыі краіны і вырашалі іх далейшы лёс за яе межамі;
- пацьвердзіў, што вызваленым не павінна быць дадзеная «магчымасьць вяртаньня» ў Беларусь;
- пацьвердзіў, што тым, хто выяжджае з краіны, наўмысна адмаўляюць у выдачы пашпартоў, выстаўляючы іх «ворагамі».
«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне мяркуе, што гэтыя заявы служаць дадатковым доказам мэтанакіраванай палітыкі беларускіх уладаў па перасьледзе і дэпартацыі асоб, прызнаных „неляяльнымі“», — заявіла НАУ ў звароце.
Кіраўнік НАУ Павал Латушка адзначыў з гэтай нагоды, што выказваньні Лукашэнкі можна кваліфікаваць як доказы дзяржаўнай палітыкі дэпартацыі і прымусовага перамяшчэньня.
«Рэжым фактычна незаконна пазбаўляе людзей свабоды, незаконна дэпартуе іх за межы ўласнай краіны, забараняе вяртацца пад пагрозай новых крымінальных перасьледаў, незаконна пазбаўляе дакумэнты. Усе гэтыя заявы Лукашэнкі мы кваліфікуем не як рыторыку, а як дадатковыя доказы мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Палітыкі перасьледу. Палітыкі дэпартацыі. Палітыкі прымусовага перамяшчэньня цывільнага насельніцтва. А гэта — прамыя прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасьці ў разуменьні Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду», — заявіў Латушка.
Латушка падкрэсьліў, што НАУ працягне зьбіраць матэрыялы і накіроўваць іх у МУС.
Лукашэнка ў верасьні 2023 году сваім указам забараніў афармляць пашпарты ў беларускіх замежных установах.
Што сказаў Лукашэнка
«Яны нам не патрэбныя. Калі гэта вашыя людзі, забірайце, калі ласка, вывозьце іх там, што хочаце, тое і рабіце. Выехаў — гвалтам крычаць: а пашпартоў няма! Дык а што мы вам, пашпарты павінны выпісваць, сваім ворагам?» — сказаў Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе, якога цытуе Позірк.
Лукашэнка паведаміў, што ў вывезеных з краіны ня будзе магчымасьці вярнуцца, каб яны не стваралі праблем, у тым ліку яму:
«Сюды яны ня трапяць, няхай там ваююць. 2020 года больш ня будзе».
Лукашэнка прызнаў, што ён не прыняў прапанову амэрыканцаў даць магчымасьць памілаваным у рамках дамоўленасьцяў з Вашынгтонам застацца ў краіне. Акрамя таго, ён прыгразіў закрыць уезд тым, хто эміграваў, але пэрыядычна прыяжджае на радзіму:
«Мы ўсякія перамяшчэньні гэтых людзей сюды забаронім, і зубы будуць лячыць там — нават пры абмежаванай заработнай плаце. Усё там».
Зьвяртаючыся да апазыцыі, Лукашэнка сказаў:
«Нідзе вы больш не пераможаце. Мы будзем вас бамбіць у інфармацыйнай сфэры, пакуль Эйсмант жывы (Іван Эйсмант — старшыня Дзяржтэлерадыё кампаніі — РС)»
Таксама ён пракамэнтаваў вызваленьне палітвязьняў:
«Калі я кагосьці адпусьціў у Літву, Польшчу і на поўдзень, не пераймайцеся. Гэта мае паўнамоцтвы. Калі я ў нечым ня маю рацыі, дык неўзабаве выбары. „Адмарозка“, чыя жонка сядзіць зь дзецьмі ў Літве, я выпусьціў. Узьядналіся сям’ёй. Але вы ж бачыце, што адбываецца. Кажуць, што я падмануў. Але я зрабіў, аб чым мяне прасілі. Кажуць, што Бабарыка і Калесьнікава ствараюць цэнтар у Нямеччыне. Я зрабіў тое, аб чым мяне прасілі».