Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стукнуты корпус рэактара падвышае рызыку аварыі, — «Зялёныя»


Другі корпус рэактара прыбыў на БелАЭС. 23 лютага 2017 году
Другі корпус рэактара прыбыў на БелАЭС. 23 лютага 2017 году

Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» выступілі з заявай з нагоды ўсталяваньня на першы энэргаблёк БелАЭС корпусу рэактара, стукнутага аб слуп у час перавозкі. Яны настойваюць, што трэба спыніць будаўніцтва і правесьці незалежнае і публічнае расьсьледаваньне інцыдэнту з корпусам рэактара, а таксама іншых інцыдэнтаў і парушэньняў пры будаўніцтве.

Паводле заявы, выкарыстаньне корпусу падвышае рызыку аварыі на БелАЭС, у тым ліку радыяцыйнай. Па-ранейшаму сытуацыя непразрыстая і непадкантрольная грамадзкасьці Беларусі і суседзяў. Не была створаная камісія з удзелам незалежных экспэртаў для расьсьледаваньня здарэньня. Такая сытуацыя, гаворыцца ў заяве, «дэманструе працяглае безадказнае стаўленьне замоўніка і падрадчыкаў Беларускай АЭС да яе радыяцыйнай бясьпекі».

Акрамя таго, падкрэсьліваюць эколягі, будоўля вядзецца па экспэрымэнтальным расейскім праекце, таму яна «і без таго нясе недапушчальна высокія рызыкі для жыхароў Беларусі, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, і суседняй Літвы, непрымальная эканамічна і небясьпечная для энэргетычнай сыстэмы краіны». Такое заключэньне зрабіла раней Грамадзкая экалягічная экспэртыза будаўніцтва БелАЭС.

Паводле заяваў чыноўнікаў, корпус рэактара прайшоў перад усталёўваньнем «візуальны, вымяральны і іншыя» віды кантролю, ён адпавядае «ўсім рэглямэнтным патрабаваньням». Эколягі ж спасылаюцца на канадзкага спэцыяліста ў атамнай энэргетыцы Гордана Эдвардза, які сьцьвярджае, што гэтых мераў недастаткова, каб выявіць схаваныя дэфэкты мэталу, якія могуць у час эксплюатацыі прывесьці да разгермэтызацыі корпусу. Акрамя таго, гаворыцца ў заяве, удар можа прывесьці да парушэньня трываласьці апорнага бурта, на які мацуецца корпус рэактара.

Гэта другі корпус рэактара, які рыхтуецца для БелАЭС. Першы давялося замяніць, бо ён упаў зь неназванай вышыні. Мінэнэрга прызнала пашкоджаньне толькі праз два тыдні. Пашкоджаны корпус «Росатом» можа выкарыстаць на іншай АЭС.

Літва назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС

Тое, што на будоўлі БелАЭС здарылася ўжо 10 інцыдэнтаў і 3 сьмерці, пра якія паведамлялася не адразу і толькі пасьля ціску незалежных СМІ і суседніх краін, Літва называе сярод прычынаў спыніць будоўлю атамнай станцыі. У БелАЭС Літва бачыць пагрозу ўласнай бясьпецы, таму выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС.

Патрабаваць спыніць будоўлю БелАЭС будуць таксама на «Чарнобыльскім шляху», які мае прайсьці 26 красавіка.

Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энэргаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году, кошт будоўлі можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў. Кваліфікаваныя кадры ўцякаюць зь БелАЭС з прычыны нізкіх заробкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG