Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт будаўніцтва БелАЭС можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў


Кошт будаўніцтва Беларускай АЭС (БелАЭС) можа вырасьці на 50,6 млрд. рублёў у цэнах I кварталу 2016 году (прыкладна 780 мільёнаў даляраў).

Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс, адпаведны каштарысны разьлік на суму карэкціроўкі ўнесены на разгляд у «Главгосэкспертизу Расеі».

Пра гэта паведамляецца ў справаздачы Падліковай палаты РФ па выніках сумеснай з Камітэтам дзяржкантролю Беларусі праверкі выкананьня абавязаньняў паводле пагадненьня аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС паміж Беларусьсю і Расеяй, падпісанага 15 сакавіка 2011 года.

У справаздачы тлумачыцца, што для вызначэньня магчымага базавага кошту будаўніцтва БелАЭС у чэрвені 2011 году расейскім бокам была выканана бюджэтная ацэнка праекту, вырабленая на падставе вэрсіі зводнага каштарыснага разьліку будаўніцтва Балтыйскай АЭС. На падставе гэтых ацэнак бакі вялі перамовы пра парадак цэнаўтварэньня.

У працэсе выпуску працоўнай дакумэнтацыі, будаўніча-мантажных работ і закупак абсталяваньня выявілася неадпаведнасьць каштарыснага і фактычнага коштаў па асобных пазыцыях, а таксама некаторых расцэнак на будаўніча-мантажныя працы, што вядзе да стратнасьці будаўнічых арганізацый.

У выніку перамоваў у кастрычніку 2015 году бакі вырашылі распрацаваць праект карэкціроўкі зводнага каштарыснага разьліку па будаўніцтве БелАЭС. Паводле дамоўленасьці, карэкціроўка кошту будаўніцтва энэргаблёкаў NN1-2 БелАЭС выконваецца на падставе зводнага каштарыснага разьліку для аналягічнага абʼекту Ленінградзкай АЭС-2.

Беларуская АЭС будуецца паводле расейскага праекту. Міжурадавае пагадненьне пра будаўніцтва АЭС было падпісана ў 2011 годзе і прадугледжвае супрацоўніцтва ў праектаваньні, будаўніцтве і ўводзе ў эксплёатацыю «пад ключ» двух энэргаблёкаў АЭС. На будаўніцтва АЭС Беларусі быў таксама выдадзены расейскі дзяржаўны экспартны крэдыт памерам да $10 млрд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG