Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кваліфікаваныя кадры ўцякаюць зь БелАЭС празь нізкія заробкі


Беларуская АЭС

Беларуская АЭС

Як сьцьвярджаецца ў чарговым бюлетэні Падліковай палаты Расеі, адной з прычынаў затрымак будаўніцтва БелАЭС ёсьць недахоп кваліфікаваных кадраў.

На БелАЭС, паводле расейскіх зьвестак, нестае 800 работнікаў, таму ня можа быць арганізаваная 2-я зьмена і будаўніцтва адстае ад графіку. Падрадныя арганізацыі нясуць значныя страты, а наём дадатковага пэрсаналу толькі пагоршыць іхны фінансавы стан, сьцьвярджае Падліковая палата.

Цяжкі фінансавы стан будаўнічых арганізацыяў вымусіў іх скараціць заробкі работнікаў у сярэднім удвая, што выклікала адток кваліфікаваных кадраў. Гэта тычыцца ня толькі расейскіх арганізацыяў: як піша Падліковая палата, у «Белэнэргабудзе» за 2015 год асобныя філіі амаль цалкам зьмянілі працоўны пэрсанал.

Так адбылося, бо расцэнкі на будаўніцтва разьлічваліся на падставе вэрсіі зводнага каштарыснага разьліку будаўніцтва Балтыйскай АЭС. А тыя лічбы не адпавядаюць праекту і тэхналёгіям Беларускай АЭС, па некаторых пунктах расцэнкі былі заніжаныя ўдвая. Да таго ж па будаўнічых арганізацыях ударыла дэвальвацыя расейскага рубля — давялося браць крэдыты ў тым ліку на выплату заробкаў і прасіць авансы на набыцьцё матэрыялаў.

Кошт будаўніцтва БелАЭС можа вырасьці на 780 мільёнаў даляраў. БелАЭС будуецца паводле расейскага праекту. Міжурадавае пагадненьне пра будаўніцтва АЭС было падпісанае ў 2011 годзе і прадугледжвае супрацоўніцтва ў праектаваньні, будаўніцтве і ўводзе ў эксплюатацыю «пад ключ» двух энэргаблёкаў АЭС. На будаўніцтва АЭС Беларусі быў таксама выдадзены расейскі дзяржаўны экспартны крэдыт памерам да 10 млрд даляраў.

Першы энэргаблёк АЭС цяпер мяркуецца ўвесьці ў эксплюатацыю не ў 2017-м, а ў 2019 годзе. Ці будуць эўрапейскія краіны купляць электраэнэргію зь БелАЭС, пакуль невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG