Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ядзерная энэргетыка менш канкурэнтаздольная»: Віетнам сабраўся адмовіцца ад АЭС «Росатома»


Ілюстрацыйнае фота, Беларуская АЭС у Астраўцы

Ілюстрацыйнае фота, Беларуская АЭС у Астраўцы

Урад Віетнаму адмовіўся ад плянаў пабудовы атамнай электрастанцыі пры ўдзеле расейскай кампаніі «Росатом», перадае the Wall Street Journal. Урад зьбіраецца ўнесьці прапанову аб скасаваньні будаўніцтва ў парлямэнт, які, як чакаецца, ухваліць яе да канца месяца.

Рашэньне было прынятае празь зьніжэньне цэнаў на іншыя крыніцы энэргіі, у тым ліку на нафту і вугаль, а таксама праз запаволеньне эканамічнага росту, якое прывяло да зьніжэньня попыту на электрычнасьць. Першая ў Віетнаме АЭС была заплянаваная ў 2009 годзе, яе будоўлю меркавалася завяршыць у 2020-м. Але ў 2015 годзе пачатак адклалі прынамсі да 2019-га, азіраючыся ў тым ліку на аварыю на японскай «Фукусіме».

«Ядзерная энэргетыка цяпер меней канкурэнтназдольная за іншыя крыніцы энэргіі, тэрміновай неабходнасьці ў ёй няма», — перадае выданьне словы старшыні рады дырэктараў Vietnam Electricity Зыонг Куанг Тхань.

Тым часам у Беларусі «Росатом» працягвае будаваць Астравецкую АЭС. Пасьля здарэньня з падзеньнем корпуса рэактара пашкоджаны корпус замянілі, новы плянуюць мантаваць не раней за канец 2016 году. «Росатом» сьцьвярджае, што пашкоджаны корпус рэактара можа быць выкарыстаны на іншых праектах.

У Беларусі, дарэчы, таксама адбываецца запаволеньне эканамічнага росту. Ды цэны на газ ня зьнізіліся, а што будзе з пастаўкамі нафты — пакуль невядома.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG