Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увядзеньне ў эксплюатацыю першага энергаблёку Беларускай АЭС адкладзена да 2019 году


Першы энэргаблёк Беларускай АЭС будзе ўведзены ў эксплюатацыю ў 2019 годзе.

Пра гэта 16 лістапада ў Астраўцы паведаміў журналістам віцэ-прэмʼер Беларусі Уладзімер Сямашка.

Ён сказаў, што будаўніцтва АЭС вядзецца згодна з графікам. Чакаецца, што новы корпус рэактара расейцы паставяць да канца гэтага году. Увесну 2017-га ён будзе ўсталяваны.

«І, такім чынам, мы думаем, што блёк у 2019 годзе павінен быць уведзены, — паведаміў Сямашка. — Вядома, што празь неасьцярожнасьць выканаўцы ўпусьцілі корпус рэактара. І прынятае рашэньне незалежным рэгулятарам, што ў такім выглядзе корпус нельга прыняць. Для нас надзейнасьць і бясьпека вышэйшыя за ўсё. Калі нават мізэрныя сумневы ёсьць, то трэба мяняць. Таму было прынятае рашэньне пра замену, гэта наша рашэньне», — цытуе БелТА віцэ-прэмʼера.

Раней увод у эксплюатацыю першага блёка Беларускай АЭС плянаваўся ў 2018 годзе.

Беларуская АЭС будуецца каля Астраўца ў Гарадзенскай вобласьці, за 50 кілямэтраў ад Вільні.

У ліпені, падчас выпрабавальнай устаноўкі корпуса рэактара, 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох мэтраў. Афіцыйны Менск прыняў рашэньне замяніць корпус рэактара для энэргаблёку БелАЭC. Расейскі бок заявіў, што гатовы замяніць пашкоджаны корпус. Беларускі бок прызнаў факт падзеньня толькі пад міжнародным ціскам.

За час узьвядзеньня БелАЭС на будаўнічай пляцоўцы было 10 інцыдэнтаў, загінулі трое.

Літва выступае з крытыкай будоўлі БелАЭС, заяўляючы, што беларускі бок не гарантуе належнай бясьпекі.

Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд заявіла, што краіны Эўразьвязу не павінны прымаць на свой рынак электраэнэргію зь БелАЭС, калі ў яе цане ня будуць адлюстраваныя прыродаахоўныя рызыкі.

Новы сьпікер парлямэнту Літвы Віктарас Пранцкеціс выступіў супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG