Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы сьпікер парлямэнту Літвы выступіў супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы


Віктарас Пранцкеціс

Віктарас Пранцкеціс

Дэпутаты літоўскага парлямэнту 14 лістапада выбралі сьпікерам Віктараса Пранцкеціса.

58-гадовы доктар біямэдыцынскіх навук — намесьнік старшыні Літоўскага зьвязу сялян і «зялёных», прадстаўнікі якога нечакана перамаглі на выбарах у Сэйм.

За тры дні да гэтага спадар Пранцкеціс ў статусе дэпутата удзельнічаў на міжпартыйных кансультацыях беларускіх і літоўскіх партыяў.

«Гэтая сустрэча цягнулася дзьве гадзіны, і спадар Пранцкеціс не пакінуў залі нават на хвіліну» — распавёў Свабодзе ўдзельнік кансультацыяў у Вільні сустаршыня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

«Партыя, якая перамагла на выбарах, — гэта такі літоўскі наватвор. Той жа Пранцкеціс ніколі раней не выбіраўся парлямэнтаром. Таму і ён, і ягоныя калегі самі казалі нам, што яшчэ ня вельмі абазнаныя ў міжнародных справах.

Але яны ставяцца да Беларусі як да сваёй блізкай суседкі. Пранцкеціс казаў, што ў яго раней былі кантакты з Гарадзенскім унівэрсытэтам. І як навукоўцы яны займаліся супольнымі праектамі ў галіне экалёгіі, якія ахопліваюць басэйн Балтыйскага мора. Пакуль у новага сьпікера ёсьць толькі такі досьвед. Але мы заўважылі ў яго прагматычны настрой на супрацу з беларускімі ўладамі ў эканамічнай галіне, на тое, каб прыбытак ад такой дзейнасьці ішоў у бюджэты абедзьвюх краін.

Мы прапанавалі літоўскім дэпутатам, каб яны дапамаглі выкарыстаць у Беларусі іх досьвед у супрацьдзеяньні карупцыі, стварыць вялікую міжнародную кааліцыю ў справе правядзеньня выбараў ў Беларусі паводле стандартаў АБСЭ.

Асобная тэма — гэта будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы. Тут мы адразу заўважылі, што гэтая тэма для пераможцаў выбараў асабліва балючая. Яны лічаць, што і месца для АЭС выбрана няўдала, і будаўніцтва яе вядзецца без належнага кантролю. Таму новы парлямэнт хоча больш шчыльна і ўважліва гэтым займацца і пільна сачыць за атамнай станцыі. З боку літоўцаў прагучала жаданьне правесьці сустрэчу (у Вільні ці Менску) для дадатковага вывучэньня гэтай праблемы.

І яшчэ мы прапанавалі стварыць у новым сэйме дэпутацкую групу „За дэмакратычную Беларусь“, якая была ў папярэднім складзе. Не звычайную міжпарлямэнцкую групу па супрацы з дэпутатамі іншай краіны, а менавіта для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. На мой погляд, стварэньне такой групы будзе моцным сыгналам, што новы сэйм працягне палітыку на падтрымку незалежнай, скіраванай на Эўропу Беларусі».

Акрамя сьпікера, вядомыя і ягоныя чатыры намесьнікі. Іх выбары зацягнуліся і скончыліся толькі ў ноч з панядзелка на аўторак. Першым віцэ-сьпікерам стала дэпутатка ад Літоўскага зьвязу сялян і зялёных Рыма Башкене. Віцэ-сьпікеры — Арвідас Някрошус (таксама ад ЛССЗ), Гедзімінас Кіркілас (сацыял-дэмакраты) і Ірэна Дзягуцене (кансэрватары).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG