Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі пэнсіянэр адклаў самаспаленьне. Заяўляе, што ягоныя патрабаваньні пачалі выконваць


Уладзімер Пашчанка пасьля суду

Уладзімер Пашчанка пасьля суду

Магілёўскі пэнсіянэр Уладзімер Пашчанка вырашыў адтэрмінаваць ажыцьцяўленьне сваёй пагрозы спаліць сябе.

Справы перагледзяць

Пра гэта ён заявіў сёньня, пасьля таго, як прэзыдыюм Магілёўскага абласнога суду пастанавіў перагледзець крымінальныя справы супраць ягоных крыўдзіцеляў. Пашчанка настойвае, што два хлопцы, якія ўчынілі бойку каля ягонага двара, у вынікі якой яму зламалі нагу і нанесьлі пабоі, павінны быць пакараныя, як таго вымагае закон. Патрабуе пэнсіянэр і пакараньня тых, хто неналежным чынам праводзіў расьсьледаваньне справы.

Спаліць сябе 69-гадовы пэнсіянэр пагражаў пасьля 15 лістапада.

Інцыдэнт, які стаўся нагодай для цяжбы, здарыўся два гады таму. Сын пэнсіянэра прысароміў двух хлопцаў нападпітку, адзін зь якіх мачыўся на агароджу сядзібы. У адказ тыя ўчынілі бойку. Стары стаў між імі і сынам, а супраць яго, як ён сьцьвярджае, быў ужыты прыём з арсэналу баявых адзінаборстваў. У мэдыцынскім заключэньні зафіксаваны пералом левага падкаленьніка, а таксама пабоі.

Аляксандру Іконьнікаву, які, паводле матэрыялаў справы, зьбіў пэнсіянэра, пасьля некалькіх судоў розных інстанцыяў далі тры гады «хіміі» і абавязалі сплаціць старому 3000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Ён прызнаны вінаватым у злосным хуліганстве.

Сёньня прэзыдыюм абласнога суду падтрымаў заключэньне пракурора вобласьці пра аднаўленьне вядзеньня справы супраць Аляксандра Іконьнікава з прычыны выяўленых новых абставінаў. Справу перадалі пракурору вобласьці для правядзеньня новага папярэдняга расьсьледаваньня. Самога Аляксандра Іконьнікава на судовым пасяджэньні не было. Ён адбывае пакараньне.

Генадзь Сафонаў, яшчэ адзін, як настойвае Пашчанка, ягоны крыўдзіцель, пазьбег пакараньня праз амністыю. Хлопец мае дакумэнты, што ён пацярпелы ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтую акалічнасьць і скарыстаў Кастрычніцкі суд, каб амніставаць Сафонава і спыніць супраць яго крымінальны перасьлед.

Спрэчная амністыя

Уладзімер Пашчанка лічыць, што амністыя была выкарыстана судом наўмысна, каб ягоны крыўдзіцель пазьбег адказнасьці за «свае незаконныя дзеяньні». Пра гэта пэнсіянэр даводзіў прэзыдыюму абласнога суду. Пашчанка казаў, што прапановаў Сафонаву сустрэцца і абмеркаваць кампэнсацыю стратаў да суду, але марна. Цяпер жа пэнсіянэр хоча, каб «Сафонаў атрымаў, што заслугоўвае». За гэта ён і змагаецца ў судах.

У сваю чаргу Сафонаў настойваў, што ён пацярпелы ад Чарнобыля і амністыя скарыстаныя судом слушна. Сваёй віны ў судзе ён не прызнаў.

«Два апошнія гады майго жыцьця змарнаваныя, бо Пашчанка мне не дае спакою. Са мной, калі шчыра, хоча нават разьвесьціся жонка. У нас двое маленькіх дзяцей», — казаў на пасяджэньні Генадзь Сафонаў.

Ён настойваў, што Пашчанку падчас канфлікту «пальцам не кранаў».

«Я ў яго нават прабачэньня прасіў. Так, мы спраўлялі малую патрэбу на ваш плот, і калі з ім нешта зрабілася, я гатовы быў аплаціць шкоду. У мяне няма ніякіх заступнікаў, я юрыдычна неадукаваны і згодны з усімі сьледчымі, якія вялі гэтую справу, а таксама судзьдзямі, якія выносілі амністыю», — тлумачыў сваю пазыцыю Сафонаў.

Прэзыдыюм абласнога суду пастанову Кастрычніцкага суду аб спыненьні крымінальнай справы супраць Генадзя Сафонава скасаваў і адправіў на перагляд у той жа суд.

Абласны суд, дзе праходзіў разгляд справы зьбіваньня пэнсіянэра

Абласны суд, дзе праходзіў разгляд справы зьбіваньня пэнсіянэра

Рашэньнямі прэзыдыюму абласнога суду Ўладзімер Пашчанка застаўся задаволены. Тым ня менш ён заяўляе, што працягне змаганьне, каб пакаралі службоўцаў, якія «спрыялі беззаконьню» падчас разгляду справы аб ягоным зьбіваньні.

«Цяпер рашэньне прынятае слушнае, але мяне не паінфармавалі, што будзе гэтае пасяджэньне. Чаму? Сафонаву ж паведамілі, і ён прыехаў. Гэта ж парушэньне!» — абураўся пасьля суду Ўладзімер Пашчанка.

Самаспаленьне адкладваецца

«Свой намер спаліць сябе я пакуль адкладаю, бо выкананыя абодва мае патрабаваньні, — дадаў ён. — Крымінальныя справы будуць перагледжаныя. Мае правы, такім чынам, пачалі выконвацца».

Спробы журналіста прымірыць Пашчанку і Сафонава, які спрабаваў адцягнуць свайго прыяцеля, калі той зьбіваў старога, посьпеху ня мелі. Пэнсіянэр настойваў, што перад ім ніхто своечасова ня выбачыўся. І на судзе і пасьля яго Ўладзімер Пашчанка трымаўся свайго:

«У тых, хто ўчыніў бойку ёсьць заступнікі, якія не даюць судовай сыстэме судзіць іх паводле закону. Я хачу прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто парушаў закон, калі расьсьледавалі гэтую справу».

Уладзімер Пашчанка да пэнсіі служыў у цывільнай авіяцыі. Падчас гутаркі з журналістам прыгадаў, што ў 1982 годзе яго хацелі зрабіць вінаватым у крадзяжы паліва. Нават адседзеў у сьледчым ізалятары 2,5 месяца, але абараніў сваё сумленнае імя. Вярнуўся ў авіяцыю і быў камандзірам самалёта.

Уладзімер Пашчанка — аўтар, кампазытар і выканаўца сваіх песень. Піша іх на расейскай мове. Ён ляўрэат фэстываляў і конкурсаў. Мае сцэнічны псэўданім «Вова-лётчык».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG