Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравец — самая непрыдатная пляцоўка для АЭС, але Астравецкага шляху ня будзе


Неадкладна спыніць будоўлю Астравецкай АЭС патрабавалі ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй. Лідэры палітычных партыяў, грамадзкія актывісты, эколягі выказалі абурэньне тым, што, нягледзячы на сурʼёзныя аварыі і няшчасныя выпадкі, будоўля АЭС у Астраўцы працягваецца. Чарнобыльскі шлях сёлета пройдзе пад лёзунгам «Стоп АЭС у Беларусі». Першае паседжаньне аргкамітэту пройдзе 15 лютага.

«Зь пяці небясьпечных пляцовак выбралі самую непрыдатную — Астравецкую»

Прафэсар-фізык Георгі Лепін прадставіў цяпер ужо рарытэт — справаздачу Акадэміі навук 1993 году, у якой утрымліваецца навуковы аналіз 30 пляцовак для будоўлі АЭС. Пяць пляцовак з трыццаці прызнаныя непрыдатнымі:

Георгі Лепін
Георгі Лепін

«З гэтых пяці чатыры — пляцоўкі, на якіх ёсьць ня толькі зрухі зямной кары, а і вузел, то бок перасячэньне некалькіх зрухаў зямной кары. Больш за тое, на адной з гэтых чатырох пляцовак — Астравецкай — у мінулым быў землятрус. Такім чынам, самая небясьпечная, самая непрыдатная пляцоўка была абраная пад будаўніцтва АЭС — менавіта Астравецкая. І гэтая справаздача навукоўцаў з Інстытуту праблем энэргетыкі Акадэміі навук сьведчыць пра небясьпеку. Але цяпер навукоўцы разводзяць рукамі. Акадэмікі дрыжаць, як асінавыя лісты. Адзін з такіх дзеячоў мне сказаў: «Вы не патрыёт Беларусі». Я напісаў нават артыкул: «Краіна запалоханых патрыётаў».

Цяпер адна задача: нельга будаваць, і кропка

Літва спыніла працу Ігналінскай АЭС. У гэтым жа рэгіёне Расея спыніла будоўлю Калінінградзкай АЭС. А Беларусь працягвае будаваць — адпаведна з палітычным рашэньнем.

Прафэсар Лепін прывёў прыклад, як у Крыме ў 1980-х гадах будавалі АЭС, але будоўлю спынілі — там таксама была сэйсьмічная зона, пад будоўляй аказаўся «сьпячы вулькан». На думку навукоўца, дыскусія вакол аварыяў і няшчасных выпадкаў на АЭС — гэта другасная праблема.

«Дыскусія вакол бясьпекі — потым. Цяпер адна задача: нельга будаваць, і кропка. Спыніць — іншага варыянту няма».

«Праблему АЭС проста «забалбаталі»

Мікалай Уласевіч, жыхар Варнянаў Астравецкага раёну, сказаў, што яшчэ ў 2008 годзе мясцовыя актывісты распачалі грамадзкую кампанію «Астравецкая АЭС — гэта злачынства». На іх пачалі ціснуць. Асаблівай падтрымкі мясцовыя не атрымалі, хоць тады была надзея, што да пратэсту падключыцца больш людзей, у тым ліку аўтарытэтныя асобы:

«Мы павінны абʼяднацца і пазбавіцца гэтай бяды, спыніць будаўніцтва. Бо Астравецкая АЭС — гэта знак бяды. Другога Чарнобыля Беларусь не перажыве», — кажа Мікалай Уласевіч.

Другі грамадзкі актывіст з Астраўца Іван Крук кажа, што спачатку быў рух, зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва, змагаліся, а цяпер праблему АЭС проста «забалбаталі».

Іван Крук
Іван Крук

Вядоўца круглага стала, сустаршыня БХД Павал Севярынец прапанаваў абмеркаваць шляхі — як дзейнічаць далей.

«Ёсьць меркаваньне, што пашкоджаны патрубкі, якія могуць трэснуць»

Эколяг, актывістка Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяна Новікава па скайп-сувязі са Злучаных Штатаў Амэрыкі зьвярнула ўвагу менавіта на два апошнія сурʼёзныя інцыдэнты, якія здарыліся з корпусам рэактара:

«Сытуацыя экстраная. Пасьля першага пашкоджаньня корпусу яго замянілі. Цяпер новы корпус рэактара пры транспартаваньні сутыкнуўся са слупам на чыгунцы. Я атрымала тры экспэртныя ацэнкі: інжынэра з украінскай АЭС, адмыслоўцаў з Канады і ЗША. Ёсьць меркаваньне, што пашкоджаныя патрубкі, якія могуць трэснуць. Пашкоджаны таксама і кажух, на ім драпіны. Цяпер таксама неабходна дамагчыся экспэртызы, камісія павінна расьсьледаваць інцыдэнт. А да вынікаў расьсьледаваньня трэба патрабаваць прыпыненьня будоўлі. Падставаў для гэтага дастаткова», — лічыць Тацяна Новікава.

«АЭС яшчэ больш прывяжа Беларусь да Крамля»

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч зьвярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на палітычны бок праблемы:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Будаўніцтва АЭС не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта ня дасьць Беларусі энэргетычнай незалежнасьці, а яшчэ больш прывяжа да Крамля. Да таго ж Росатом — ня самая перадавая ў сьвеце кампанія, яна выпрабоўвае на Беларусі свае дасьледаваньні».

На думку спадара Янукевіча, неабходна ўзмацняць інфармацыйную кампанію з фактамі, аргумэнтамі, прыцягваць грамадзкую ўвагу да праблемы праз СМІ. Беларускае грамадзтва павінна абудзіцца, таму важна рыхтаваць Чарнобыльскі шлях, звароты да органаў улады, міжнародных арганізацыяў.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештарт галоўнай задачай лічыць даносіць да людзей, што АЭС проста на гэтай зямлі будаваць нельга:

«Мы не данесьлі да людзей гэтую галоўную рэч. Былі заключэньні, што Астравец — самая небясьпечная пляцоўка, але не данесьлі гэта людзям».

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч сказаў, што прадпрымальнікі лічаць пытаньне спыненьня будаўніцтва АЭС самым балючым, хоць і разумеюць, што гэта будзе вельмі цяжка:

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

«Гэта стратэгія Крамля, а не Лукашэнкі. І спыніць будоўлю АЭС будзе вельмі цяжка. Гэта важней нават за закон аб дармаедах. Але ўся праблема ў гэтай уладзе. Трэба засяродзіцца на замене гэтай улады».

«Трэба, каб у Эўропе пачулі ня толькі голас Літвы, але і голас Беларусі»

Намесьнік Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук сказаў, што ў сьвеце пабудавана, але не запушчана 24 АЭС. Ён прапанаваў у кампаніі за спыненьне будоўлі АЭС у Астраўцы ўзьдзейнічаць праз эўрадэпутатаў — у кожнай беларускай палітычнай партыі ёсьць свае партнэры ў Эўропе. А таксама задзейнічаць і адмыслова створаную з ініцыятывы Літвы камісію зь сямі эўрадэпутатаў, якіх запрасілі ў Астравец. Трэба дамагчыся, каб эўрадэпутаты трапілі на саму будоўлю АЭС.

Спадар Кучук нядаўна сустракаўся з дэпутаткай Ганнай Канапацкай і прапанаваў ёй ініцыяваць слуханьні па праблемах АЭС у парлямэнце.

Што да пратэстаў, то, на думку Дзьмітрыя Кучука, надышоў час рыхтаваць Чарнобыльскі шлях.

За ходам дыскусіі ўважліва сачыла і дарадца амбасады Літвы ў Беларусі Ірэна Ведрыцкайце:

«Вельмі добра, што вы дыскутуеце, шукаеце розныя шляхі. Тое, што пытаньне Астравецкай АЭС цяпер уздымаецца ў Эўракамісіі, МАГАТЭ — заслуга Літвы. Трэба і беларусам таксама зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі, пісаць звароты — каб там пачулі ня толькі голас Літвы, але і голас Беларусі».

Дзьмітры Кучук і Ірэна Ведрыцкайце
Дзьмітры Кучук і Ірэна Ведрыцкайце

Вострая дыскусія разгарэлася вакол зьмены назвы «Чарнобыльскага шляху» на «Астравецкі шлях». Але прапанова не прайшла.

Паседжаньне аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху — 2017», які пройдзе пад лёзунгам «Стоп АЭС у Беларусі!», вырашана правесьці 15 лютага а 12-й гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ.

Па выніках круглага стала прыняты зварот «Спыніць будоўлю АЭС у Беларусі». Актывісты заклікалі міжнародную супольнасьць, экспэртаў, кіраўнікоў дэмакратычных сіл падрыхтаваць і правесьці ў Менску прадстаўнічую канфэрэнцыю, прысьвечаную абмеркаваньню і распрацоўцы шляхоў спыненьня будоўлі Беларускай АЭС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG