Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пададзеная заяўка на «Чарнобыльскі шлях-2017»: прапанаваны новы маршрут ад Опэрнага тэатру


Чарнобыльскі шлях — 2016

Аргкамітэт правядзеньня «Чарнобыльскага шляху» — акцыі на чарговую гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС — падаў заяўку ў Менгарвыканкам.

Заяўнікі прапануюць збор 26 красавіка а 18.30 каля Тэатру опэры і балету, ад 19.00 шэсьце вуліцаю Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы, што на скрыжаваньні Арлоўскай і Карастаянавай. Каля Чарнобыльскай капліцы а 20-й гадзіне плянуецца ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічоў.

Пад заяўкай стаяць подпісы прадстаўнікоў партыі БНФ, аргкамітэту партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і партыі «Зялёныя». На акцыі маюць гучаць лёзунгі супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС і лёзунг «„Не“ — Чарнобылю экалягічнаму і палітычнаму».

«Мы спадзяёмся, што такі фармат акцыі будзе дазволены, — кажа Свабодзе адзін зь сяброў аргкамітэту, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. — Па-першае, маршрут новы, ня той, якім за шмат гадоў людзі стаміліся хадзіць. Па-другое, ён не канфрантацыйны. Зразумела, пасьля падзеяў 25 сакавіка разьлічваць на тое, што шэсьце ў цэнтар будзе дазволенае, не выпадае, а праводзіць недазволеную акцыю ў гэтых умовах немэтазгодна. На такое шэсьце, я спадзяюся, ва ўладаў хопіць розуму і мужнасьці даць дазвол, каб адзначыць гэтую жалобную дату без эксцэсаў і рэпрэсіяў».

Чарнобыльскі шлях Беларусі: як адзначалі гадавіну трагедыі

Але дазволенасьць акцыі не абараняе ад затрыманьняў: менскі «Марш недармаедаў» 15 сакавіка быў санкцыянаваны ўладамі і прайшоў дазволеным маршрутам, але і перад ім, і пасьля яго былі жорсткія затрыманьні, шмат людзей было аштрафавана і пасаджана на суткі. Ці гатовыя арганізатары да затрыманьняў нават на санкцыянаваным «Чарнобыльскім шляху»?

«Безумоўна, улады страцілі галаву і забылі пра ўсялякую законнасьць, раз на дазволенай акцыі былі затрыманьні, — кажа Садоўскі. — Але трэба зазначыць, што асноўная частка затрыманьняў тычылася анархістаў, якія закрывалі свае твары. Зразумела, мы гэта ацэньваем як незаконныя дзеяньні, а ўжываньне сілы — неправамерным. Ды на акцыю 26 красавіка мы заклікаем прыходзіць, не закрываючы твараў. Нам няма чаго і ад каго хаваць.

Я спадзяюся, у гэтым выпадку затрыманьняў ня будзе. Мы як арганізатары зробім усё, што ад нас залежыць, каб не было нават мінімальных фармальных падстаў для затрыманьняў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG