Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохбаковая кантактная група дамовілася пра поўнае спыненьне агню і адвод узбраеньняў на Данбасе да 5 лютага


1 лютага ў Менску адбылося паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Першапачаткова яно было прызначанае на 15:00 па лякальным часе, але стартавала амаль на дзьве гадзіны раней, чым было заплянавана. Папярэдне мелася адбыцца відэаканфэрэнцыя кантактнай групы, аднак яна сарвалася, бо расейскі бок і сэпаратысты ня выйшлі на сувязь.

Галоўнай тэмай для прадстаўнікоў Украіны, Расеі і так званых «ДНР» і «ЛНР» сёньня стала ўзнаўленьне баявых дзеяньняў пад Аўдзееўкай, што ў раёне Данецку.

Па выніках перамоваў удзельнікі заклікалі строга выконваць поўны рэжым спыненьня агню і адвесьці да 5 лютага ўсе ўзбраеньні, якія падпадаюць пад дзеяньне Менскіх дамоўленасьцяў.

Акрамя таго, прагучаў заклік спрыяць гуманітарным высілкам па аднаўленьні вода- і энэргазабесьпячэньня, а таксама ацяпленьня ў раёнах, пашкоджаных падчас сёлетніх баёў пад Аўдзееўкай, шляхам рамонту аб’ектаў інфраструктуры.

Пра гэта журналістам на брыфінгу паведаміў спэцыяльны прадстаўнік дзейнага кіраўніка АБСЭ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік.

Марцін Сайдзік, архіўнае фота
Марцін Сайдзік, архіўнае фота

Паводле словаў Сайдзіка, будучыя санкцыі для магчымых парушальнікаў «рэжыму цішыні» ў канфлікце на паседжаньні не абмяркоўваліся. Аднак удзельнікі паставілі пытаньне пра ініцыятара ўзнаўленьня баёў пад Аўдзееўкай.

«У гуманітарнай сфэры важны станоўчы элемэнт перамоваў — абмен палоннымі з абодвух бакоў. На дадзены момант сьпісы вэрыфікуюцца бакамі. Ёсьць зьвесткі пра палонных, якія хацелі б пасьля вызваленьня застацца на тэрыторыі, падкантрольнай ураду Ўкраіны. Гэта значыць, што важна знайсьці мэханізм, які б змог фармальна забясьпечыць замірэньне з дапамогай трэцяй інстытуцыі. Такая інстытуцыя павінна паспрыяць, у тым ліку, вяртаньню асабістых дакумэнтаў гэтых асобаў», — падкрэсьліў Сайдзік. Назваць дакладную колькасьць палонных ён адмовіўся.

Наступнае паседжаньне трохбаковай кантактнай групы адбудзецца 15 лютага.

29 студзеня ў раёне Аўдзееўскай прамзоны, што пад Данецкам, аднавіліся баі. Цягам апошніх дзён былі зафіксаваныя шматлікія абстрэлы жылых раёнаў гораду зь цяжкой артылерыі. Чалавечыя страты з абодвух бакоў дасягаюць дзясяткаў байцоў.

Рада бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне цяжкога ўзбраеньня на Данбасе. У АБСЭ адказнасьць за выкананьне папярэдніх менскіх дамоўленасьцяў усклалі на Расею.

Насельніцтва засталося без вады, газу і асьвятленьня, аб’екты інфраструктуры часткова разбураныя. Раніцай 31 студзеня старшыня абласной адміністрацыі Павал Жэбрыўскі паведаміў, што ўлады гатовыя эвакуаваць у бліжэйшыя гарады да 8 тысячаў мясцовых жыхароў.

XS
SM
MD
LG