Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль абвінаваціў «самасьційныя атрады» Украіны ў абвастрэньні канфлікту ў Аўдзееўцы, жыхары рыхтуюцца да эвакуацыі


Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў абвінаваціў украінскі бок у абвастрэньні канфлікту ў Данбасе і сытуацыі ў Аўдзееўцы, дзе трэці дзень ня спыняюцца абстрэлы з абодвух бакоў. Паводле дадзеных украінскіх вайскоўцаў, сэпаратысты ў аўторак зноў пайшлі ў наступ на горад, бой працягваецца ўжо некалькі гадзін.

«Масква валодае дакладнымі дадзенымі, згодна зь якімі, „самасьційныя атрады“, якія ня маюць дачыненьня да ўзброеных сіл Украіны, але пры іх падтрымцы, паспрабавалі напасьці на тэрыторыю, якая кантралюецца самаабвешчанай „ДНР“ і „ЛНР“. Апалчэнцам Данбасу давялося даваць адпор у раёне Аўдзееўкі, прыйшлося адбіваць занятую тэрыторыю», — распавёў вэрсію прычыны абвастрэньня канфлікту Пяскоў.

«Безумоўна, падобныя агрэсіўныя дзеяньні пры падтрымцы Ўзброеных сіл Украіны падрываюць мэты і задачы рэалізацыі Менскіх дамоўленасьцяў. Яны выразна сьведчаць пра нежаданьне і негатовасьць украінскага кіраўніцтва і прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі выконваць гэтыя Менскія дамоўленасьці», — сказаў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі.

Паводле вэрсіі ўкраінскіх вайскоўцаў, у выхадныя штурм Аўдзееўкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі, кантраляванай Украінай, пачалі менавіта сэпаратысты.

Сэпаратысты, згодна вэрсіі ўкраінскага боку, «пачалі масіраваныя абстрэлы ў раёне Аўдзееўкі ў 4:30 раніцы нядзелі зь мінамётаў 120 і 82 калібраў, ствольнай артылерыі і стралковай зброі, пасьля чаго зрабілі спробу штурму», — паведаміла прэс-служба 72-й Гвардзейскай асобнай мэханізаванай брыгады,

«Перасьледуючы ворага, нашы байцы захапілі яго пазыцыі, замацаваўшыся там і палепшыўшы сваё тактычнае становішча», — распавялі ўкраінскія вайскоўцы. Пасьля гэтага сэпаратысты некалькі разоў спрабавалі адбіць страчаную тэрыторыю.

Нямецкі журналіст Юльян Рэпкэ апублікаваў у Твітэры відэазапіс ракетнага ўдару, нанесенага, паводле яго, прарасейскімі сіламі з Данецку па Аўдзееўцы

Апошнія трое сутак Аўдзееўка, у якой жывуць 25 тысяч чалавек, падвяргаецца масіраваным абстрэлам з боку сэпаратыстаў. Прэс-служба 72-й Гвардзейскай асобнай мэханізаванай брыгады паведаміла, што горад абстрэльваюць з «Градаў».

«Каля 05:40 сэпаратысты выпусьцілі па Аўдзееўцы чатыры пакеты „Градаў“, гэта значыць 160 ракетных снарадаў. Чатыры ўстаноўкі „Град“ білі з чатырох розных кропак з жылых кварталаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

У панядзелак горад з-за патрапленьня снарадаў у лінію электраперадачы застаўся без вады, электрычнасьці і цеплазабесьпячэньня ў 20-градусны мароз. Абясточаны і спыніў працу Аўдзееўскі коксахімічны завод (АКХЗ), горадаўтваральнае прадпрыемства гораду.

Авдеевский коксохимический завод - тикающая экологическая бомба
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Наўпроставы лінк

Кіраўнік Данецкай абласной ваенна-цывільнай адміністрацыі Павал Жэбрыўскі абвясьціў, што на працягу аўторка з Аўдзееўкі будуць эвакуяваныя да 8 тысяч жыхароў.

«Скаардынаваць дзеяньні кіраўнікоў гарадоў і раёнаў вобласьці на выпадак магчымай эвакуацыі жыхароў Аўдзееўкі. На працягу дня можам эвакуяваць да 8 тысяч чалавек. Гарады вобласьці гатовыя прыняць да 9 тысяч чалавек. Дзіцячыя ўстановы вобласьці гатовыя ў любы момант прыняць больш за тысячу дзяцей», — паведаміў чыноўнік.

З-за абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе, і канкрэтна ў раёне Аўдзееўкі, прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка перапыніў візыт у Нямеччыну, дзе павінны былі прайсьці перамовы па ўрэгуляваньні ў рэгіёне, і вярнуўся ва Ўкраіну.

Украінскія вайскоўцы далі жыхарам Аўдзееўкі дадатковыя палявыя кухні, а абласныя ўлады арганізавалі пункты выдачы гарачай ежы і вады. Нягледзячы на гэта, сытуацыю ў горадзе мясцовыя СМІ і прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны называюць «гуманітарнай катастрофай».

Эўрапейскі зьвяз выступіў з рэзкай заявай, запатрабаваўшы неадкладна спыніць баявыя дзеяньні:

«Інтэнсіўныя баі каля Аўдзееўкі, якія ўключалі цяжкія абстрэлы з забароненых відаў узбраеньня і прывялі да значных ахвяраў, зьяўляюцца грубым парушэньнем перамірʼя, прадугледжанага Менскімі пагадненьнямі. Гэта падвяргае мірных жыхароў сурʼёзнай рызыцы.

Апошнія падзеі ўжо сурʼёзна парушылі базавыя сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня.

Мы заклікаем да неадкладнага спыненьня баёў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG