Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка зьвярнуўся ў Раду бясьпекі ААН праз абвастрэньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў тэрміновае пасяджэньне зь сілавікамі з нагоды абвастрэньня сытуацыі на Данбасе ў раёне Аўдзееўкі, дзе абвешчанае надзвычайнае становішча пасьля інтэнсіўных абстрэлаў і баёў, і даручыў неадкладна вынесьці гэтае пытаньне на разгляд Рады бясьпекі ААН. Аб гэтым паведамляецца на старонцы ўкраінскага прэзыдэнта ў Facebook.

Даручэньне дадзена намесьніку кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Канстанціну Елісееву. «Сёньня мы чакаем адпаведных заяваў з боку замежных партнэраў», — дадаў Парашэнка.

Ён падкрэсьліў, што зьвярнуўся ў Арганізацыю бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ), Сумесны цэнтар кантролю і каардынацыі рэжыму спыненьня агню (СЦКК) і паведаміў партнэрам у ЗША, ЭЗ і NATO.

«Хачу супакоіць грамадзян: нашы вайскоўцы 72-й брыгады і іншых падразьдзяленьняў бліскуча абараняюць пазыцыі. Ніводнага загаду не адказваць на зьнішчальны агонь ім не аддавалася. Украінскія вайскоўцы маюць усе магчымасьці абараняць сябе», — напісаў Парашэнка.

Актыўныя баявыя дзеяньні ў раёне гораду Аўдзееўкі, які знаходзіцца прыкладна за шэсьць кілямэтраў ад Данецку, пачаліся раніцай 29 студзеня з ужываньнем цяжкага ўзбраеньня, забароненага менскімі дамоўленасьцямі. Украінскі бок і прарасейскія сэпаратысты абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні менскіх пагадненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG