Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі пад Аўдзееўкай: лякальная эскаляцыя ці пачатак вялікай вайны


Хто адказны за пагаршэньне сытуацыі на Данбасе і якімі могуць быць наступствы баёў паблізу Аўдзееўкі? Сытуацыю для Свабоды камэнтуюць экспэрты з Кіева і Масквы.

Раніцай 29 студзеня пачаліся жорсткія сутыкненьні непадалёк ад Аўдзееўкі. У ініцыяваньні гэтых баёў бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго. Горад апынуўся пад абстрэлам.

Рада бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня на Данбасе, а ў АБСЭ адказнасьць за выкананьне менскіх дамоўленасьцяў усклалі на Расею. Часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Кейт Бэрнс казала пра наступ пад Аўдзееўкай «абʼяднаных расейска-сэпаратысцкіх войскаў» і пра 17 тысяч чалавек, якіх закранула гуманітарная катастрофа. Жыхары Аўдзееўкі засталіся без вады і цяпла, чакаюць эвакуацыі.

1 лютага ў Менску мае адбыцца паседжаньне трохбаковай кантактнай групы дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Чакаецца, што перамовы Ўкраіны, Расеі і прадстаўнікоў так званых «ДНР» і «ЛНР» будуць скіраваныя на спыненьне баёў пад украінскай Аўдзееўкай.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Свабодзе адзначыў, што баі пад Аўдзееўкай усё ж маюць лякальны характар і ў дадзеным выглядзе ня могуць пахаваць менскія дамоўленасьці.

«Менскія дамоўленасьці могуць быць пахаваныя толькі ў выпадку поўнамаштабнай эскаляцыі канфлікту. Тое, што цяпер адбываецца — гэта ўспышка актыўных баявых дзеяньняў толькі ў адным месцы — у Аўдзееўцы. Вядома, ёсьць нэгатыўная тэндэнцыя (гэта тычыцца сытуацыі пад Аўдзееўкай і напрыканцы мінулага году пад Марыюпалем) — сталі пэрыядычна прымяняцца „Грады“, дый наагул павялічылася выкарыстаньне цяжкога ўзбраеньня. Але баі цяпер ідуць толькі пад Аўдзееўкай. У Луганскай вобласьці, напрыклад, сытуацыя адносна стабільная», — кажа экспэрт.

Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

Фясенка падкрэсьлівае, што напружанасьць пад Аўдзееўкай існавала заўсёды, бо там не спыняецца барацьба за прамысловую зону, важную ў тактычным сэнсе:

«Трэба разумець, што пад Аўдзееўкай ваенныя дзеяньні пэрыядычна вяліся на працягу ўсяго году, абстрэлы не спыняліся ні на дзень. Справа ў тым, што там ідзе тактычная барацьба за прамысловую зону Аўдзееўкі — гэта важны абʼект, бо Аўдзееўка — гэта прыгарад Данецку. Баевікі і ў мінулым годзе некалькі разоў і цяпер спрабавалі выбіць украінскіх вайскоўцаў з прамзоны. Таму тут няма нічога новага».

Пашкоджаньні ў прамзоне Аўдзееўкі
Пашкоджаньні ў прамзоне Аўдзееўкі

На думку Фясенкі, галоўная мэта сутыкненьняў выключна тактычная — украінскія вайскоўцы стараюцца як мага больш грунтоўна замацавацца ў гэтай зоне, а сэпаратысты спрабуюць іх адтуль выбіць.

«Гэта было і ў мінулым годзе. Цяпер усплёск адбыўся яшчэ і таму, што была атака на ўкраінскія пазыцыі, атака няўдалая — у яе выніку загінуў камбат баевікоў (Іван Балакай, пазыўны „Грэк“. — РС), і на плячах праціўніка, які адыходзіў, украінскія войскі нават палепшылі свае пазыцыі, занялі перадавыя пазыцыі сэпаратыстаў. Гэта выклікала ў баевікоў жаданьне адпомсьціць, выклікала шалёныя абстрэлы Аўдзееўкі, у выніку якіх горад быў абясточаны, былі разбураны дзьве электрычныя лініі, і горад апынуўся на мяжы гуманітарнай катастрофы. Менавіта гэтыя абставіны найбольш драматычныя цяпер. Баі ў Аўдзееўцы — гэта самая вялікая ўспышка ваенных дзеяньняў на Данбасе за апошнія некалькі месяцаў. Але гэта ўсё ж лякальная эскаляцыя. А вось гуманітарная катастрофа Аўдзееўкі — гэта сапраўды надзвычайная падзея, і цяпер нават разглядаецца варыянт эвакуацыі гораду».

Чарга па ежу ў Аўдзееўцы
Чарга па ежу ў Аўдзееўцы

Акрамя тактычных прычын эскаляцыі сытуацыі пад Аўдзееўкай, ня выключаныя і палітычныя матывы, мяркуе Фясенка.

«Наступленьне сэпаратыстаў пад Аўдзееўкай адбылося адразу пасьля размовы Пуціна з Трампам, напярэдадні і падчас візыту Парашэнкі ў Бэрлін. Ці ёсьць тут непасрэдная сувязь — пытаньне адкрытае. У прынцыпе, Расея неаднойчы выкарыстоўвала актывізацыю ваенных дзеяньняў як інструмэнт ціску на перамоўны працэс. Так было, у прыватнасьці, падчас менскіх перамоваў у лютым 2015 году — тады наступ на Дэбальцава быў інструмэнтам ціску на Парашэнку і заходніх удзельнікаў перамоваў. Яшчэ адно магчымае тлумачэньне — што такім чынам спрабавалі сарваць перамовы Парашэнкі з Мэркель і абвінаваціць у парушэньні менскіх дамоўленасьцяў. Уласна кажучы, менавіта гэтым цяпер расейская прапаганда і займаецца — яна абвінавачвае Ўкраіну ў парушэньні „Менску-2“», — кажа экспэрт.

Украінскі блёкпост на дарозе з Данецку
Украінскі блёкпост на дарозе з Данецку

Фясенка кажа, што, хутчэй за ўсё, цяперашняя эскаляцыя абмяжуецца лякальнымі баямі пад Аўдзееўкай, хоць гарантыяў, вядома, няма. Палітоляг таксама зьвяртае ўвагу на тое, што фільтравальная станцыя, якая забясьпечвае Данецк, атрымлівае электраэнэргію з боку Аўдзееўкі. Таму перапыненьне працы Аўдзееўскага коксахімічнага заводу і лініі электраперадач ставіць пад пагрозу забесьпячэньне Данецку. «Таму ў сэпаратыстаў ёсьць стымул ня надта завіхацца», — дадае Фясенка.

Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін ня лічыць, што баі пад Аўдзееўкай пачаліся з ініцыятывы Масквы. Паводле слоў экспэрта, апошнім часам украінскія войскі патроху прасоўвалі лінію фронту на ўсход за кошт шэрай зоны. Сэпаратысты, у сваю чаргу, вырашылі адказаць на дзеяньні ўкраінцаў і атакаваць Аўдзееўку, каб прыцягнуць да сябе ўвагу Крамля.

Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

«Я думаю, што тое, што адбылося ў рамках апошніх дзён, — гэта спроба „ДНР“ супрацьстаяць паўзучаму прасоўваньню ўкраінцаў. Я нікога тут не апраўдваю і не абвінавачваю. Украінцы распрацавалі новую стратэгію паўзучага выцісканьня „ДНР“ з „шэрай зоны“, быццам бы не выходзячы за рамкі менскіх дамоўленасьцяў. Мірыцца з прасоўваньнем украінцаў у „ДНР“ ня хочуць. Таму я думаю, што гэта была іх ініцыятыва — нанесьці ўдар па Аўдзееўцы, дзеля таго каб прыцягнуць да гэтай сытуацыі ўвагу. Я думаю, што ў „ДНР-ЛНР“ сканчаецца кісларод, яны, у адрозьненьне ад Украіны, разумеюць, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве яны прайграюць — ім трэба ўзарваць сытуацыю, дамагчыся поўнамаштабнага ўцягваньня Расеі. Мне здаецца, што гэта не ініцыятыва Пуціна», — кажа ён.

Арэшкін ня згодны з думкай некаторых аналітыкаў, якія зьвязваюць цяперашняе абвастрэньне пад Аўдзееўкай з тэлефоннымі перамовамі Ўладзімера Пуціна і Дональда Трампа.

«Калі б ён атрымаў карт-блянш ад Трампа, то яму трэба было б наступаць усурʼёз, ледзь не да Кіева, і абвастрэньне не пачалося б на наступны дзень», — кажа палітоляг.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG