Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ заклікала Расею да адказнасьці за перамір’е на Данбасе


Назіральнікі АБСЭ размаўляюць зь мясцовымі жыхарамі ў Аўдзееўцы. 30 студзеня 2017 году
Назіральнікі АБСЭ размаўляюць зь мясцовымі жыхарамі ў Аўдзееўцы. 30 студзеня 2017 году

Краіны — чальцы АБСЭ заклікаюць Расею несьці адказнасьць за рэжым спыненьня агню на Данбасе і выкананьне менскіх дамоўленасьцяў, гаворыцца ў паведамленьні пастаяннага прадстаўніцтва Ўкраіны пры АБСЭ па выніках экстранага паседжаньня, скліканага праз абвастрэньне сытуацыі ў Аўдзееўцы Данецкай вобласьці. Старшыня Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Эртурул Апакан заклікаў да неадкладнага спыненьня баёў у раёне Аўдзееўка — Ясінаватая — Данецкі аэрапорт.

Часова павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Кейт Бэрнс расказала на паседжаньні, што 26 студзеня Расея папярэджвала Пастаянную раду пра рызыку вайсковай эскаляцыі на ўсходзе Ўкраіны, а праз два дні, 28 студзеня, баявыя дзеяньні сур’ёзна ўзмацніліся:

«Камбінаваныя расейска-сэпаратысцкія войскі пачалі наступ на ўкраінскія пазыцыі ў Аўдзееўцы і вакол яе, — распавядала Бэрнс. — Баі настолькі ўзмацніліся, што Спэцыяльная маніторынгавая місія назвала колькасьць парушэньняў замірэньня „незьлічонай“.

Хоць украінскія войскі адбілі наступ расейска-сэпаратысцкіх сілаў, баі забралі жыцьці васьмі ўкраінскіх салдат, 26 былі параненыя. У адказ на гэтыя апошнія агрэсіўныя дзеяньні Ўкраіна ўладкавала новыя, больш умацаваныя пазыцыі на ўкраінскім боку лініі кантакту на поўдні Аўдзееўкі. Але ўрэшце толькі адвод войскаў і цяжкага ўзбраеньня з абодвух бакоў, пра што гаворыцца ў менскіх дамоўленасьцях, зробіць магчымым доўгатэрміновае спыненьне агню, што ёсьць надзвычай важным для людзей ва Ўкраіне».

Крэмль тым часам абвінаваціў «самасьційныя атрады» Ўкраіны ў абвастрэньні канфлікту ў Аўдзееўцы. Жыхары Аўдзееўкі рыхтуюцца да эвакуацыі: паводле зьвестак, названых Бэрнс, надзвычайны гуманітарны стан закрануў 17 тысяч чалавек, яны засталіся без вады і цяпла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG