Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны просіць Захад узмацніць ціск на Расею з прычыны Данбасу


Ілюстрацыйнае фота. Пасьля бітвы за Аўдзееўку, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Пасьля бітвы за Аўдзееўку, 2016 год

Міністэрства замежных спраў Украіны зьвярнулася да міжнародных партнэраў з просьбай узмацніць палітыка-дыпляматычны ціск на Расею для таго, каб спыніць небясьпечную эскаляцыю ў Данбасе і пазьбегнуць гуманітарнай катастрофы ў рэгіёне. «Патрабуем ад Расеі неадкладна спыніць баявыя дзеяньні і няўхільна выконваць рэжым спыненьня агню», — падкрэсьліваецца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства краіны.

Праз пашкоджаньне пад абстрэламі ліній электраперадачы цалкам абясточаны гарады Аўдзееўка і Ясінаватая. Паранена сама меней двое мірных жыхароў. Безь сьвятла, вады і ацяпленьня засталіся каля 400 тысяч чалавек. Улічваючы ўзмацненьне маразоў і бесьперапынныя абстрэлы з боку прарасейскіх сэпаратыстаў, гуманітарная сытуацыя тут працягвае пагаршацца.

Прэм’ер-міністар Украіны Уладзімер Гройсман, выступаючы напярэдадні ў эфіры аднаго з украінскіх каналаў, заявіў, што разглядаюцца ўсе варыянты вырашэньня праблем, якія паўсталі, уключаючы частковую эвакуацыю жыхароў рэгіёну. У пацярпелых раёнах, згодна з даручэньнем кіраўніка ўраду, павінны быць разгорнутыя штабы Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый і пункты абагрэву для насельніцтва. Улады маюць намер забясьпечыць пастаўкі паліва з альтэрнатыўных крыніц энэргіі ў сацыяльныя аб’екты — школы і дзіцячыя сады.

Праз надзвычайную сытуацыю ў Аўдзееўцы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 30 студзеня перапыніў візыт у Нямеччыну і вярнуўся ў Кіеў. Кіраўнік дзяржавы заклікаў тэрмінова сабрацца на пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Украіны.

Становішча ў Данбасе рэзка абвастрылася 29 студзеня. Украінскія пазыцыі трапілі пад масаваны абстрэл сэпаратыстаў у раёне прамзоны Аўдзееўка, якая мае стратэгічнае значэньне, у прыватнасьці, для кантролю важнай трасы Данецк — Горлаўка. Падразьдзяленьні УС Украіны сутыкнуліся з фармаваньнямі 11-га мотастралковага палка і 100-й брыгады так званай «Рэспубліканскай гвардыі ДНР». За два дні баявых дзеяньняў пад Аўдзееўкай загінулі восем украінскіх вайскоўцаў, каля трыццаці параненыя.

Як заявіў Парашэнка, праціўнік разьмясьціў свае агнявыя пазыцыі ў жылых кварталах Данецку і Ясінаватай, каб ўкраінскія падразьдзяленьні не маглі весьці агонь у адказ. Пракуратура Данецкай вобласьці кваліфікавала абстрэлы прарасейскімі сэпаратыстамі Аўдзееўкі як тэракт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG