Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня на Данбасе


Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, ілюстрацыйнае фота

Рада Бясьпекі ААН з ініцыятывы ўкраінскага боку прыняла заяву, у якой асудзіла выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня на Данбасе і выказала падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны. Пра гэта паведамляе пастаяннае прадстаўніцтва Ўкраіны ў ААН на старонцы ў Twiitter.

Як гаворыцца ў дакумэнце, Рада Бясьпекі ААН выказвае сур’ёзную заклапочанасьць з прычыны небясьпечнага абвастрэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны і заклікае да неадкладнага аднаўленьня рэжыму спыненьня агню.

«Чальцы Рады Бясьпекі ААН асуджаюць выкарыстаньне на лініі сутыкненьня ў Данецкай вобласьці ўзбраеньняў, забароненых менскімі дамовамі, якое прыводзіць да гібелі і раненьняў людзей, у тым ліку мірных жыхароў», — гаворыцца ў прынятым на закрытым пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН заяве.

Таксама ў дакумэнце выказваецца поўная падтрымка сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны.

«Сёньняшні дзень прайшоў з думкай пра Аўдзееўку і ўсход Украіны. Заўтра (у сераду. — Рэд.) працягнем ўжо як старшыня Рады Бясьпекі ААН. Ціск на Расею мае ўзмацняцца», — гаворыцца ў паведамленьні прадстаўніцтва Ўкраіны ў ААН у Twiitter.

1 лютага Ўкраіна пачынае сваё старшынства ў Радзе Бясьпекі ААН.

Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў намесьніку кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Канстанцін Елісееў неадкладна вынесьці пытаньне абвастрэньня сытуацыі ў Аўдзееўцы на разгляд Рады Бясьпекі ААН.

Раніцай 29 студзеня пачаліся жорсткія баі непадалёк Аўдзееўкі. Бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ва ўчыненьні гэтых баёў. Украінскі бок заявіў, што баевікі пачалі абстрэльваць і сам горад. У выніку абстрэлаў Аўдзееўка зь нядзелі, паводле апошніх зьвестак украінскага боку, загінулі 6 вайскоўцаў, дзясяткі параненыя, таксама параненыя 5 мірных жыхароў.

Сэпаратысты, у сваю чаргу, заяўляюць, што двое баевікоў загінулі, шасьцёра атрымалі раненьні напярэдадні ў выніку абстрэлу з боку ўкраінскіх сілавікоў, адна мясцовая жыхарка загінула.

Кантактная група ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе неаднаразова аб’яўляла рэжым цішыні на ўсходзе Ўкраіны, аднак абстрэлы працягваюцца, а бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні замірэньня.

XS
SM
MD
LG