Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы абараняюць Аўдзееўку


У Аўдзееўцы пад Данецкам застаецца складаная сытуацыя — фармаваньні гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі парушаюць зацішша, не дазваляючы мясцовым уладам адрамантаваць лініі электраперадач і аднавіць цеплазабесьпячэньне горада.

У складзе некалькіх украінскіх вайсковых падразьдзяленьняў, што абараняюць горад, змагаюцца і беларусы.

«У Аўдзееўцы зараз ёсьць нашыя хлопцы. Мы знаходзімся на некалькіх пазыцыях. Дакладнае месца нельга называць, але гэта на перадавой. Сытуацыя складаная, баі ідуць вакол Данецку, тут усе побач. Нашы ўсе жывыя», — паведамілі Радыё Свабода ў Тактычнай групе «Беларусь».

Паводле прадстаўніка тактычнай групы «Беларусь», беларусы не патрабуюць тэрміновай дапамогі ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі.

«Неабходны мінімум у нас ёсьць. Наконт дапамогі, то трэба сродкі на паліва і рамонт самаходаў. Зараз наш прадстаўнік наведвае эўрапейскія краіны, плянуюцца сустрэчы ў Вільні, Беластоку, Варшаве, Антвэрпэне, Рыме, Мюнхэне, каб наладзіць супрацу з дыяспарай і сабраць дапамогу для нашае групы», — адзначыў суразмоўца.

Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што масавай эвакуацыі жыхароў з Аўдзееўкі пакуль не плянуецца — вывезеныя толькі цяжкія хворыя і дзеці, але на выпадак далейшага абвастрэньня сытуацыі такія захады падрыхтаваныя. Апроч таго, сёньня сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандр Турчынаў у часе свайго наведваньня горада даручыў вайскоўцам на перадавой у Аўдзееўскай прамысловай зоне падрыхтаваць апэратыўныя пляны на выпадак наступальных дзеяньняў праціўніка.

«Перад вайскоўцамі пастаўлена задача па ўдакладненьні апэратыўных плянаў пры правядзеньні наступальных апэрацый расейскімі гібрыднымі войскамі з улікам падрыхтоўкі эфэктыўных контрнаступальных дзеяньняў», — паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.

Жорсткія сутыкненьні непадалёк ад Аўдзееўкі пачаліся раніцай 29 студзеня. У ініцыяваньні гэтых баёў бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго. Горад апынуўся пад абстрэлам.

Рада бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня на Данбасе, а ў АБСЭ адказнасьць за выкананьне менскіх дамоўленасьцяў усклалі на Расею. Часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Кейт Бэрнс казала пра наступ пад Аўдзееўкай «абʼяднаных расейска-сэпаратысцкіх войскаў» і пра 17 тысяч чалавек, якіх закранула гуманітарная катастрофа.

Глядзець камэнтары (17)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG