Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамада» адмовілася падтрымаць на выбарах свайго аднапартыйца — Тацяну Караткевіч


Зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»), ілюстрацыйнае фота, 2010 год
Зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»), ілюстрацыйнае фота, 2010 год

На паседжаньні Цэнтральнага камітэту БСДП «Грамада» было разгледжана пытаньне пра ўдзел партыі ў прэзыдэнцкай кампаніі.

Як сказала Свабодзе старшыня партыі Ірына Вештард, на разгляд удзельнікаў ЦК было вынесена два праекты пастаноў. Паводле першага праекту партыя мусіць прытрымлівацца ўласнага статуту і разглядаць пытаньне ўдзелу ў выбарах і падтрымкі кандыдата ці кампаніі на зьезьдзе, а не на паседжаньні ЦК.

Другі праект пастановы ўключаў у сябе падтрымку прэзыдэнцкай кампаніі Тацяны Караткевіч — сябра БСДП (Грамада).

Ірына Вештард
Ірына Вештард

«Ніводная пастанова прынятая не была. Пры галасаваньні па другім праекце частка сябраў ЦК пакінула залю, і не было неабходнага кворуму ў 23 чалавекі для прыняцьця рашэньня. Такім чынам, рашэньне пра падтрымку Тацяны Караткевіч прынята не было з прычыны працэдурных момантаў. Дакумэнту пра падтрымку ці непадтрымку ў нас няма. Такі дакумэнт мог прыняць толькі зьезд нашай партыі», — паведаміла Ірына Вештард.

Адказваючы на пытаньне, ці будзе БСДП (Грамада) арганізоўваць зьезд, каб вызначыцца з пазыцыяй адносна ўдзелу ў выбарчай кампаніі, Ірына Вештард сказала:

«Калі б мы сёньня прызначылі зьезд, то правесьці яго можна было б 30 верасьня, фактычна за тыдзень да выбараў. Таму мы вырашылі так: кожны сябра партыі ў адпаведнасьці зь ягонымі прынцыпамі, поглядамі, маральнымі перакананьнямі і жаданьнем мае права ўвайсьці ў склад любых ініцыятыўных груп і ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі».

Разам з тым Тацяна Караткевіч у інтэрвію Свабодзе выказала перакананьне, што ўсе актыўныя сябры партыі ўвойдуць у яе ініцыятыўную групу:

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

«Я перакананая, што, нягледзячы на адсутнасьць тэхнічнага рашэньня, сябры БСДП (Грамада) будуць супрацоўнічаць са мной падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Адсутнасьць рашэньня на ўзроўні зьезду дае свабоду ўсім сябрам партыі што да выбару ініцыятыўнай групы. Але я перакананая, што такі выбар будзе на маю карысьць. Тым больш што ёсьць рашэньне прэзыдыюму БСДП (Грамада) пра працяг супрацы ў межах кааліцыі „Народны рэфэрэндум“.

Мне не патрэбнае рашэньне зьезду БСДП (Грамада), каб прадстаўляцца прэтэндэнтам на кандыдата ад кааліцыі „Народны рэфэрэндум“. Цяпер галоўнае — актыўна весьці кампанію, сустракацца зь людзьмі, рабіць усё, каб назьбіраць 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Менавіта гэта будзе галоўным і вырашальным», — сказала Тацяна Караткевіч Свабодзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG