Паводле ўкраінскіх уладаў, загінулі сама меней 4 чалавекі (усе ў Харкаўскай вобласьці), ёсьць параненыя.
У Кіеве ўначы адбылося некалькі выбухаў, гарадзкія ўлады паведамлялі, што расейскія войскі атакавалі сталіцу Ўкраіны балістычнымі ракетамі. Аднак пакуль не паведамляюць аб маштабах наступстваў.
Расейскія войскі атакавалі Ўкраіну адначасова баявымі дронамі і ракетамі.
У NATO паабяцалі Ўкраіне далейшую вайсковую дапамогу
У Брусэлі (Бэльгія) 12 студзеня адбылося пазачарговае пасяджэньне рады «Украіна-NATO», якую склікалі па запыце ўкраінскага боку пасьля выкарыстаньня Расеяй чарговай ракеты «Арэшнік».
Прадстаўнікі Ўкраіны праінфармавалі хаўрусьнікаў аб сыстэматычных атаках Расеі на крытычную энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны. Яны падкрэсьлілі, што галоўная мэта Расеі — стварыць гуманітарную катастрофу ў зімовы пэрыяд і пазбавіць мірнае насельніцтва электраэнэргіі, вады і цяпла. Сытуацыя ў энэргасыстэме Ўкраіны застаецца складанай. Апроч таго, Украіне патрэбныя дадатковыя сродкі абароны, найперш — узмацненьне супрацьпаветранай абароны.
Як паведамілі ў МЗС Украіны, партнэры па NATO асудзілі расейскія атакі і пацьвердзілі гатоўнасьць прадоўжыць вайсковую дапамогу Ўкраіне.
У ААН на запыт Украіны адбылося пасяджэньне Рады бясьпекі
Намесьніца сталага прадстаўніка ЗША ў ААН Тэмі Брус назвала выкарыстаньне Расеяй ракеты «Арэшнік» чарговай і незразумелай эскаляцыяй вайны, нягледзячы на намаганьні ЗША ў перамовах з Кіевам і Масквой знайсьці шлях спыненьня вайны.
Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, замест таго, каб працаваць над мірным урэгуляваньнем «дзеяньні Расеі рызыкуюць расшырыць і ўзмацніць вайну».
«Мы асуджаем пастаянныя атакі Расеі на энэргетычныя аб’екты Ўкраіны і іншую цывільную інфраструктуру, якія ўзмацняюцца. Гэтыя напады зьяўляюцца зьдзекаваньнем над справай міру, якая мае першачарговае значэньне для сьвету і прэзыдэнта Трампа», — адзначыла Тэмі Брус.
Амэрыканская дыпляматка заклікала Расею, Украіну і Эўропу да «сур’ёзнага імкненьня да міру», каб «пакласьці канец гэтаму кашмару».
Прадстаўнік Расеі Васілій Нябензя традыцыйна заявіў, што расейскія войскі нбыта не абстрэльваюць мірнае насельніцтва, а ахвяры ён зьвязаў з працай украінскіх сродкаў супрацьпаветранай абароны. Ён абурыўся адсутнасьцю міжнароднай рэакцыі, у тым ліку і з боку генэральнага сакратара ААН, на нібыта абстрэлы Ўкраінай цывільных аб’ектаў і мірнага насельніцтва Расеі.
Як паведамілі ў МЗС Расеі, Нябензя падкрэсьліў, што на кожную атаку Ўкраіны «будзе жорсткі адказ» з боку Расеі.
«Пакуль кіеўскі верхавод не ўсьвядоміць і не пагодзіцца на рэалістычныя ўмовы перамоваў, да таго часу мы будзем вырашаць праблему ваеннымі мэтадамі. Яго папярэджвалі яшчэ ў свой час — умовы для перамоваў для яго з кожным страчаным ім днём будуць станавіцца толькі горш», — заявіў Нябензя.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум