Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гуляць у казіно ў Менску і Камбоджы лепш, чым у Бэрліне і Амстэрдаме»


«Гуляць у казіно ў Менску і Камбоджы лепш, чым у Бэрліне і Амстэрдаме»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:26 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар пачаў гуляць у казіно ў 18 гадоў. На інтэрвію згаджаецца амаль адразу, але твар просіць не паказваць.

— Мае сябры, якія былі старэйшыя за мяне, гулялі на аўтаматах. Я паспрабаваў, мне гэта не спадабалася, не захапіла. А пасьля неяк я зрабіў стаўку на рулетку і выйграў на той час досыць шмат. І ўсе закруцілася...

Аляксандар гуляў у Бэрліне, Амстэрдаме і нават Камбоджы. У эўрапейскіх казіно ўсё сьціпла, людзей няшмат, ня кураць, няма рэстарацыяў і вялікіх ставак. А вось у Камбоджы...

— ...вельмі беднай краіне было вельмі някепскае казіно, я быў уражаны. І скажу нават, што ўзровень у супэрбеднай Камбоджы быў вышэйшы за такія разьвітыя гарады, як Бэрлін ці Амстэрдам.

Самыя буйныя гульцы ў нас — расейцы. Пасьля стварэньня ў Расеі адмысловы гульнявых зонаў Менск нашмат больш прывабны для іх у пляне гульні, чым нават Монтэ-Карла.

— Я бачыў, як людзей з Расеі прайгравалі буйныя сумы, за якія можна набыць некалькі някепскіх кватэр у цэнтры. Шмат хто засмучаўся, шмат хто — не. Быў выпадак, калі мужчына тэлефанаваў сваёй жонцы і прасіў выслаць яму грошы, яна адмаўляла. А ён парываўся паехаць і прадаць свой загарадны дом.

Аляксандар упэўнены, што казіно павінны быць вынесеныя за межы вялікіх гарадоў, але ў Беларусі рэалізаваць гэта немагчыма.

— Вядома ж, усё застанецца на сваіх месцах, і такія вялікія казіно, якія цяпер ёсьць у Менску, нікуды выносіцца ня будуць. Але, канечне, правільна, каб яны знаходзіліся далей ад вялікіх гарадоў, як у Вэгасе, у пустыні. Людзі прыяжджаюць, бавяць выходныя і ад’яжджаюць.

З 2013 году кожны беларус можа аформіць сабе забарону на наведваньне ўсіх гульнявых установаў. Аляксандар карыстаецца гэтым правам кожныя паўгода.

— Гэта адзін зь нешматлікіх законаў у Беларусі, які я магу назваць правільным. Я думаю, гэта выратавала не адну гульнявую душу.

Аляксандар без ваганьняў кажа, што казіно — гэта зло, адно з самых жахлівых.

— Вельмі проста кінуць піць, курыць, але вельмі цяжка кінуць гуляць. Нездарма сума ўсіх лічбаў на рулетцы — 666. Душу д’яблу закласьці вельмі проста, а назад вярнуць... Ізноў жа, раз на паўгода я магу дазволіць сабе троху пакуражыцца, адпачыць. Але ня маю такога інтарэсу, як гэта было раней (Аляксандар цяпер актыўна гуляе ў спартовы покер. — РС)... Але калі я ў іншым горадзе, напрыклад, часта езьдзім у Вільню, то заўсёды заходзім, заўсёды гуляем дзеля галачкі. Калі гэта побач, калі гэта даступна, і нават калі ты трымаеш сябе ў руках, табе ўсё роўна хочацца зайсьці і паставіць 10–20 эўра і правесьці там час. Гэта залежнасьць, на жаль.

Казіно трымаецца на заможных людзях, якія могуць сабе дазволіць прайграць буйныя сумы, і на людаманах, якія трацяць тут асноўную частку сваіх грошай.

— Ёсьць людзі, якія, здаецца, зусім ня схільныя да гульні, але, трапіўшы адзін раз туды, яны могуць за дзесяць хвілін зламаць сабе жыцьцё і ўжо ніколі адтуль не сысьці. Яны могуць праводзіць там 88% свайго вольнага часу. У кожнага з нас гэта ёсьць, і каго гэта зачэпіць, той можа застацца там назаўсёды. Карацей, усё гэта сумна, трэба ўсё гэта закрываць і будаваць спартовыя пляцоўкі і лядовыя палацы. Лепш лядовыя палацы, чым казіно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG