Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможца, які не хацеў быць героем, або Чаму амэрыканцы таксама выйгралі Другую сусьветную


U.S. - Louis Zamperini, Olympic distance runner
U.S. - Louis Zamperini, Olympic distance runner

Тацяна Сьнітко

Нядаўна мне трапіла ў рукі кніга Луі Зампэрыні — амэрыканскага героя спорту і Другой сусьветнай вайны, напісаная ім у 97-гадовым узросьце літаральна за некалькі месяцаў да сьмерці, у суаўтарстве з амэрыканскім журналістам Дэвідам Рэнсінам. Акінуўшы вокам назву «Don’t give up, don’t give in» (Не кідай, не здавайся), я адразу падумала, што гэта адно са шматлікіх выданьняў пра пазытыўнае мысьленьне, надзвычай папулярнае ў ЗША і цяпер перададзенае мне сваякамі адтуль дзеля маральнай падтрымкі. Падзагаловак запэўніваў, што перада мною, аднак, кніжка не зусім звычайная — «Lessons from extraordinary life» (Урокі надзвычайнага жыцьця). Жыцьцяпіс гэтага незвычайнага чалавека быў пакладзены, да таго ж, у аснову нядаўняга фільму Анджэліны Джолі: «Unbroken» (Незламаны).

«Незламаны» мае расейскамоўную вэрсію і таму даступны для ўспрыманьня жыхароў постсавецкай прасторы. На мой погляд, гэта асабліва важна цяпер, напярэдадні 70-годзьдзя Перамогі над фашызмам. Мы зноўку афіцыйна адзначым яе так, нібыта акрамя СССР і Нямеччыны, Сталіна і Гітлера, больш нічога не было. Нашы ўлады любяць забывацца на хаўрусьнікаў зусім або згадваць іх мімаходзь. Прынамсі, тое, што ў нас гаворыцца пра вайну афіцыйна толькі пры маім жыцьці, нагадвае, як моцна мы зацыкленыя на сабе і сваіх пакутах, не заўважаючы, што на нашым жа баку ваявалі тыя, хто часам цярпеў ня менш.

Сюжэт фільму, у параўнаньні з кнігай самога Зампэрыні, крыху абмежаваны. Ён ня так падрабязна распавядае пра дзяцінства хлопчыка з італьянскай сям’і, якога ў школе б’юць і цьвеляць за тое, што ён кепска гаворыць па-ангельску. Хлопчык пачынае таемна курыць, піць, заліваючы віскі ў бутэлькі з-пад малака, і красьці піражкі з кандытарскай. Паралельна, канечне, даецца адчувальны адпор крыўдзіцелям. У кнізе мы бачым таксама, што ён мае лідэрскія якасьці і стварае невялікую банду, якую доўга ня можа злавіць паліцыя, і толькі мясцовыя газэты пішуць, што з апячатанай кандытарскай «невядомы зноўку крадзе». Анджэліна Джолі як рэжысэр змагла адной кароткай сцэнай паказаць, як да хлопчыка прыйшло пакаяньне: пасьля таго, як яго прывялі дамоў паліцыянты і тата пакараў сына папругай, падлетак бачыць са свайго пакоя, як моліцца яго маці: «Божа, не пакінь майго маленькага Луі!»

Выратаваньне прыходзіць у асобе старэйшага брата Піта, які натхняе Луі заняцца прабежкамі і прыводзіць напачатку ў спартовую каманду школы. Луі становіцца зоркай спрынту, апынаецца ў зборнай Унівэрсытэту Паўднёвай Каліфорніі, і ўсё канчаецца алімпійскім рэкордам і сусьветнай вядомасьцю. На Алімпіядзе ў Бэрліне на яго зьвяртае ўвагу і асабіста хваліць Гітлер. Луі марыць стаць пераможцам наступнай Алімпіяды ў Токіё, але тут на сьвет абрынаецца вайна, якая празь некалькі гадоў уносіць у мару спартоўца страшэнныя карэктывы.

Зампэрыні прызваны ў лётныя войскі і служыць на Гаваях. Яго мінаюць падзеі ў Пэрл-Харбары, але аднаго разу падчас пошукавага палёту ягоны стары самалёт не вытрымлівае перагрузак і цярпіць крушэньне пасярод Ціхага акіяну. З 10 чалавек уратоўваюцца трое. Яны зьбіраюць дажджавую ваду, палююць на акул, якія палююць на іх, яны спрабуюць лавіць рыбу... і слухаюць рэцэпты клёцак з начынкамі, якія гатуе мама Луі, ласкава кліканага сябрамі па няшчасьці «Зампам». Ад акулы вандроўнікам становіцца кепска. У кнізе Зампэрыні распавядае, што праз шмат гадоў, пачуўшы па радыё аб ядавітасьці мяса акул, доўга сьмяяўся. «Я праходзіў школу выжываньня на Гаваях і дрэйфаваў у акіяне 47 дзён. Пячонку акулы есьці можна, інакш хто б цяпер пісаў гэтыя радкі?» — з гумарам казаў ён. Цікава, што адзін з жаўнераў, які адразу кажа «мы тут загінем», сапраўды памірае на 33-ці дзень дрэйфаваньня ў іх надзіманым чоўне ў адкрытым моры. Двух іншых на 47-мы дзень «ратуюць» японцы.

Прайшоўшы празь некалькі лягераў для ваеннапалонных, зьдзекі, зьбіцьцё, голад, Луі ўсё-ткі апынаецца ў Токіё — цяпер «алімпіяда» для яго адбываецца ў чарговым канцлягеры. «Бойся сваіх жаданьняў, мой сябра!» — жартуе адзін зь яго таварышаў. Але Луі перамагае нават гэтае спаборніцтва са сьмерцю, стаўшы адным зь нямногіх, хто выжывае за два гады лягераў. Вельмі яскрава паказаны момант, калі ён адрынае магчымасьць уратавацца ў абмен на здраду Радзіме — японцы разьлічваюць на давер аўдыторыі да прапагандысцкай радыёперадачы з удзелам алімпійскай зоркі. Узамен на хлусьню па радыё палоннаму абяцаюць ежу, цяпло і чысьціню, але ён абірае вяртаньне ў лягер, ведаючы, што ізноў рызыкуе трапіць у поўнае ўладаньне наглядчыка-псыхапата па мянушцы «Птушка». «Гэта была самая жорсткая насьмешка лёсу», — скажа Зампэрыні ў кнізе пра перавод у новы лягер, начальнікам якога акажацца... усё той самы «Птушка» — Муцухіра Ватанабэ, за дзень да гэтага пераведзены невядома куды.

У наглядчыка-садыста асаблівае стаўленьне да ўлады над людзьмі. Ня зьдзейсьніўшы сваю мару стаць афіцэрам, гэты чалавек «адрываецца» на афіцэрах-палонных. У першы ж дзень ён вылучае зь іх знакамітасьцяў: опэрнага сьпевака, актора, алімпійскага чэмпіёна. Апошні асабліва раздражняе «Птушку». Па ходу карціны мы бачым, што Луі Зампэрыні абраны наглядчыкам лягеру для асаблівых зьдзекаў ня проста так. «Я адразу ўбачыў у тваіх вачах сілу. Я мушу яе зламаць», — паведамляе ён вязьню.

Што цікава, з прадмовы да кнігі (гэта не ўвайшло ў фільм) мы даведваемся, як пасьля вызваленьня Зампэрыні знайшоў у сабе сілы па-хрысьціянску прабачыць сваім кáтам. Але калі ён прыехаў у Японію сказаць свайму галоўнаму кату, што прабачае яму, то даведаўся, што «Птушка» скончыў жыцьцё самагубствам у турме.

Вобраз Луі Зампэрыні здолеў цудоўна стварыць малады брытанскі актор Джэк О’Конэл (Jack O’Connell); на ролю ягонага антыпода, наглядчыка Ватанабэ, Анджэліна Джолі абрала японскага рок-сьпевака Маяві. Пасьля перадгісторыі дзяцінства, спартыўнай кар’еры і крушэньня самалёта менавіта гэтыя акторы разыгрываюць перад намі фінальны паядынак дабра і зла, а таксама тое, як дабро перамагае.

Сам Луі Зампэрыні не любіў, калі яго называлі героем. Ён казаў, што героі — гэта тыя, хто вярнуўся з вайны бяз ног, альбо бацькі, браты і сёстры, якія страцілі сваіх блізкіх, што загінулі за Радзіму. Яго часта запрашалі выступаць з прамовамі. «Я не герой, я проста той, хто выжыў», — часьцяком казаў ён. Сам ён пасьля вайны працаваў у розных галінах, заўсёды зьвязаных са стасункамі зь людзьмі, нават адзін час — у сфэры гандлю нерухомасьцю. Але найбольш любіў трэнэрскую працу зь дзецьмі, якіх навучаў горным паходам, арыентаваньню на мясцовасьці і выжываньню ў экстрэмальных умовах. Ягоныя гумар, заўсёдны пазытыўны настрой і ўвага да іншых настолькі прываблівалі людзей, што нават патрапіўшы ў шпіталь, немалады ўжо герой станавіўся аб’ектам барацьбы мэдсясьцёр: кожнай хацелася яго лячыць, каб лішні раз пагутарыць. У яго прасілі парадаў, яму задавалі пытаньні, што і стала прычынай напісаньня кнігі, зь якой я пачала гэты аповед...

Я думаю, толькі амэрыканцы маглі зрабіць з гераічнай біяграфіі моцнага і цудоўнага чалавека сапраўдны падручнік пераможцы, а ня плач аб яшчэ адной цяжкай долі, як робім мы або расейцы.

«Людзі кажуць мне: вы такі аптыміст. Я аптыміст? Аптыміст кажа, што шклянка напалову поўная. Пэсыміст кажа, што шклянка напалову пустая. Той, хто выжывае — практык. Ён кажа: называйце гэта, як хочаце, але зараз напоўнім шклянку. Я веру ў напаўненьне шклянкі...» (Луі Зампэрыні).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG