Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Анімаёўцы» пакажуць беларускамоўныя мультфільмы, якіх не паказвае Беларускае тэлебачаньне


Пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма». Традыцыйна яна аформленая па-расейску. На беларускай мове толькі ледзь прыкметны надпіс: «2014 год — год гасьціннасьці».
Пляцоўка перад кінатэатрам «Радзіма». Традыцыйна яна аформленая па-расейску. На беларускай мове толькі ледзь прыкметны надпіс: «2014 год — год гасьціннасьці».

У Магілёве пачаўся міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2014». На ім пакажуць больш за 150 мультфільмаў з 39 краінаў. У конкурснай праграме фэстывалю — дзесяць мультыплікацыйных стужак, зробленых у Беларусі. Дзьве зь іх — на беларускай мове.

У 2012 годзе беларускамоўных мультфільмаў было найбольш за ўсе фэстывальныя гады — пяць. Анімацыйныя фільмы на беларускай мове — рэдкія госьці на беларускім тэлебачаньні. Найчасьцей іх можна пабачыць на фэстывалях ці ў інтэрнэце.

Сёлета ў конкурснай праграме фэстывалю на беларускай мове прадстаўленыя мультыплікацыйны сэрыял «Аповесьць мінулых гадоў», а таксама «Песьня жаўрука» рэжысэркі Тацяны Кубліцкай.

Мультфільм «Аповесьць мінулых гадоў» — заўсёднік «Анімаёвак» апошніх гадоў. Дзякуючы інтэрнэту і паказам на фэстывалях, стужка стала папулярнай. У кожнай сэрыі апавядаецца пра герб беларускага гораду. Працуюць над мультфільмам шасьцёра рэжысэраў. Адзін зь іх, Аляксандар Ленкін, кажучы пра папулярнасьць мультфільму, адзначае:

«Сама тэма дужа цікавая. Як правіла, дужа мала сучасных гледачоў ведае гісторыю Беларусі. І гэта праблема вялікая, таму яны зь цікавасьцю адкрываюць зь фільмаў новыя для сябе гістарычныя моманты».

Суразмоўца пагаджаецца, што мультфільм рэдка паказваюць па тэлебачаньні. І гэта, прызнае ён, праблема:

«Але, акрамя тэлебачаньня, у паказе фільму павінны быць зацікаўленыя школы, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, кінаклюбы, кіналекторыі. На жаль, у гэтым кірунку праца слаба вядзецца».

Аляксандар Ленкін лічыць, што на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» робіцца дастатковая колькасьць фільмаў на беларускай мове. Аднак, заўважае, што першыя копіі стужак найчасьцей робяцца на расейскай мове, бо вытворчасьць беларускіх фільмаў арыентаваная на рынак суседняй краіны. Паводле суразмоўцы, праблемаў зь перакладам фільмаў з расейскай мовы на беларускую на кінастудыі няма. Майстар зазначае, што стужкі на беларускай мове між тым добра прымаюцца гледачамі за мяжой.

«Фільм „Дзед“ у мяне на беларускай мове. У Расеі я яго забараняў перакладаць на расейскую мову, — кажа Аляксандар Ленкін. — Гледачам было цікавей пачуць жывую беларускую гаворку. Яны ўсё разумелі».

Аляксандар Ленкін верыць у посьпех беларускіх мультфільмаў на «Анімаёўцы». Ён зазначае, што беларуская анімацыя мае высокі эўрапейскі ўзровень і працы айчынных аніматараў заўжды прэтэндуюць на перамогу.

Творы беларускай рэжысэркі Тацяны Кубліцкай таксама нярэдкія ў праграме «Анімаёўкі». Яе «Калыханка» ў 2010 годзе была ўганараваная спэцыяльным дыплёмам «За найлепшае музычнае выкананьне». Летась паказвалі ейнага «Піліпку». Сёлета — «Песьню жаўрука». Фільм зроблены паводле аднайменнай беларускай казкі.

«Усе мае мультфільмы — беларускамоўныя. Я проста не ўяўляю сабе, як рабіць беларускія казкі на расейскай мове, — кажа Тацяна Кубліцкая. — Пагатоў я раблю казкі для дзяцей, і ў іх няма складаных тэрмінаў, якія б немагчыма было дзіцяці зразумець».

Тацяна Кубліцкая не прыгадала, ці паказвалі «Песьню жаўрука» хоць раз па Беларускім тэлебачаньні. На некалькіх фэстывалях мультфільм пабываў. Сюжэт, адзначае Тацяна Кубліцкая, павучальны. Галоўны герой, жаўрук, сутыкаецца з праблемай і вырашае яе: «Усё-ткі ён знайшоў сабе песьню. І калі кожнае дзіця будзе дзейнічаць гэтак жа, як і наш жаўрук, то будзе ўсё добра».

На «Анімаёўцы» пакажуць і тэатральнае прадстаўленьне «Калыханка запрашае». У праграме — анімацыйныя фільмы «Для самых маленькіх», а таксама мультыплікацыйная «Вандроўка ў гісторыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG