Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне пагражалі, што скінуць з даху турмы»


У справаздачы па Беларусі спэцдакладчыка ААН па правах чалавека, зь якой у Жэнэве выступіў Міклаш Харашці, гаворыцца пра катаваньні ў беларускіх турмах і месцах часовага ўтрыманьня затрыманых. Як да такой інфармацыі ставяцца былыя вязьні і беларускія праваабаронцы?

Ігара да суду трымалі ў Жодзінскім ізалятары. Былы вязень кажа, што ахоўнікі часта катавалі асобных вязьняў, а бывала, што зьдзекаваліся і зь вязьняў усёй камэры:

«Канвойныя адчыняюць дзьверы камэры, а там стаіць яшчэ і рэзэрв канвою з дубінкамі. Выганяюць на калідор, гоняць кудысьці на зборны пункт па падзямельлях. Гэта ўсё бягом, з крыкамі, з сабакамі, з мацюкамі, расьцяжкі, удары дубінак — усё гэта ёсьць. Гэта лічыцца нават самымі мінімальнымі катаваньнямі, да якіх ужо ўсе прызвычаіліся. А раней і больш жорстка білі. Маглі ноччу выцягнуць з камэры ў душавую і там зьбіць».

Ігар прайшоў празь некалькі беларускіх турмаў і кажа, што сытуацыя адрозьніваецца нязначна: паўсюль несанкцыянавана ўжываюць ці то фізычную сілу, ці псыхалягічны ціск.

Андрэй Бандарэнка, кіраўнік установы «Плятформа інавэйшн», якая займаецца абаронай правоў вязьняў, сам адбыў амаль два гады ў беларускай калёніі паводле палітычна матываванага прысуду. У судзе Андрэй Бандарэнка не прызнаў сябе вінаватым і ў Бабруйскай калёніі працягваў патрабаваць перагляду сваёй справы. Аднойчы ахоўнікі вывелі яго на дах турмы і пагражалі скінуць уніз, калі ён не падпіша абавязаньня стаць на шлях выпраўленьня. Андрэй Бандарэнка кажа, што катаваньні вязьняў пачынаюцца яшчэ ў сьледчых ізалятарах і застаюцца трывалай сыстэмай у турмах з-за беспакаранасьці супрацоўнікаў адміністрацыі:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
«Гэта ў прынцыпе абсалютна „нармальныя“ (у двукосьсі) паводзіны супрацоўнікаў адміністрацыі. Гэта для іх натуральна. Яны настолькі прызвычаіліся да таго, што гэта беспакарана і ня мае ніякага працягу, што нават не задумваюцца пра тое, што яны ўжываюць катаваньні. Мне асабіста невядомы ніводзін выпадак, каб міліцыянта пакаралі ў службовым парадку за тое, што ён нематывавана ўдарыў вязьня».

Андрэй Бандарэнка заўважае, што ў справаздачы Міклаша Харашці ідзе гаворка ў асноўным пра палітвязьняў, аднак катаваньні зазнаюць усе вязьні без выключэньня. Што да палітычных, то, паводле праваабаронцы, супроць іх рэгулярна ўжываюць захады запалохваньня і псыхалягічнага ціску. Жонка зьняволенага кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч кажа:

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
«Можна сказаць, што ўвесь іх тэрмін пасьля 19 сьнежня — зьдзек і катаваньне. Магу прыгадаць сытуацыю ў шклоўскай калёніі, дзе трымалі Мікалая. Калі ў Шклоў прыехаў Лукашэнка і заявіў, што можа даць самалёт, калі палітычныя папросяць яго аб памілаваньні, то становішча ў калёніі пачало нагадваць становішча ў турме КДБ у горшыя дні. Пачаліся нават пагрозы блізкім і сваякам. Мікалаю пагражалі, прыкладам, што мяне пасадзяць у турму. І пачалася поўная інфармацыйная і чалавечая ізаляцыя. Нават па тэрыторыі калёніі яго вадзілі ў суправаджэньні. Ягоныя лісты забіралі і зачытвалі публічна перад атрадам, а потым на атрад накладалася пакараньне. І цягам чатырох месяцаў не было ніводнага ліста — поўная ізаляцыя».

У Беларусі, паводле праваабаронцаў, 11 палітвязьняў і яшчэ некалькі чалавек фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам. Праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Лабковіч кажа, што зьвесткі пра ўжываньне катаваньняў у беларускіх турмах уладам вядомыя:

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
«Наш праваабарончы цэнтар „Вясна“ неаднаразова сьведчыў, прымаў заявы пра тое, што ў беларускіх турмах, у ізалятарах ужываецца абсалютна бесчалавечнае абыходжаньне, а часам і катаваньні. Вядома, што ў турме КДБ супроць арыштаваных пасьля 19 сьнежня 2010 году ўжывалі сапраўдныя катаваньні. Пра гэта казалі самі вязьні, прыкладам, Алесь Міхалевіч і Андрэй Саньнікаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG