Пажар на месцы абстрэлу ў Адэскай вобласьці пасьля расейскага абстрэлу 4 сьнежня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Ад абстрэлаў пацярпелі некалькі раёнаў Кіеўскай вобласьці, Адэшчына, Днепрапятроўшчына, Чарнігаўская і іншыя вобласьці краіны.
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны заявілі, што ў ноч на 6 сьнежня расейскі войскі выкарысталі для абстрэлу мірных украінскіх гарадоў 653 дроны і 51 ракету. Сродкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны змаглі зьбіць 585 бесьпілётнікаў і 30 ракет. Яшчэ 60 дронаў і 21 ракета пацэлілі па 29 лякацыях.
У Адэскай вобласьці расейцы абстралялі порт і энэргетычны аб’ект. Улады вымушаныя перавесьці крытычную інфраструктуру на генэратары. Частка спажыўцоў засталіся без электраэнэргіі і цяпла. У выніку ўдараў ніхто не пацярпеў.
У Чарнігаўскай вобласьці расейскія войскі таксама атакавалі аб’екты крытычнай інфраструктуры. Паводле мясцовых уладаў, усяго ў рэгіёне адбылося 50 выбухаў. На месцах пацэльваньня адбыліся пажары, жыхары адразу некалькіх раёнаў вобласьці засталіся безь сьвятла і цяпла. Сама меней адзін чалавек атрымаў раненьні.
У Кіеўскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі чатыры раёны. У Фаставе пашкоджаная чыгунка і вакзал. Для перавозкі пасажыраў вымушаны выкарыстоўваць аўтобусы, рух прыгарадных электрычак абмежавалі. У Вышгарадзкім раёне пашкоджаныя 7 прыватных будынкаў, газаправод, зьнішчаныя грузавікі, загарэліся склады. У Бучанскім раёне — прыватны будынак і гаспадарчыя памяшканьні, у Белацаркоўскім — загарэліся склады. Тры чалавекі атрымалі раненьні.
У Днепрапятроўскай вобласьці — чатыры параненыя, у тым ліку 11-гадовы хлопчык. Шмат разбурэньняў у прыватным сэктары і на энэргетычных аб’ектах.
Апэратар энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны «Укрэнэрга» вымушаны павялічыць абмежаваньне электраэнэргіі па ўсёй тэрыторыі краіны. У выніку расейскай атакі пашкоджанае энэргаабсталяваньне. Аднак пачаць яго рамонт пакуль магчыма не ва ўсіх рэгіёнах, бо расейскія войскі працягваюць абстрэлы.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што наносілі ўдары «па прадпрыемствах вайскова-прамысловага сэктару Ўкраіны і аб’ектах энэргетыкі, што забясьпечваюць іх працу, а таксама па портавай інфраструктуры, якую выкарыстоўваюць у інтарэсах Узброеных сіл Украіны».
Форум