Расейскія войскі атакавалі гуманітарную місію ААН у Херсонскай вобласьці

Наступствы расейскага ўдару па Херсонскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага ўдару па Херсонскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі абстралялі дронамі і з артылерыі гуманітарную місію ААН, якая працавала ў Херсонскай вобласьці.

«Раніцай у Белазёрскай грамадзе акупанты прыцэльна білі з дронаў і артылерыі па грузавіках Управы ААН у каардынацыі гуманітарных пытаньняў. Чатыры белыя аўтамабілі з пазнакамі — не вайсковая тэхніка, а машыны, якія везьлі людзям дапамогу», — паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласьці Аляксандар Пракудзін.

Адзін грузавік згарэў, другі сур’ёзна пашкоджаны. Два змаглі вырвацца з-пад удараў. «Толькі цудам ніхто не пацярпеў. Сёньня „другая армія“ сьвету перамагла некалькі тон „гуманітаркі“. Тэрарысты. Больш няма чаго сказаць», — адзначыў Аляксандар Пракудзін.

Уначы расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па Харкаве. Пацярпела лякарня і яе пацыенты.

Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.

Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктуры і мірных жыхароў.


​
XS
SM
MD
LG