Eagle School. Tottenham. London. На пачатку 50-х гадоў ХІХ стагодзьдзя тут выкладаў францускую мову і маляваньне адзін з тагачасных беларускіх эмігрантаў, паўстанец 1831 году Аляксандар Рыпінскі. Сёньняшняя беларуская эміграцыя памятае імя гэтага чалавека, а сёй-той можа паказаць нават паб, у якім ён піў піва. Але, найперш, памятаюць Рыпінскага таму, што меў ён у Лёндане прыватную друкарню, дзе выдаў ці ня першую ў Вялікай Брытаніі беларускую кніжку – “Нячысьцік”.
Прайшло 100 гадоў і беларуская выдавецкая справа вярнулася ў Аб’яднанае Каралеўства. Marian House. High Barnet. London. Беларускія айцы марыяне па другой усясьветнай вайне заснавалі тут, на Holden Roud, царкву, пры якой пазьней і паўстала беларуская бібліятэка імя Скарыны.
Сёлета Скарынаўцы, як яе часьцей за ўсё называюць, споўнілася 30 гадоў.
Адным з заснавальнікаў і нязьменным кіраўніком бібліятэкі зьяўляецца айцец Аляксандар Надсан. Да яго мы зьвярнуліся з просьбаю распавесьці пра гэты ўнікальны беларускі асяродак у замежжы.
Айцец Аляксандар, з чаго ўсё пачыналася?
(Надсан: ) “Пачыналася зь ідэі заснаваць ўстанову, дзе можна было б захаваць беларускія духоўныя скарбы ад зьнішчэньня, а другое, каб даць магчымасьць тым, якія цікавяцца Беларусьсю, магчымасьць доступу да матэрыялаў. Ідэя паўстала сярод беларускіх сьвятароў з беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане. Галоўным ініцыятарам быў біскуп Часлаў Сіповіч, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы і вялікі кнігалюб. Біскуп Сіповіч кінуў задумку – давайце будзем засноўваць бібліятэку. Двое нас – айцец Леў Гарошка і я, адразу падхапілі гэтую думку. У той час ідэя бібліятэкі ўжо насьпела”.
Якімі былі першыя паступленьні ў Скарынаўку?
(Надсан: ) “Спачатку мы ўсе трое склалі свае асабістыя бібліятэкі, сабралася ўжо некалькі тысячаў кніг. Людзі прысылалі, былі вельмі добрыя дары. Экзэмпляр Статуту Вялікага Княства Літоўскага, атрымалі ад сп. Галяка са ЗША. Сп. Часлаў Будзька з Чыкага сотні кніг пераслаў нам. У той час у антыкварыятах, на рынках зьявілася вельмі шмат кніг, якія нас цікавілі, магчыма, яны трапілі сюды падчас вайны. Нам удалося многае набыць, людзі прысылалі грошы на пакупку, нават тыя, хто ніколі ня бачыў бібліятэкі”.
Што сёньня ўяўляюць сабою зборы Скарынаўкі?
(Надсан: ) “Цяпер маем недзе 25 тысяч адзінак, абсалютная большасьць зь іх – беларускія кнігі. Мы маем 5 кніг Бібліі Скарыны, шмат іншых выданьняў 16-17 ст. , напрыклад, Аляксандра Гваніні “Kronica Sarmacyey Europskiey” 1581 г. Ёсьць вялікая калекцыя мапаў часоў Вялікага Княства Літоўскага. Вядома, больш шырока прадстаўленыя кнігі 19-20 стст. Выданьні савецкага часу з Беларусі, думаю, ёсьць амаль што ўсе. Таксама ў нас найбольш поўна сабраны друк беларускай эміграцыі”.
Айцец Аляксандр, вы зьбіраеце таксама і архівы?
(Надсан: ) “Маем архіўныя матэрыялы самыя найстарэйшыя зь 15 ст. на пэргамэнце напісаныя, таксама 16-17 стст. Але найбольш – 19 стагодзьдзя: царкоўныя архівы. 20 ст. вельмі шмат – царкоўныя, палітычныя дакумэнты, а таксама архівы беларускіх арганізацыяў і асабістыя архівы беларусаў замежжа, асабліва архівы беларускіх пісьменьнікаў. Так што, калі хто хоча вывучаць гісторыю беларускай эміграцыі, у нас ён знойдзе вельмі шмат матэрыялаў”.
Вядома, што пры бібліятэцы быў закладзены таксама музэй?
(Надсан: ) “Музэй, я б сказаў, ёсьць дадатак да бібліятэкі, але вельмі важны. Калі прыходзяць да нас ангельцы ці французы, якія не ведаюць беларускай мовы і таму да кніжак ня маюць доступу, то яны могуць паглядзець экспанаты. Мы маем два арыгінальныя слуцкія паясы. Ёсьць старыя манэты 15 ст. Вялікага Княства Літоўскага, маркі паштовыя БНР, а таксама ёсьць узоры вопраткі, прылады працы і іншыя этнаграфічныя экспанаты”.
Хто звычайна карыстаецца фондамі бібліятэкі?
(Надсан: ) “Карыстальнікі ёсьць розныя. Прыяжджаюць навукоўцы-славісты з усяго сьвету шукаць матэрыялы, прайшло ўжо больш тысячы чалавек. Беларусы прыяжджаюць паглядзець бібліятэку, ня толькі навукоўцы, а ўсе, каго гэта цікавіць. Мы вельмі любім тых, якія прыяжджаюць з Бацькаўшчыны”.
Якія цяжкасьці мае бібліятэка сёньня? Якія намеры маеце на будучыню, ці ўдасца захаваць бібліятэку і надалей?
(Надсан: ) “Бібліятэка пакуль што нармальна працуе. Я хацеў бы мець наступніка малодшага. На блізкую будучыню мы забясьпечаныя. У нас зараз ужо ёсьць бібліятэкар, які займаецца стварэньнем каталёгаў.
Добра было б падрыхтаваць некалькі выданьняў, але, на гэта патрэбныя грошы. Далей наш лёс будзе залежаць ад падтрымкі беларускага грамадзтва. Цяпер ёсьць ужо новая эміграцыя. Калі беларускае грамадзтва захоча, каб бібліятэка існавала, то яна будзе. Калі не, то бібліятэка будзе ліпець. Мы зрабілі, што маглі. Думаю, што нямала дасягнулі. Будучыня цяпер залежыць ад новых людзей, як яны захочуць”.
За 30 гадоў дзейнасьці бібліятэка імя Скарыны стала адным з найбольш вядомых беларускіх культурных цэнтраў у замежжы. Вось як ацэньваюць яе агульнанацыянальную значнасьць тыя, каму давялося карыстацца фондамі бібліятэкі
Гаворыць пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які двойчы наведваў Скарынаўку ў пошуках разгадкі таямніцаў беларускай гісторыі.
(Арлоў: ) “Як у савецкія часы, так і цяпер уладныя структуры па-сутнасьці не займаюцца пашырэньнем нашай культуры ў сьвеце. У Беларусі адсутнічаюць арганізацыі кшталту Нямецкага інстытуту імя Гётэ альбо Польскага інстытуту, якія маюць свае філіі ў розных кутках сьвету. У гэтых умовах выключную ролю адыгрывае бібліятэка імя Скарыны ў Лёндане. Яна дае магчымасьць беларусістам, славістам з самых розных краінаў мець доступ як да навінак беларускай літаратуры, так і да ранейшых выданьняў.
Мне таксама пашчасьціла працаваць у Скарынаўскай бібліятэцы, гартаць рукапісы Купалы, Коласа, Ластоўскага, якія там зьберагаюцца. Я ксэракапіяваў гравюры з кнігі Гваніні. Калі гаварыць пра збор эміграцыйных выданьняў, то ён у Скарынаўцы найбагацейшы ў сьвеце.
У маім паэтычным зборніку “Фауна сноў” ёсьць верш-вэрсэт, які так і называецца “Бібліятэка імя Скарыны ў Лёндане”. Там ёсьць такія радкі: “Нешта дзеецца з часам, стагодзьдзі набываюць розную працягласьць і шчыльнасьць і, што самае небясьпечнае, пачынаюць дэфузіраваць, у выніку чаго твой 1994 год можа апынуцца дзе-небудзь паміж Вялікай францускай рэвалюцыяй і Луі Філіпам”.
Айцец Аляксандар сказаў, што бібліятэку наведваюць навукоўцы-славісты з розных краінаў. Але, найперш, туды прыходзяць беларусісты з самой Ангельшчыны. Да аднаго зь іх, Джэймса Дынглі, мы зьвярнуліся з наступным пытаньнем
Сп. Дынглі, як адбылося Ваша першае знаёмства зь бібліятэкаю ў Марыенгаўз?
(Дзінглі: ) “Нават тады, калі бібліятэкі афіцыйна яшчэ не было. Я сустрэўся з айцом Аляксандрам недзе ў 1964 ці 1965 г. Ён тады мяне пазнаёміў з калекцыяй кнігаў ў Марыенгаўз, сабранай біскупам Сіповічам”.
Ці даводзілася Вам працаваць у гэтай бібліятэцы, як дасьледчыку?
(Дзінглі: ) “Так, вельмі часта, я там пісаў артыкулы, даклады на розныя тэмы, зьвязаныя з беларусыстыкаю. Зьбіраў інфармацыю з кнігаў, часопісаў, архіваў”.
Як Вы ацэньваеце значнасьць гэтай бібліятэкі для беларусістаў, чым яна каштоўная?
(Дзінглі: ) “Бібліятэка каштоўная ў першую чаргу тым, што яна існуе ўвогуле. Але ў яе ёсьць спэцыфічныя рысы. Яна мае выданьні Скарыны і іншыя рэдкія першадрукі. Я б хацеў спадзявацца, што ўсё гэта ёсьць таксама і ў Беларусі, але, калі няма, то гэта значыць, што роля Скарынаўскай бібліятэкі яшчэ больш значная”.
Ці іншыя народы таксама маюць падобныя бібліятэкі ў Лёндане?
(Дзінглі: ) “Маюць. Палякі маюць вельмі вялікую бібліятэку ў Лёндане. Украінцы таксама маюць, але іхняя праблема ў тым, што бібліятэкі ажно тры ў розных месцах. Самае галоўнае для беларусаў, што ўсё сканцэнтравана ў адным месцы, у адным будынку”.
У часе размовы з захавальнікам Скарынаўкі айцом Аляксандрам Надсанам ён прыгадаў, што ў свой час першы заробак беларускія эмігранты аддавалі на грамадзкія патрэбы. Бібліятэка дагэтуль існуе на працэнты ад сабраных тады грошай. Традыцыю варта было б прадоўжыць новай эміграцыі.
Сёньня перад бібліятэкаю стаяць і фінансавыя, і кадравыя праблемы, а таксама пытаньні збору новых матэрыялаў, якія апошнім часам з цяжкасьцю трапляюць у ейныя фонды. “Прысылайце нам свае кнігі!” – зьвяртаецца да беларусаў айцец Аляксандр, якому, дарэчы, праз два месяцы спаўняецца 75 гадоў.
Цяпер бібліятэка рыхтуецца да юбілейнай канфэрэнцыі, якая пройдзе ў верасьні, яе тэма – “Роля дыяспары ў беларускай культуры”, пачаткі якой у Вялікай Брытаніі заклаў у ХІХ стагодзьдзі паўстанец-эмігрант Аляксандар Рыпінскі.