Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статус жанчыны ў хрысьціянскай царкве


Кастусь Бандарук, Прага

У нашых папярэдніх перадачах мы размаўлялі пра статус жанчыны ў ісьляме. На пытаньне, ці жанчына ў ісьляме сапраўды дыскрымінаваная адказвалі ўсходазнаўцы, а таксама самі жанчыны-мусульманкі з розных краінаў. У сёньняшнім выпуску, у працяг гэтай тэмы, гутарка пойдзе пра “статус жанчыны ў хрысьціянскай Царкве”. У перадачы ўдзельнічаюць: каталіцкая манашка з выдавецтва “Авэ Марыя” ў Менску Марына Пашук і супрацоўніца выданьня Царквы Евангельскіх Хрысьцінаў “Крыніца Жыцьця” Алла Трубчык.

У адной з папярэдніх перадачаў прысьвечаных статусу жанчынаў ў ісьляме, я прывёў наступную цытату “найлепшае месца для жанчыны, там, дзе яна сябе адчувае шчасьлівай і свабоднай, гэта мусульманскія краіны… Найлепшы варыянт для жанчыны – жыць у ісьлямскім сьвеце”. Гэткую думку выказала ўдзельніца адной з нашых праграмаў- Іман Валерыя Порахава, расейка, якая прыняла ісьлям, аўтарытэтны ісьлямавед, аўтар адзінага, кананічнага перакладу Карану на расейскую мову. Яна адкінула ўсе закіды ў бок ісьляму, даказала, што ісьлям і Каран надзвычай ўзвысіў жанчыну ў параўнаньні з старажытнымі часамі і абгрунтавала нават сэнс нашэньня паранджы. У сувязі з гэтым мне падалося лягічным прыглядзецца статусу жанчыны ў хрысьціянстве.

У лісьце накіраваным да ўдзельніцаў IV міжнароднай канфэрэнцыі ААН на тэму жанчынаў ў верасьні 1995 ў Пэкіне Папа Ян Павал ІІ пісаў: “пераадольваючы культурныя ўзоры сваёй эпохі Хрыстос выяўляў у дачыненьні да жанчынаў адкрытасьць, павагу, зразуменьне і сардэчнасьць”. Няма сумневу, Хрыстос выступіў супраць старога правіла, ў абарону годнасьці жанчыны, найперш як жонкі і маці. Хрысьціянін ня можа ўручыць разводны ліст жонцы, якая яму перастала падабацца. Ён таксама абавязаны паважаць і ахоўваць старых бацькоў. Прыклад стаўленьня Хрыста да Самаранкі, Марыі Магдаліны, блудніцы, жанчыны-хананейкі, ды іншых жанчынаў, пацьвярджае гэта. “У ніводнай рэлігіі альбо сьветапоглядзе, жанчына гэтак не шануецца і не паважаецца, як у хрысьціянстве” – лічыць выдатны каталіцкі тэоляг 20-га стагодзьдзя – Бэрнард Гарынг (Bernard Haring). Але, ўсё ж, існуе стэрэатып згодна якога хрысьціянская Царква быццам прынізіла жанчыну, крытэр маралі прывязала да полавых органаў, а жанчыну пачала ўспрымаць як сатанінскую прыладу. Вось таму з пытаньнем пра тое, што думаюць пра дыскрымінацыю жанчынаў ў хрысьціянстве, я зьвярнуўся да прадстаўніцаў асноўных хрысьціянскіх канфэсыяў ў Беларусі. Найперш прадстаўніца Царквы Евангельскіх Хрысьціянаў Алла Трубчык.

(Трубчык: ) “Слава нашага веравызнаньня ў тым, што ў Хрысьце няма ні мужчынскага, ні жаночага полу. Хрыстос вырашыў нарадзіцца ад жанчыны, і вось гэтым Ён узвысіў жанчыну і мацярынства. Хрыстос бачыў ў жанчыне поўнавартасную чалавечую істоту, роўную мужчыне. І мужчына, і жанчына зьвязаныя тымі ж маральнымі законамі. Усе маем аднолькавы доступ да Хрыста. Хрыстос адорыў жанчыну свабодай, абудзіў ў ёй сапраўднае разуменьне пакліканьня і абавязку. Прызначэньне жанчыны заключаецца найперш у ейным сэрцы. Дзякуючы сваім якасьцям яна можа любіць, спачуваць. Яна прызначаная служыць іншым. Жанчына-хрысьціянка не адчувае сябе дыскрымінаванай, бо яна разумее, што яна жанчына, а не мужчына”.

У гістарычным пляне, стаўленьне да жанчынаў сапраўды пачало зьмяняцца разам з ажыўленьнем культу Дзевы Марыі. Прыблізна ў 12 стагодзьдзі “старая Эва” пачынае ўступаць месца “новай”. Бляск ад Марыі пашыраецца на ейных сясьцёр. Калі Хрыстос пажадаў нарадзіцца ад жанчыны, значыць усяму жаночаму полу належыць павага і шанаваньне. Жанчыны, якія дагэтуль толькі зрэдку, і то пераважна на Ўсходзе, займалі высокія пасады, напрыклад, імпэратрыца Тэадора, усё часьцей бываюць каралевамі, начальніцамі манастыроў і дарадніцамі ўладароў.

Блаславёны дамініканец Гэнрык Сузо, ідучы балоцістай сьцежкай саступае месца напатканай жанчыне. На пытаньне, чаму ён робіць гэта, вучоны манах адказвае: “у тваёй асобе я ўшаноўваю зямную Маці Хрыста”. На жаль, гэта рэабілітацыя жанчыны з дапамогай моды і культуры двара, не зьняла з жанчыны кляйма віны першай маці – Евы. Жанчына не выклікала даверу. Яе лічылі слабой, не надта інтэлігентнай, каварнай, распуснай і схільнай да хлусьні. Нават сам Папа Ян Павал І І прызнаў гэты факт. “Мы зьяўляемся спадкаемцамі гісторыі”, – пісаў ён. – “калі ў розныя часы і ў розных месцах жанчына была прыніжаная ў сваёй годнасьці, ігнараваная і недаацэненая, выпіхнутая на ўзбочыну жыцьця, а нават зьведзеная да ролі нявольніцы… Калі ў пэўным гістарычным кантэксьце, аб’ектыўную адказнасьць за гэта нясуць некаторыя сыны Царквы, я выказваю з гэтай прычыны шчырае шкадаваньне”. Што думае на гэты конт каталічка? Калі ласка, сястра Марына Пашук.

(Пашук: ) “Ня вельмі справядліва казаць, што ў хрысьціянстве, асабліва ў каталіцтве, ёсьць дыскрымінацыя жанчынаў. У шматлікіх дакументах Апостальскай Сталіцы падкрэсьліваецца ўзьнёслая роля жанчыны, у прыватнасьці ў апостальстве, хаця гэтая ейная місія адрозьніваецца ад місіі мужчынаў. Жанчына можа быць цудоўным апосталам ў сваёй сям’і, на месцы працы, падчас сустрэчаў і кантактаў зь людзьмі. Касьцёл заўсёды ставіў перад жанчынамі прыклад Найсьвяцейшай Божай Маці, ейную ціхмянасьць, пакору, паслухмянасьць, клапатлівасьць, чульлівасьць. Якраз тыя ўзьнёслыя рысы, якія можа пераймаць ад яе жанчына, ня толькі каталічка, хрысьціянка, але ўвогуле любая жанчына”.

Бадай, найбольш вядомы дакумэнт Апостальскай Сталіцы аб дапаможнай ролі жанчыны ў апостальстве гэта Ліст да сьвятароў на Вялікі Чацьвер 1995-га году Mulieris dignitatem. Аднак нельга забываць, што папярэднік Яна Паўла ІІ, Пій ІІ (1405-1464) пісаў іншае: “Калі бачыш жанчыну, памятай, што гэта д’ябал. Яна ёсьць своеасаблівае пекла”. Ужо некалькі дзесяткаў гадоў пасьля Хрыста, найбольш творчы і адданы Эвангэльлю апостал Павал пісаў: “Жанчыны, пакарайцеся сваім мужом, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жанчыны, як і Хрыстос галава Царквы…Жонка няхай баіцца свайго мужа” (Эф.5,22,23,33) “У жанчыны сама сьвядомасьць існаваньня павінна выклікаць сорам” –пісаў у ІІІ стагодзьдзі выдатны Айцец Царквы Клімент Александрыйскі.

“Увесь жаночы пол слабы і лёгкадумны. Па сваёй натуры жанчыны прызначаныя задавольваць пажадлівасьць мужчыны. Жанчына можа быць узвышаная толькі дзякуючы мацярынству.” – цьвердзіў выдатны тэоляг 4-га стагодзьдзя Ян Залатавусны. Заходнія тэолягі лічылі гэтак сама. Паводле блаславёнага Аўгустына ( 354-430) “жанчына-пасярэдняя істота, яна ня створаная на вобраз і падабенства божае. Гэта натуральна, што жанчына павінна служыць мужчыне”. У сваіх “Вызнаньнях” Аўгустын надта каецца, што ў маладосьці залез ў чужы агарод, але ня кажа, што адаслаў за мора жанчыну, зь якою пражыў шмат гадоў, адабраў у яе сына і ажаніўся з больш адпаведнай для ягонага статусу, больш шляхетнай жанчынай. Пакаяцца ў гэтым яму нават не прыйшло ў галаву.

Выдатны тэоляг Фама Аквінскі (1225-1275) пісаў, што “жанчына – гэта памылка натуры, від скалечанага, няўдалага мужчыны. Ейная вартасьць палягае ў здольнасьці нараджаць дзяцей і ў прыдатнасьці да хатніх заняткаў”. Такім чынам замацаваўся стэрэатып, што найбольш адпаведнае месца для жанчыны, гэта “Kinder, Kuche, Kirche”. Нават у лісьце да ўдзельніцаў міжнароднай Жаночай Канфэрэнцыі ў Пэкіне, Ян Павал ІІ пісаў: “Дзякуем табе жанчына-маці, якая ў сваім ўлоньні носіць чалавечую істоту ў радасьці і клопаце выключнага дасьведчаньня дзякуючы якому, ты становішся ўсьмешкай для народжанага дзіцяці, павадыром ягоных першых крокаў, апірышчам у пэрыяд дасьпяваньня і ўзорам на далейшы шлях жыцьця… Дзякуем табе жанчына-жонка, якая непарыўна спалучае свой лёс зь лёсам мужа, калі праз узаемную самааддачу служыць адзінству і жыцьцю… Дзякуем табе жанчына-дачка, жанчына-сястра, якая ўносіць у родны дом, а затым цягам ўсяго жыцьця багацьце сваёй чульлівасьці, інтуіцыі, ахвярнасьці і нязьменнасьці”

Гэта значыць, што Царква даўно вызначыла жанчыне канкрэтную ролю, толькі ці гэта роля задавальняе самую жанчыну? Калі ласка, сястра Марына Пашук.

(Пашук: ) “Гэта натуральная роля. Жанчына можа выконваць любую прафэсію, самыя розныя функцыі, нават у пэўных касьцельных структурах, але яна, я лічу, ніколі не павінна забывацца, што яна жанчына, што некаторыя якасьці характэрныя толькі для яе. Напэўна, яна ніколі не стане мужчынам, ня будзе гэтак цьвяроза разважаць пра розныя велічныя справы. Напэўна ў яе будзе больш пачуцьцёвасьці, але гэта, магчыма, і ўпрыгожвае жанчыну. Напрыклад, у нашым беларускім касьцеле, вельмі шмат жанчынаў робяць добрыя справы. Возьмем той жа “хатні касьцёл”, “Легіён Марыі”, тыя ж выдавецкія справы, друк. Ёсьць шырокае поле дзейнасьці і для жанчынаў. Асабліва цяпер патрэбныя і неабходныя катэхеткі, якія вучаць дзяцей рэлігіі. Жанчына можа езьдзіць зь лекцыямі ў вучэльні, інстытуты, дзіцячыя садкі. Працы вельмі шмат. Абы толькі хапіла на ўсё гэтае часу”.

Гэта была каталіцкая манашка – Марына Пашук. Працы напэўна ёсьць шмат. Аднак мне падаецца вартым увагі факт ейнай аднабаковасьці. Гэта выхаваньне дзяцей і моладзі, катэхізацыя, ахова здароўя, дабрачынная дзейнасьць. Многія жанчыны проста лічаць, што яны заслугоўваюць іншага і большага. Яны хочуць рабіць прафэсійную кар’еру, шукаюць спосабаў самарэалізацыі па-за межамі варэльні і пампэрсаў, але Царква нагадвае ім іхную першарадную ролю.

Магчыма, сацыяльная эмансыпацыя жанчыны не зьяўляецца першараднай праблемай ў Беларусі, дарэчы, праблемай ў хрысьціянскім сьвеце сталася трохі іншае. У пратэстанцкіх цэрквах жанчыны адваявалі сабе права стаць сьвятарамі і нават біскупамі. У адказ на аналягічныя патрабаваньні з боку каталічак Ян Павал І І напісаў: “На падставе прыкладу Хрыста, апостальскай практыкі і нязьменнага веравучэньня Царквы, каб разьвеяць любыя сумненьні ў такой важнай справе, маім ўладным аўтарытэтам заяўляю, што Царква не мае права даваць сьвятарскі сан жанчынам, і ўсе вернікі павінны лічыць гэтае рашэньне канчатковым”.

(Пашук: ) “Ведаеце, ніхто не аспрэчвае Сьвятое Пісаньне, згодна якому Хрыстос паклікаў апосталаў, але сярод іх не было жанчынаў. Разумеючы сваё асноўнае пакліканьне, тых, хто клапатліва дапамагае і служыць, першыя хрысьціянкі пагаджаліся са сваёй роляй. Яны дапамагалі апосталам, спадарожнічалі зь імі, падзялялі іхныя цярпеньні і клопаты. Зыходзячы з гэтага, я думаю, што сучасныя жанчыны, у 21-м стагодзьдзі, напэўна павінны браць прыклад са старажытных хрысьціянак. Тое, што цяперака некаторыя жанчыны хочуць адыгрываць большую ролю, дык гэта не на карысьць самой жанчыне”.

Тым ня менш, насуперак таму, што кажа сястра Марына Пашук, сьвятарства жанчынаў сталася фактам. Ажно 84 пратэстанцкія цэрквы ў сьвеце дапусьцілі жанчынаў да сьвятарства. У Евангельска-Лютэранскай Царкве, першыя жанчыны-пастары зьявіліся ўжо ў 1945 годзе. У Нямеччыне, 12 % адсоткаў пастараў, гэта жанчыны. У Швэцыі іх колькасьць дасягае паловы. У 92-м годзе, Англіканская Царква, якая раней аднавіла старажытную пасаду “дыяканісаў”, таксама дазволіла высьвячаць жанчын на сьвятароў. Праўда, гэта не дапамагло пераадолець глыбокі крызіс у гэтай Царкве, запачаткавала раскол і абвастрыла дачыненьні з Ватыканам. А як у гэтым сэнсе выглядае сытуацыя ў беларускіх пратэстантаў? Распавядае супрацоўніца выданьня Царквы Евангельскіх Хрысьцінаў “Крыніца Жыцьця”Алла Трубчык.

(Трубчык: ) “У нас ёсьць адна такая царква, дзе жанчына-сьвятар, калі можна так сказаць, але гэта непрактычна. Трэба адзначыць, што ў першым лісьце Апостала Паўла да Цімафея сказана, каб "жанчына не верхаводзіла над мужчынам, але каб заставалася ў маўклівасьці”. Таму яна і не гаворыць казаньняў ў царкве, але там, дзе няма прапаведнікаў-мужчынаў, яна можа гэта рабіць. У нашай царкве жанчыны служаць хто чым можа, хто як можа. Старым жанчынам дазваляецца вучыць маладых, аб чым таксама гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні. Жанчыны бываюць настаўніцамі ў нядзельных школках, займаюцца дабрычыннай дзейнасьцю, пашыраць веру. У часе багаслужбаў яны могуць дэклямаваць вершы, сьпяваць, кіраваць хорам, альбо музыкальнай групай, праводзіць нейкія сэмінары для жанчынаў і дзяцей. Ёсьць настаўніцы ў біблейскіх школах, навучаюць хрысьціянскай гісторыі. Адным словам, усе адказныя працы ў царкве выконваюць мужчыны, а жанчыны ім дапамагаюць”.

Такім чынам, ніводная прадстаўніца галоўных ў Беларусі цэркваў ня лічыць сябе дыскрымінаваныя. Іхны традыцыйны статус ў Царкве для іх цалкам натуральны і задавальняючы. Яны таксама ня марыць аб тым, каб стаць сьвятарамі. Значыць, гэтая праблема ў Беларусі яшчэ не існуе, але ніхто ня ведае, ці яна не зьявіцца праз некаторы час. Што тычыцца ролі, якую вызначыла жанчыне Царква, я хацеў бы прыгадаць думку дзеячкі Фэмінісцкай Лігі Яўгеніі Козыравай.

(Козырава: ) “Мець сям’ю і дзяцей, працаваць, або не працаваць – гэта не абавязак жанчыны, але ейнае права. Гутарка йдзе аб праве на выбар. Ніхто ня павінен і ня можа ўказваць жанчыне, дзе ў дадзены момант ейнае месца. Кожная сям’я сам робіць выбар. Адна справа, калі дамачадцы вырашаць, што зараз выгадней, калі мама пабудзе дома з дзецьмі, а затым выйдзе на працу, а іншая справа, калі жанчына вымушаная заставацца дома, таму, што яе прымусілі і нікуды не бяруць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG