Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы малітаўнік айца Аляксандра Надсана – 800 старонак беларускіх пабожных тэкстаў!


Сяргей Абламейка, Прага

У мінулым месяцы Апостальскі Візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан скончыў шматгадовую працу над складаньнем грэка-каталіцкага малітаўніка “Госпаду памолімся”. Вернікі змогуць набыць гэтую кніжку ў студзені наступнага году, гэта значыць прыблізна праз паўтара-два месяцы. Малітоўнік налічвае 800 старонак, што само па сабе сьведчыць аб грунтоўнасьці выданьня. Можна ўжо сёньня сказаць, што гэта неардынарная падзея ў беларускай рэлігійнай культуры. Беларускіх малітаўнікаў у ХХ стагодзьдзі выйшла ня так шмат. Скажам, суседнія палякі маюць тысячы розных выданьняў, а беларуская традыцыя налічвае ўсяго некалькі дзясяткаў падобных кніжак. На пачатку сёньняшняй перадачы айцец Аляксандра Надсана гаворыць пра вытокі традыцыі выданьня беларускіх малітаўнікаў.

(Надсан: ) “Многія сьвятыя, гэта значыць, тыя, хто заўсёды жыў у сьвядомасьці прысутнасьці Божай, пакінулі нам тэксты сваіх малітваў, і яны, побач з афіцыйнай малітвай царквы, зьяўляюцца невычэрпнай духоўнай скрабніцай, зь якой мы ўсе карыстаем. Малітаўнікі якраз зьмяшчаюць частку гэтых вялікіх духоўных скарбаў. Малітаўнікаў ёсьць вельмі шмат на сьвеце. Іхны зьмест таксама ў вялікай меры залежыць ад укладальніка, які можа быць аўтарам усіх або часткі малітваў у гэтай кнізе. Беларускія малітаўнікі маюць сваю доўгую і ганаровую гісторыю, бо першы малітаўнік быў “Малая падарожная кніжка” Францішка Скарыны, якая выйшла ў Вільні ў 1522 годзе. Зьмест яе даволі традыцыйны і яна зьмяшчае ў сабе царкоўныя службы – Ютрань, Вячэрню, а таксама і малітвы для прыватнага карыстаньня – Псальмы, Акафісты і гэтак далей. Аўтарам некаторых малітваў быў несумненна сам Скарына. Ён таксама памясьціў малітвы Сьвятога Кірылы Тураўскага. Такім чынам яго кніга набыла свой мясцовы, беларускі характар. Вельмі шмат малітаўнікаў выйшла ў канцы XVI і ў XVII стагодзьдзях – праваслаўных і вуніяцкіх. Цікава тое, што хоць малітвы былі і на царкоўна-славянскай мове, шмат тэкстаў або паясьненьняў было па-беларуску. Таксама там былі спэцыяльныя разьдзелы, як Малітвы пры Сьвятой Літургіі і заўсёды цэлы разьдзел малітваў Сьвятога Кірылы Тураўскага. Так што гэта таксама зноў жа мясцовы, беларускі характар”.

Як сказаў айцец Аляксандар Надсан, першы беларускі малітаўнік – гэта “Малая падарожная кніжка” Францішка Скарыны. У XVIIІ і ХІХ стагодзьдзях, калі Беларусь перажывала пэрыяд нацыянальнага і духоўнага заняпаду, беларускія малітаўнікі практычна не выдаваліся – было толькі некалькі маргінальных спробаў ў ХІХ і самым пачатку ХХ стагодзьдзяў пераважна ў асяродзьдзі Каталіцкай царквы выдаць асобныя малітвы па-беларуску. Традыцыя выданьня паўнацэнных малітоўнікаў аднавілася ў 1915 годзе, калі беларускі каталіцкі і грамадзкі дзяяч Баляслаў Пачобка выдаў малітаўнік “Бог з намі”.

Mалітаўнік айца Аляксандра Надсана “Госпаду памолімся” – грэка-каталіцкі. Вось што гаворыць сам укладальнік пра аднаўленьне уніяцкай традыцыі малітаўнікаў у ХХ стагодзьдзі.

(Надсан: ) “Калі ідзе пра грэка-каталіцкія малітаўнікі, дык першы паважны малітаўнік быў “Божым шляхам” айца Лява Гарошкі, выдадзены ў Рыме ў 1946 годзе. Цікава, што я пытаўся ў яго, чаму ён не памясьціў там тэксту Сьвятой Літургіі, ён тады сказаў, што не хацеў памяшчаць, бо не было перакладу на беларускую мову. А ён хацеў, каб малітаўнік быў сапраўды беларускі”.

Як бачым са словаў айца Аляксандра Надсана, уніяцкая традыцыя ў ХХ стагодзьдзі пачалася ўжо як нацыянальна бескампрамісная і адназначна беларуская – архімандрыт Леў Гарошка не ўключыў у малітаўнік тэкст Літургіі, бо тады яшчэ не было адпаведнага перакладу. Пры гэтым іншыя малітвы ён падаў у сваім рымскім малітаўніку 1946 году паралельна па-царкоўна-славянску і па-беларуску.

Я папрасіў нашага менскага карэспандэнта Альгерда Невяроўскага зрабіць агляд каталіцкіх і праваслаўных выданьняў малітаўнікаў за гады незалежнасьці Беларусі, гэта значыць за апошнія 10 год.

(Невяроўскі: ) “Найбольшыя дасягненьні ў справе выданьня беларускамоўнай літаратуры, неабходнай для набажэнстваў, за 10 гадоў незалежнасьці Беларусі меў Каталіцкі касьцёл. З 1991 году каталіцкімі выдавецтвамі было выдадзена каля 20 малітоўнікаў для людзей рознага веку й заняткаў.

Напрыканцы 1991-га і ў пачатку 1992 году пры менскім касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы і сьв. Роха, а таксама пры Чырвоным ды іншых касьцёлах Беларусі выдаваліся адмысловыя лісткі з малітвамі і літаніямі, але выходзілі яны невялікімі накладамі і распаўсюджваліся сярод парафіянаў. У той жа час, выдавецтва Чырвонага касьцёлу выпусьціла два выданьні парадку сьвятой Імшы на некалькіх моваў, у тым ліку і па-беларуску.

Трохі пазьней, коштам Беларускай каталіцкай грамады быў перавыдадзены беларускі малітоўнік "Голас душы" віленскага выданьня 1926 году, аднак з-за невялікага накладу і трохі архаічных тэкстаў гэтая кніжка таксама ня мела шырокага карыстаньня.

У 1993 годзе пробашч менскага Чырвонага касьцёлу ксёндз Уладыслаў Завальнюк выдае кніжку для прыватнага набажэнства пад назваю "Сьвяты ружанец".

Аднак найбольш актыўна розныя каталіцкія выдавецтвы пачалі выпускаць малітоўнікі пасьля 1997 году. У гэтым годзе у менскім выдавецтве фонду Маці Божай Фацімскай накладам у 15 000 асобнікаў выйшаў Фацімскі малітоўнік. У тым жа годзе ў Горадні выйшлі кніжкі для набажэнства пад назваю “Таямніца шчасьця” (вытрымала некалькі выданьняў) і малітоўнік "Маё беззаганнае сэрца затрыюмфуе" – наклад 2 000 асобюнікаў, укладальнікі Гасьціловіч, Вішнеўская і кс. Тадэвуш Крыштопік. Годам пазьней кс. Уладыслаў Завальнюк выдаў даволі аб'ёмны малітоўнік пад назваю "Сьвятыня Беларусі", прысьвечаны Будслаўскай Багародзіцы.

Але найбольшыя посьпехі ў выдаваньні малітоўнікаў у менскага выдавецтва "Pro Christo". У мінулым і гэтым годзе гэтая суполка выдала ажно чатыры малітоўнікі агульным накладам больш 42 000 асобнікаў. Гэта кнігі "Ойча наш", малітоўнік-брэвіярый для сэмінарыстаў (укладальнік айцец Аркадзь Куляха), “Ружанцовыя разважаньні” ксяндза пралата Міхала Салаты і “Маці ў малітве – набажэнства першых суботаў”. У гэтым жа выдавецтве да друку цяпер рыхтуецца “Дзіцячы малітоўнік”. Яшчэ адзін беларускамоўны малітоўнік пад назваю “Навэнна да Божай міласэрнасьці” ў 1999 годзе быў выдадзены польскай групай Касьцёльнай дапамогі для каталікоў на Ўсходзе.

У Беларускага Эгзархату Рускай Праваслаўнай царквы ў справе выданьня малітоўных кніжак для вернікаў справы больш сьціплыя. У гэтым прызнаўся і рэдактар выдавецкага аддзелу Брацтва Трох віленскіх пакутнікаў пры менскім Петрапаўлаўскім саборы Леанід Качанка.

Гэтае праваслаўнае брацтва, дарэчы, ёсьць адзінай установай, што выдае ў Беларусі праваслаўную літаратуру па-беларуску. Высілкамі брацкага выдавецтва нядаўна быў перавыдадзены Беларускі праваслаўны малітоўнік, першае выданьне якога пабачыла сьвет у 1985 годзе ў Таронце коштам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. А так ад 1994 году ў выдавецтве Брацтва Трох віленскіх пакутнікаў штогод выходзіць беларускамоўны праваслаўны каляндар, адну з частак якога складаюць малітвы для розных набажэнстваў. Але ў праваслаўнага выдавецтва ёсьць і сур'ёзныя пляны на будучыню. Гаворыць Леанід Качанка:

(Качанка: ) "Ёсьць у нас брашуры – праваслаўныя багаслужэньні. Там якраз айцец протаерэй Сергій Гардун робіць пераклад малітваў. Напрыклад, у апошнім нашым календары "Беларуская праваслаўная царква" ён ранішнія малітвы пераклаў. Былі публікацыі вячэрніх малітваў. Я думаю прыйдзе час, калі мы зьбярэм больш-менш ёмісты матэрыял і гэта будзе не брашура, а цэлая кніжка".

Гэта быў Альгерд Невяроўскі з аглядам выданьняў беларускіх праваслаўных і каталіцкіх малітаўнікаў за апошнія 10 год. А што адбываецца з гэтым у пратэстантаў? Ці выдаюць яны малітаўнікі і ці карыстаюцца імі? Я пазваніў менскаму пратэстанцкаму прапаведніку Андрэю Дылюку.

(Дылюк: ) “У пратэстантаў няма традыцыі маліцца па напісаных тэкстах. Малітоўнікі не выдаюцца, ды і не магчыма напісаць малітву на ўсе выпадкі жыцьця. Хаця ёсьць шмат літаратуры, якая падае прынцыпы малітвы. Аўтары паказваюць досьвед малітоўнага жыцьця. Але, на жаль, гэтая літаратура іншамоўная. Зь беларукскага… Ёсьць, напрыклад, у кнізе Юркі Рапэцкага “Новае жыцьцё ў Хрысьце” урыўкі пра малітву, ёсьць там і напісаныя малітвы, але гэта як выключэньні, і гэта прыклад для тых, хто ўвогуле ніколі не маліўся. Ёсьць на беларускай мове зборнік гімнаў хрысьціянскіх, дзе пададзеныя малітоўныя сьпевы. Ну а наогул, малітоўнікаў няма, не выдаюцца”.

Як бачым са словаў Андрэя Дылюка, беларускія пратэстанты не карыстаюцца малітаўнікамі і не выдаюць іх. Зрэшты, трэба сказаць, што беларускія пратэстанты – гэта далёка не адзіная царква, але супольнасьць цэркваў, і Андрэй Дылюк якраз належыць да маргінальнай пратэстанцкай часткі, калі браць усіх пратэстантаў у сусьветным маштабе. Такія цэрквы, як, напрыклад, Лютэранская, выдаюць малітаўнікі. Перад вайной малітаўнікі выдавалі нават беларускія мэтадысты.

А зараз вернемся зноў да малітаўніка айца Аляксандра Надсана, выданьне якога з увагі на яго грунтоўнасьць можа лічыцца надзвычайнай падзеяй у беларускай культуры. Я папрасіў айца Аляксандра Надсана расказаць пра зьмест малітаўніка і яго задачы як іх бачыць сам укладальнік.

(Надсан: ) “Ужо пасьля Другога Ватыканскага сабору, калі я пачаў перакладаць літургічныя тэксты на беларускую мову, прыйшла думка ўкласьці малітаўнік для вернікаў, каб забясьпечыць элемэнтарныя духоўныя патрэбы беларускага грэка-каталіцкага верніка ўжо ў канцы ХХ стагодзьдзя. І гэта паўплывала на зьмест і на мову, бо мова была ўжо толькі беларуская. Хацеў я, каб малітаўнік задаволіў прыватныя патрэбы, і таму там знаходзяцца малітвы ранішнія, вячэрнія, прынагодныя, а таксама псальмы, якія заўсёды можна чытаць самому – выбраныя псальмы, безумоўна. Ёсьць таксама акафісты і каноны. Ёсьць супольныя малітвы, якія ёсьць у царкве – гэта Службы Божыя: Вячэрня, Ютрань, эўхарыстычныя малітвы – Літургіі Яна Залатавуснага, Васіля вялікага, Раней Асьвячаных Дароў, а таксама выбраныя тэксты вялікапостных-, велікодных службаў і вялікіх Гасподніх сьвятаў царкоўнага году. Такім чынам вернік можа карыстацца гэтым малітаўнікам як у хаце для прыватных малітваў, так і ў царкве. Хацелася мне заўсёды, каб гэта быў беларускі малітаўнік ня толькі мовай, але і характарам, і таму я памясьціў там малітвы беларускіх сьвятых ці аўтараў – Сьвятога Кірылы Тураўскага, Скарыны з “Малой падарожнай кніжкі”, а таксама малітвы сучасных аўтараў – айца Лява Гарошкі, айца Язэпа Германовіча, а таксама “Магутны Божа” Арсеньневай. Усяго малітаўнік будзе мець каля 800 старонак – такая сабе маленькая новая “Малая падарожная кніжка”. Спадзяюся, што паколькі гэта першае такое выданьне – даволі абшырнае, яно прынамсі задаволіць самыя важныя духоўныя патрэбы нашых вернікаў, дапаможа ім жыць разам з Богам. Гэта была галоўная мэта выданьня малітаўніка”.

Дзякуй, айцец Аляксандар. Як бачым, айцец Аляксандар Надсан
стараўся, укладаючы малітаўнік, максымальна задаволіць патрэбы вернікаў у царкоўным жыцьці і ў асабістай малітве, а таксама хацеў, каб малітаўнік меў выключна беларускі характар. Менавіта таму ў малітаўнік “Госпаду памолімся” ўключаны тэксты Літургіяў, малебнаў, а таксама апрача агульнацаркоўных малітваў, і малітвы аўтарскія, напісаныя нашымі сучасьнікамі.

Паколькі грэка-католікі маюць аднолькавы з праваслаўнымі абрад, а як мы чулі з агляду Альгерда Невяроўскага, праваслаўных малітаўнікаў выдадзена няшмат – фактычна адзін, дык ці не маглі б і праваслаўныя карыстацца малітаўнікам айца Надсана? Я пазваніў у Рым рэдактару малітаўніка “Госпаду памолімся”, выпускніку філязофска-эканамічнага факультэту БДУ, а цяпер клерыку Грэцкай калегіі ў Рыме Сяргею Стасевічу.

(Стасевіч: ) “Наколькі мне вядома, па-беларуску праваслаўныя выдалі толькі адзін малітаўнічак, які ёсьць брашурай, што ўтрымлівае ранішнія і вячэрнія малітвы. Каталікі лацінскага абраду выдалі некалькі кніжак”.

(Абламейка: ) “Вы некалькі разоў падкрэсьлівалі раней, што з новым малітаўнікам і грэка-католік, і праваслаўны могуць прыйсьці на службу. Вы лічыце, што няма ніякай розьніцы – што каталік усходняга абраду, што праваслаўны можа карыстацца?”

(Стасевіч: ) “Па сутнасьці, мы маем адзін супольны абрад. Ён называецца бізантыйска-славянскі. Розьніца толькі ў дэталях. Скажам, мы маем Язафата Кунцэвіча, а праваслаўныя ня маюць”.

(Абламейка: ) “Тэксты большасьці набажэнстваў супадаюць?”

(Стасевіч: ) “У прынцыпе, розьніцы няма ніякай”.

Сяргей Стасевіч, рэдактар малітаўніка “Госпаду памолімся”, лічыць, што праваслаўныя могуць спакойна карыстацца новым грэка-каталіцкім выданьнем. У мяне гэта, шчыра кажучы, выклікала сумненьне і давялося пазваніць сакратару камісіі па перакаладзе Сьвятога Пісаньня Беларускага Эгзархату РПЦ прафэсару Івану Чароту. Вось нашая гутарка.

(Чарота: ) “У перакладах Сьвяшчэннага Пісаньня беларусы, як гэта ні дзіўна бывае для маіх суразмоўнікаў, маюць перакладаў больш, чым многія народы сьвету. Біблійная камісія, да якой я маю гонар належаць, скарыстоўвае ўсе гэтыя пераклады – і пераклад Дзекуця-Малея і Антона Луцкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Яна Станкевіча, Пятра Татарыновіча, Яна Пятроўскага, Мікалая Мацукевіча, Уладыслава Чарняўскага, Міхася Міцкевіча і іншыя. Спыню пералік, бо рабіў я яго, каб паказаць, што вопыт моўны ў перастварэньні і ператлумачэньні на беларускую мову Слова Божага Біблійная камісія Беларускага Эгзархату скарыстоўвае цалкам. І таму натуральна, што вопыт айца Аляксандра Надсана будзе несумненна скарыстаны. Іншая справа, што Біблійная камісія займалася дагэтуль у працягу 7 гадоў ня толькі перакладам уласна Сьвяшчэннага Пісаньня, але і Богаслужбовых тэкстаў таксама. Таму напрацоўкі маюцца, яны выдаваліся – 6-7 невялічкіх выданьняў ужо зроблена камісіяй. І ў Беларускіх календарах друкаваліся і Літургіі, і Малебны, і Акафісты. Вопыт усіх названых мной перакладчыкаў Сьвяшчэннага Пісаньня літаральна шторазу, калі мы працуем непасрэдна над перакладам, абагульняем, параўноўваем, удакладняем і канечне ж скарыстоўваем. Што датычыць пытаньня разьвесьці, скажам, Богаслужбовы ўжытакі і келейны, так бы мовіць, асабіста кожным зь вернікаў, дык тут я прагназаваць не магу, але думаю, што не выключаецца і гэтая магчымасьць”.

(Абламейка: ) “Калі я вас правільна зразумеў, тэарэтычна можа быць скарыстаны пераклад Літургіі айца Надсана. Апрача таго, нават нейкі праваслаўны вернік можа прыватна скарыстаць малітаўнік айца Надсана для малітвы?”

(Чарота: ) “Тэарэтычна, бясспрэчна, гэта можа адбывацца. І нават тут магла б узьнікаць і такая праблема, што калі гэтыя пераклады будуць мець настолькі высокі ўзровень, што ня будуць уступаць у супярэчнасьць з традыцыяй Праваслаўнай царквы, гэта можа адбывацца ў вялікім, у значынм аб’ёме. Між іншым, тут ня столькі істотная праблема канфэсійнага адрозьненьня, колькі ўсё ж такі той узровень распрацаванасьці тэрміналёгіі і прымальнасьці яе нават унутры адной канфэсіі. Я маю на ўвазе малітоўнік, які ў нас перадрукоўваўся, перавыдаваўся ў Беларусі ўжо ў навейшыя часы, – ўладыкі Мікалая Мацукевіча. Ён ёсьць і гэта праваслаўны малітоўнік, але сказаць, каб ім карысталіся, я пакуль што не магу. І гэта датычыцца ня толькі сьвяшчэннаслужыцеляў, але гэта датычыцца і вернікаў. Так што праблема яшчэ ёсьць і з гэтага боку – можа яна найбольшая”.

Як бачым, і прафэсар Іван Чарота не выключае магчымасьці выкарыстанья новага беларускага грэка-каталіцкага малітаўніка праваслаўнымі беларусамі. Прычым, як ён сказаў, малітаўнік можа быць скарыстаны і камісіяй па перакладзе, і сьвятарамі ў літургічным жыцьці, і вернікамі ў жыцьці прыватным. Галоўнае, каб была адпаведная якасьць тэкстаў. Калі малітаўнік зьявіцца ў продажы, аб гэтым гаварыць можна будзе больш канкрэтна. Сёньня ж можна павіншаваць айца Аляксандар Надсана з заканчэньнем шматгадовай працы, адзначыць безумоўную неардынарнасьць падрыхтаванага выданьня і пажадаць новаму малітаўніку доўгага жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG