Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітамін Е у два разы зьніжае рызыку захварэць на рак


Кастусь Бандарук, Прага

Пра тое, што спажываньне вітаміну Е засьцерагае ад раку, паведамілі 27 сакавіка амэрыканскія навукоўцы на сымпозіюме Таварыства дасьледаваньня ракавых захворваньняў у Арланда.

Вітамін Е ўпершыню быў выяўлены ў 1920 годзе. Падчас лябараторных дасьледаваньняў вучоныя заўважылі, што нястача пэўнай субстанцыі выклікае няплоднасьць у пацукоў. Калі грызуны атрымалі корм, багаты на вітамін Е, да іх адразу вярнулася плоднасьць. Менавіта з гэтае прычыны вітамін Е атрымаў назву токафэрол, што па-грэцку азначае “нараджаць нашчадкаў”.

Вітамін Е ўдзельнічае ў мэтабалізьме ў якасьці антыаксыданту. Ён павялічвае колькасьць кіслароду ў крыві, прадухіляе распад вітаміну А й таксычных прадуктаў. Вітамін Е патрэбны для правільнай вытворчасьці спэрмы, таму ў наш час ён шырока выкарыстоўваецца пры лячэньні няплоднасьці. Аднак гэты вітамін мае і шэраг іншых карысных уласьцівасьцяў. У прыватнасьці вітамін Е:

– умацоўвае імунную сыстэму;
– падаўжае жыцьцё спэрматазоідаў;
– паніжае ровень халестэрыну;
– нэўтралізуе свабодныя радыкалы, з прычыны якіх скура траціць гнуткасьць, пругкасьць і вільготнасьць;
– запавольвае працэсы старэньня.

Вучоныя даўно лічылі вітамін Е “эліксірам маладосьці”, бо ён дадае энэргіі, станоўча ўплывае на зрок і паляпшае выгляд. Таму вітамін Е – неад’емны складнік касмэтычных прэпаратаў. Спэцыялісты здаўна ведаюць, што, зьніжаючы ўзровень халестэрыну, вітамін Е такім парадкам засьцерагае ад сардэчна-судзінных хваробаў.

З дасьледаваньня, праведзенага ў ЗША на 80 тысячах мэдычных сёстрах і 40 тысячах лекараў-мужчынаў, якія прымалі павышаныя дозы вітаміну Е, вынікае, што рызыка хваробаў сэрца зьменшылася ў іх на 40%.

Цяпер жа амэрыканскія навукоўцы даказалі, што гэты вітамін памяншае рызыку захварэць на некаторыя віды раку. Гаворка сярод іншага ідзе пра рак мачавога пухіра, ад якога штогод паміраюць больш як 12 000 амэрыканцаў.

Дасьледаваньне, фінансаванае штатам Тэхас, правялі вучоныя з Тэхаскага жаночага ўнівэрсытэту на чале з Джонам Рэдкліфам. Вучоныя апыталі 1000 жыхароў Г’юстану, цікавіліся тым, як харчуюцца людзі. І раней спэцыялісты ведалі, што садавінá й гародніна зьніжаюць рызыку захворваньня на рак. Аднак у гэтых прадуктах утрымліваюцца каля сотні розных вітамінаў, мінэралаў і мікраэлемэнтаў, і не было дакладна вядома, што канкрэтна засьцерагае ад раку. Цяпер амэрыканскія вучоныя зьвярнулі ўвагу на вітамін Е.

Вітамін Е належыць да групы вітамінаў, якія распускаюцца ў тлушчы, і можа існаваць у некалькіх відах, якія звычайна абазначаюць грэцкімі літарамі альфа (α), бэта (β), гама (γ), дэльта (δ).

Найбольш пашыраныя формы вітаміну Е – гэта альфа-токафэрол і гама-токафэрол. У станоўчым уплыве вітаміну Е на здароўе ўжо некалькі гадоў назад пераканаліся фінскія вучоныя. Яны правялі дасьледаваньне з удзелам 30 тысяч курцоў. Аказалася, што ў тых, хто прымаў 50 міліграмаў альфа-токафэролу штодзень, рызыка захворваньня на рак прастаты зьменшылася на траціну. Пры гэтым вучоныя выявілі, што ў спалучэньні з пра-вітамінам А (бэта-карацінам) гэты вітамін Е ня меў ніякага ўплыву на іншыя від раку –рак лёгкіх.

Амэрыканскія вучоныя пацьвердзілі цяпер, што найбольшую эфэктыўнасьць дае менавіта альфа-токафэрол. У тых, хто спажываў яго ў дозах, на чвэрць большых, чым астатнія пацыенты, рызыка захворваньня на рак мачавога пухіра зьменшылася амаль на 50%.

Пры гэтым ня мела значэньня, ці гэты вітамін людзі прымалі ў таблетках, ці спажывалі яго празь ежу, якая ўтрымлівае вітамін Е.

Аднак усе ж вучоныя рэкамэндуюць спажываць вітамін Е ў натуральным выглядзе – тады ён лепш засвойваецца арганізмам. Багатыя натуральныя крыніцы вітаміну Е – гэта мігдал, арэхі, шпінат, гарчыца, перац, спáржа, брокалі, аліўкавы алей.

“Людзі павінны ўключаць у свой рацыён арэхі й сланечнікавае насеньне. Дагэтуль дыетолягі ня раілі іх з прычыны вялікай колькасьці тлушчу, але ў 15-20 грамах арэхаў або сланечнікавага насеньня няшмат калёрыяў”, – кажа доктар Рэдкліф. Варта адзначыць, што садавіну й гародніну найлепш спажываць сырымі, бо ў працэсе сушэньня, пячэньня, гатаваньня й замарожваньня яны трацяць палову вітаміну Е.

Спэцыялісты лічаць, што нават пры найбольш рацыянальным харчаваньні колькасьць вітаміну Е, як правіла, недастатковая. Прычына ў тым, што ён распускаецца ў тлушчы, а бяз тлушчу арганізм яго не засвойвае. Людзі, занепакоеныя хваробамі, зьвязанымі з атлусьценьнем, пераходзяць на нізкакалярыйную дыету, абмяжоўваюць колькасьць тлушчу, але пры гэтым мімаволі спажываюць замала вітаміну Е. Гэты вітамін найбольш патрэбны ў старэйшым веку, а таксама цяжарным жанчынам, жанчынам пасьля мэнапаўзы, усім тым, хто шмат фізычна працуе, інтэнсіўна займаецца спортам, шмат курыць або знаходзіцца ў асяродзьдзі, поўным дыму й хімікаліяў.

Да апошняга часу дыетолягі рэкамэндавалі 8-12 міліграмаў вітаміну Е за дзень, цяпер жа вучоныя раяць павялічыць гэтую дозу – паводле новых дасьледаваньняў яна павінна складаць ад 100 ажно да 400 міліграмаў штодня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG