Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб правільна прыняць рашэньне ці вырашыць праблему, трэба выспацца!


Кастусь Бандарук, Прага

“Пераначуем – болей пачуем” - гаворыць народная прымаўка. Начны адпачынак нейкім чынам спрыяе творчай разьвязцы праблемаў. Бывае, што мы доўга напружваем мазгі, аднак не знаходзім адказу на нейкае пытаньне. Нечакана, пасьля таго як добра высьпімся, прыходзць азарэньне, і ў галаве зьяўляецца правільны адказ . “Эўрыка!”- “Я знайшоў!” - усклікнуў Архімэд, бегучы з лазьні ў Сыракузах дадому, пасьля таго, як яму ўдалося адкрыць закон гідрастатыкі.

Вядомы расейскі хімік Дзімітры Мендзялееў, аўтар пэрыядычнай сыстэмы хімічных элемэнтаў, доўга спрабаваў знайсьці заканамернасьць, паводле якой можна было б упарадкаваць вядомыя яму элемэнты. На картах ён напісаў іх сымбалі, ператасаваў і ўкладаў рознымі спосабамі. Стомлены ад бясконцых спробаў, Мендзялееў заснуў і, як сам пасьля заявіў, неспадзявана зразумеў асноўны прынцып, якім кіруецца сьвет хімічных элемэнтаў.

Нямецкія навукоўцы з Унівэрсытэту ў Любэцы на чале з доктарам Ульрыхам Вагнэрам знайшлі навуковае вытлумачэньне таго, чаму раптоўныя азарэньні часьцей здараюцца ў часе сну. Вынікі сваіх дасьледваньняў яны апублікавалі ў навуковым часопісе Nature.

“Азарэньне - гэта натуральная псыхалягічная зьява, даступная кожнаму чалавеку, хаця кожны раз яно прыходзіць раптоўна і неспадзявана,” -кажа доктар Вагнэр. Вучоныя цьвердзяць, што можна навукова дасьледаваць гэтую непрадказальную зьяву. Да ўдзелу ў экспэрымэнце яны запрасілі 66 маладых чалавек ва ўзросьце ад 18 да 31 і далі ім разьвязаць пэўнае складанае заданьне. Удзельнікі экспэрымэнту, падзеленыя на 3 групы па 22 чалавекі, павінны былі з дапамогай пэўных правілаў перафармаваць шэраг сямі лічбаў. Апошняя лічба новага шэрагу была разьвязкай заданьня і да яе трэба было дайсьці як мага хутчэй.

Дзьве групы прыступілі да вырашэньня заданьня ўвечары. Потым адна з групаў ішла паспаць 8 гадзінаў, а другая - ня спала. Раніцаю ўсе ізноў змагаліся з загадкаю. Трэцяя група прыходзіла ў лябараторыю раніцай, знаёмілася з правіламі разьвязкі задачы, потым цягам ўсяго дня адпачывала, і толькі ўвечары вучоныя правяралі, як гэтая група спраўляецца з задачай.

Сьпярша задача патрабавала ад усіх удзельнікаў вялікай канцэнтрацыі і высілкаў, аднак з часам маладыя людзі пачалі перафармоўваць шэрагі лічбаў амаль аўтаматычна. Некаторыя перажывалі азарэньне і хутка знаходзілі карацейшы шлях да разьвязкі задачы, паколькі існаваў прасьцейшы спосаб, як выявіць апошнюю лічбу. Хапіла заўважыць, што другая лічба заўсёды супадала з апошняй, аб чым удзельнікаў экспэрымэнту ніхто не папярэдзіў.

Аказалася, што геніяльная ідэя прыходзіла ў галаву пераважна тым, хто добра паспаў. Ажно 60% чалавек з гэтай групы знаходзілі дарогу наўпрасткі. Зь ліку тых, каму не дазвалялі спаць уначы, і тых, хто ўвесь дзень адпачываў, азарэньне перажываў ўсяго кожны пяты. Каб пераканацца, што не адпачынак, але менавіта сон уплывае на зьяву раптоўнага азарэньня, вучоныя правялі дадатковы экспэрымэнт з удзелам людзей, якія ўпершыню, без аніякай падрыхтоўкі, разьвязвалі загадкі.

Што такое адбываецца ў часе сну? Ужо ў 2000 годзе, П’ер Макэ ( Pierre Maquet) і Пэрын Рубі ( Perrine Ruby) з унівэрсытэту ў Льежы (Бэльгія) выявілі, што “літаркі” успамінаў і ведаў апрацоўваюцца ў часе сну. Сон тым адрозьніваецца ад неспаньня, што ў часе сну мозг працуе ў сястэме “off-line”. “Мозг адрэзаны ад вонкавых чыньнікаў . Гэта дазваляе яму бесьперашкодна апрацоўваць раней назапашаныя веды.

Яны спалучаюцца і перабудоўваюцца, і, дзякуючы гэтаму, чалавек дзейнічае больш эфэктыўна - тлумачыць Ульрых Вагнэр. Нядаўна перажытае паказваецца, быццам, фільм кары галаўнога мозгу праз структуру, адказную за памяць, - гіпакамп. Кара дзейнічае, нібы дасьведчаны мантажыст. Яна прыводзіць у парадак інфармацыю, якую бачыць, дапасоўвае да той, якую ўжо мае, і робіць яе часткай большай цэласнасьці.

Вось таму нейкая думка ці ідэя прыходзяць ў галаву пасьля сну, калі гіпакамп меў што дэманстраваць, а кара - мантажаваць. “Нашыя дасьледаваньні пацьвярджаюць, - кажа прафэсар Вагнэр, - што сон -сапраўды добры дарадца. Праблемы трэба абдмваць ўвечары, а разьвязка прыйдзе раніцай”.

А цяпер-найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

- Адпаведная колькасьць вітаміну D ў арганізьме можа засьцерагчы Вас ад раку прамой кішкі. Дагэтуль лічылася, што на прамую кішку найбольш карысна ўплываюць цэльназерневыя прадукты, аднак аказалася, што падобны эфэкт мае й вітамін D. Гэты вітамін важны таксама для костак, паколькі ён дазваляе арганізму лепш засвойваць кальцый. Недахоп гэтага вітаміну, які вырабляецца арганізмам таксама ў выніку сонечных прамянёў, найболей адчуваецца ў восенскія і зімовыя дні. Асабліва ў гэты час спрабуйце пастаўляць арганізму ў выглядзе харчаваньня або таблетак 400 міліграмаў вітаміну D за дзень.

- Каб засьцерагчыся ад заўчаснага старэчага маразму, як мага болей свабоднага часу праводзьце на занятках, якія патрабуюць разумовага высілку. Удзел у культурных мерапрыемствах, граньне на музычным інструмэнце або нават гульня ў карты, болей, чым, напрыклад, фізычныя заняткі ў сваім гародчыку, дапамагаюць захаваць інтэлектуальныя здольнасьці ў старасьці. У меру магчымасьці праводзьце свабодны час ў атачэньні вясёлых, кампанейскіх сяброў, бо гэта засьцерагае ад стрэсу, дэпрэсіі і кепскага настрою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG