Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая навіна для тых, хто ня любіць уколаў і таблетак


Кастусь Бандарук, Прага

Скура – самы вялікі чалавечы орган. Яна засьцерагае чалавека ад страты вады і атакаў мікробаў, рэгулюе тэмпэратуру цела і прымае сыгналы з навакольля. Цягам апошніх 40 гадоў скура зьяўляецца аб’ектам павышанай увагі з боку лекараў, якія хацелі б падаваць празь яе лекі ў арганізм. На жаль, дагэтуль дасягненьні ў гэтай галіне былі надзвычай сьціплыя. Тым болей сэнсацыйна гучаць высновы артыкулу, апублікаванага ў студзенскім нумары навуковага часопісу “Nature Biotechnology”. Вучоныя з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту на чале з праф. Самірам Мітраготры апісалі мэтад, дзякуючы якому фармацэўтычныя прэпараты будуць пранікаць праз скуру нават у 100 разоў хутчэй.

Мэтад пастаўкі лекаў праз скуру мае шэраг перавагаў. Ня ўсе субстанцыі можна глытаць, бо многія зь іх падлягаюць страваваньню і не пранікаюць ў кровазварот. Калі нават гэтага не здараецца, дык лекі моцна абцяжарваюць страўнік і печань. Праўда, ёсьць яшчэ ін’екцыі, але ўколы пераважна балючыя. Калі, аднак, лекі падаваць праз скуру, тады яны абмінаюць стрававальны тракт, што аблягчае працу печані. Апроч таго, пры такім спосабе трэба меншая колькасьць лячэбных субстанцыяў. Сярод асноўных перавагаў такога мэтаду вучоныя падкрэсьліваюць павольнае дазаваньне прэпарату. Незважаючы на ўсе гэтыя плюсы, за апошнія 40 гадоў інтэнсіўных дасьледаваньняў на рынку існуе ўсяго некалькі лекаў, якія можна падаваць праз скуру. У чым прычыны? Прычына ў тым, што скура проста аказвае супраціў.

Усяго некалькі субстанцыяў здольныя свабодна пранікаць праз скуру. Гэта пераважна мікраскапічныя часьцінкі, такія як гармоны, нікатын або нітрагліцэрын. (У адной з перадачаў мы ўжо паведамлялі пра тое, што аўстралійскія вучоныя распрацавалі кантрацэптыў ў выглядзе аэразолю. Шырока ўжываюцца таксама нікатынавыя плястыры для тых, хто хоча паступова кінуць курыць). Аднак, каб прапіхнуць вялікія часьцінкі леку праз скуру, неабходна скарыстоўваць вельмі хітрыя мэтады аслабленьня імуннага бар’еру скуры, такія як ток (ёнтафарэз), або ўльтрагукі (сонафарэз). Аднак гэтыя працэдуры патрабуюць спэцыяльнай апаратуры.

Больш практычнымі падаюцца тыя хімічныя субстанцыі, якія павялічваюць прапушчальнасьць скуры для лекаў. На жаль, такіх субстанцыяў няшмат, і акрамя таго, яны раздражняюць скуру. Дарэчы, і яны, як паказалі ўсе ранейшыя экспэрымэнты, дапамагаюць у пранікненьні ў арганізм толькі некаторых лекаў, як правіла тых, у якіх маленькія часьцінкі і якія адначасова любяць тлушчавыя спалучэньні. Правалам заканчваліся таксама спробы падаваць праз скуру бялковыя лекі, якія часта называюць “лекамі будучыні”.

Падобна на тое, што навукоўцам з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ўдалося выйсьці з гэтага тупіку. Група на чале з праф. Самірам Мітраготры распрацавала новы, рэвалюцыйны мэтад вырабу прэпаратаў, якія павялічваюць прапушчальнасьць скуры. Вучоныя палічылі, што паколькі цяжка знайсьці адну хімічную субстанцыю з адпаведнымі ўласьцівасьцямі, дык магчыма, камбінацыя некалькіх субстанцыяў дасьць пажаданы вынік. Дасьледчыкі разьлічвалі пры тым на іх сынэргістычнае дзеяньне, гэта значыць такое, калі некалькі рэчываў, узаемна сябе дапаўняючы, дзейнічаюць мацней, чым сума іхных паасобных магчымасьцяў.

Але як знайсьці найлепшую камбінацыю тысячаў патэнцыйных кандыдатаў? Каліфарнійскія вучоныя распрацавалі тэхніку, якую ў скарачэньні назвалі INSIGHT. Гэта мэтад імгненнага аналізу субстанцыяў, якія павялічваюць прапушчальнасьць скуры. “Мы мераем, як пад уплывам субстанцыі зьмяняецца перадача электраімпульсаў. Гэткім чынам мы абсьледавалі пяць тысячаў камбінацыяў двух розных прэпаратаў. Калі б скарыстаць традыцыйны мэтад, гэта заняло б 7 гадоў. А так мы справіліся з заданьнем цягам двух месяцаў”, – кажа праф. Мітраготры.

Падчас папярэдняга адсеву каліфарнійскія вучоныя адкінулі 98% камбінацыяў. Затым яны правяралі, ці гэтыя субстанцыі не раздражняюць скуру, і як у іхнай прысутнасьці лекі пранікаюць пад скуру. У выніку дасьледчыкі атрымалі дзьве, але затое шматабяцальныя мікстуры. Экспэрымэнты, праведзеныя на пацукох, пацьвердзілі, што ніводная зь іх ня мае нэгатыўнага ўплыву на скуру. Дзякуючы ім, лекі з большымі малекуламі, у тым ліку каштоўныя з тэрапэўтычнага пункту погляду бялкі, пранікаюць праз скуру ад 50 да 100 разоў хутчэй, чым пры дагэтуль скарыстоўваных мэтадах, – паведаміў праф. Самір Мітраготры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG