Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грубыя непрыгожыя шнары пасьля апэрацыяў могуць адысьці ў мінулае


Сяргей Абламейка, Прага

Брытанскія лекары пачалі выпрабоўваць на людзях новы лек, які не дазваляе ўзьнікнуць шнару на месцы апэрацыі ці раненьня. Аб гэтым інфармуе сваіх чытачоў часопіс New Scientist.

Кожны чалавек некалі сустракаецца з гэтай праблемай або на сваім прыкладзе, або на прыкладзе сваіх блізкіх. Шнары пасьля апэрацыяў ці раненьняў часта ўродуюць людзей, выклікаюць у іх псыхалягічныя праблемы і ствараюць бар’еры ў адносінах з супрацьлеглым полам, калі мужчына ці жанчына папросту саромеецца распрануцца перад сваім партнэрам. Адкрыцьцё брытанскіх мэдыкаў можа пакінуць гэтыя праблемы ў мінулым.

Як паведаміў кіраўнік каманды навукоўцаў з унівэрсытэту ў Манчэстэры Марк Фэргусан, мэдыкі заўважылі, што падчас экспэрымэнтаў нанесеныя ненароджанаму плоду млекакормячых раны гаіліся бяз шнараў. Гэтае назіраньне і сталася адпраўным пунктам для новых дасьледаваньняў. Неўзабаве мэдыкі высьветлілі, што за хуткае гаеньне бяз шнараў у ненароджанага плоду адказвае дагэтуль невядомае рэчыва – так званы трансфармацыйны фактар росту Бэта-3. Менавіта гэтае рэчыва пачынае хутка выдзяляцца пасьля раненьня. Фактар росту прымушае клеткі хутчэй перамяшчацца да параненага ўчастку і ўтвараць новую скуру.

Брытанскія лекары таксама заўважылі, што ва ўжо народжанага плоду млекакормячых фактара росту Бэта-3 выдзяляецца значна меней. Высьветлілася, што ў зямным асяродзьдзі пры пранікаючых траўмах арганізм значныя сілы імунітэту кідае на змаганьне са шкоднымі бактэрыямі, а ў выніку ўласна фактару росту выдзяляецца меней. Іншы вынік барацьбы імунітэту з інфэкцыямі – гэта якраз зацьвярдзеньне скуры і ўзьнікненьне шнару на месцы траўмы. Вось тады брытанскія мэдыкі і прыпусьцілі, што штучнае даданьне ў рану фактара росту Бэта-3 зможа прадухіліць узьнікненьне шнараў або максымальна мінімізаваць іх.

Доктар Марк Фэргусан паведаміў, што ў клініцы ўнівэрсытэту ў Манчэстэры ўжо быў праведзены экспэрымэнт з удзелам 300 добраахвотнікаў. Кожнаму зь іх на руцэ былі зробленыя дзьве раны, у адну зь якіх быў упрыснуты фактар росту Бэта 3. Апрацаваныя раны загаіліся ва ўсіх удзельнікаў за два дні, неапрацаваныя – у сярэднім за 7 дзён. Шнары, штопраўда, засталіся ў абодвух выпадках, але пасьля апрацаваных фактарам росту ранаў яны былі нашмат меншыя.

Адзін з самых нечаканых вынікаў экспэрымэнту – залежнасьць дзеяньня новага рэчыва ад узросту пацыента. Чым старэйшы пацыет, тым лепш гоіцца рана. У тых удзельнікаў экспэрымэнту, якім пераваліла за 60, пасьля апрацаваных фактарам росту Бэта-3 ранаў шнараў практычна не засталося.

Доктар Марк Фэргусан паведаміў таксама журналістам, што экспэрымэнты не закончаныя, і што выпрацоўка новага леку возьме яшчэ некалькі гадоў. Лекары спадзяюцца сынтэзаваць новы лек у выглядзе вадкасьці для ўвядзеньня ў кроў пацыента і ў выглядзе мазі для непасрэднага нанясеньня на рану. Лекары спадзяюцца, што новы лек зможа максымальна мінімізаваць памеры шнараў пасьля цяжкіх апэрацыяў ці траўмаў, або і зусім пазьбегнуць іх узьнікненьня. Для далейшых дасьледаваньняў у гэтай галіне брытанскія мэдыкі ўжо заклалі супольнасьць пад назвай RENOVO – магчыма, гэтак будзе называцца і новы лек.

Застаецца дадаць, што нядаўна аб адкрыцьці аналягічнага фактару росту, але адрознага ад адкрытага брытанскімі мэдыкамі, абвесьціла і каманда японскіх лекараў пад кіраўніцтвам доктара Джуіцы Оіке з унівэрсытэту Кейё. Японцы, аднак, правялі пасьпяховыя экспэрымэнты пакуль што толькі на лябараторных мышах.

***

Надыйшла чарга кароткіх мэдычных парадаў.

1. Вы можаце ўжываць менш мэдыкамэнтаў для лячэньня прастуды, калі будзеце прамываць насавыя пазухі растворам марской солі. Дасьледаваньні паказваюць, што прамываньне пазухаў растворам солі робіць больш вільготнымі сьлізістыя мэмбраны і зьмяншае рызыку хваробы.

2. Невялікая порцыя чорнай чакаляды можа прынесьці значную карысьць вашаму здароўю. Чорная чакаляда багатая на фляваноіды, блізкія па складзе да антыаксыдантаў. Гэтыя рэчывы абараняюць сардэчна-судзінную сыстэму і перашкаджаюць старэньню арганізма. Аднак не забывайцеся, што порцыі павінны быць невялікімі, бо чакаляда – калярыйны і тлусты прадукт.

3. Прынясе карысьць вашаму здароўю і спажываньне семак гарбуза, або як у Беларусі кажуць, белых семак. Смажаныя белыя семкі ўтрымліваюць амінакіслоты і іншыя рэчывы, якія спрыяюць дзейнасьці мозгу, у прыватнасьці канцэнтрацыі ўвагі. Багатыя белыя семкі і на вітамін А, калій і магній.

4. Вельмі каштоўным для здароўя можа быць і арахіс. У гэтых гарэхах утрымліваецца арахісавы алей, які зьяўляецца выдатнай крыніцай вітаміну Е. Кожны чалавек павінен штодзень спажываць як найменей 400 умоўных адзінак гэтага вітаміну.

5. Дасьледаваньні паказваюць, што недахоп сну можа прыводзіць да ўзьнікненьня ракавых пухлінаў. Недахоп сну прыводзіць да разбурэньня некаторых гармонаў, якія прадухіляюць злаякаснае дзяленьне клетак. Не забывайцеся, што кожны чалавек павінен спаць як найменш 6-8 гадзінаў у дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG