Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯЗЕНЬ ГУЛАГУ МІКОЛА КАНАШ ПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ У КУРАПАТАХ АНАЛЯГ ЛІТОЎСКАЙ КРЫЖОВАЙ ГАРЫ


Ганна Соусь, Менск

Мікола Канаш мяркуе, што кожны вязень сталінскіх лягераў павінен паставіць у Курапатах свой крыж, на якім будзе пазначаны ягоны лягерны нумар.

(Канаш: ) "Калі людзі будуць ахвяроўваць сродкі, кожны захоча крыж паставіць. А калі гэта былыя нявольнікі, хай на крыжы яны паставяць свой нумар. Нас інакш не называлі, толькі па нумары. Мы былі ня людзі, нумары як на аўтамабілі ў нас на сьпінах былі напісаныя. Я б выслаў грошы, бо сам туды ня зьежджу, і хачу каб нехта на гэтую суму зрабіў крыж, які б стаяў у Курапатах".

Мікола Канаш хоча, каб на ягоным крыжы быў напісаны й лягерны нумар ягонай жонкі Сафіі Канаш, зь якой ён пазнаёміўся, працуючы на шахце ў горадзе Інта, Комі АССР.

А трапіў Мікола Канаш у ГУЛАГ праз тое, што ў часе другой сусьветнай вайны, у 1943 годзе, ён стаў сябрам Саюзу беларускай моладзі.

(Канаш: ) "Мы вывучалі там беларускія песьні, першым чынам гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", крыху гісторыі, маршыравалі, уздымалі сьцяг. У 1944 годзе, калі прыйшло, так бы мовіць, вызваленьне, мяне забралі ў савецкае войска".

Арыштавалі Міколу Канаша толькі ў 1948 годзе ў Петразаводзку. Ён дагэтуль памятае тамтэйшую ўнутраную турму.

(Канаш: ) "Сядзеў у адзіночцы, выклікалі звычайна ноччу або днём, калі абед, каб я не харчаваўся. Спаць зрэдку давалі калі. Пасьля тры месяцы судзілі — далі мне дваццаць пяць гадоў. Празь нейкі час накіравалі ў ленінградзкія "Кресты". Быў я ў 90-й камэры, было нас 89 чалавек. Ляжалі. Калі трэба было павярнуцца, дык варочаюцца ўсе, а калі падняўся, то твайго месца ўжо няма".

Пасьля "Крестов" Мікола Канаш трапіў у Комі АССР. У 22 гады давялося працаваць з адбойным малатком у шахце за 1 кіляграм 200 грамаў чорнага мокрага хлеба на дзень. Так прайшлі 8 гадоў.

(Канаш: ) "Я заўсёды выпрацоўваў норму на 120 і больш адсоткаў. Нам сказалі — вызваляць тых, хто будзе мець адпрацаваным паўтэрміну. Пасьля сьмерці Сталіна былі залікі. І я набраў 12 з паловай гадоў — год за два, за паўтара".

За цяжкую рабскую працу ў ГУЛАГу Мікола Канаш атрымаў у 1992 годзе пасьля рэабілітацыі кампэнсацыю — каля 60 тысяч рублёў. Набыў тады за гэтыя грошы каляровы тэлевізар і мапэд.

Жыве цяпер Мікола Канаш разам з жонкай спадарыняй Сафіяй у Жлобіне ў невялічкай двухпакаёвай кватэры. Пэнсіі хапае толькі на харчаваньне, вопратку даўно ўжо не набываюць, але на жыцьцё ня скардзіцца, бо зьведаў значна горшыя часы. Спадар Мікола ўзначальвае Жлобінскую арганізацыю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

(Канаш: ) "Каля 60 чалавек нас у Жлобіне, але ў арганізацыі толькі 12. Гэта пераважна людзі пацярпелыя. Жывуць больш-менш нармальна, таму што маюць хаты, агароды, свая бульба, свая цыбуля, таму ня вельмі гэтым цікавяцца".

Сам Мікола Канаш пільна сочыць за падзеямі вакол Курапатаў, атрымлівае інфармацыю ў асноўным з Радыё Свабода і спадзяецца, што нарэшце ў Курапатах будзе створаны мэмарыял, а на адным з крыжоў будзе выбіты ягоны лягерны нумар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG