Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Халодны мір” паміж афіцыйнай Беларусьсю і ЗША


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб і гісторык Аляксандар Ціхаміраў

(Віталь Цыганкоў: ) “22 ліпеня спаўняецца 10 гадоў з таго дня, як тагачасны кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Кіраўнікі абедзьвюх дзяржаваў падпісалі дэклярацыю аб стасунках паміж Беларусьсю й Злучанымі Штатамі. У Вашынгтоне асабліва адзначалася, што Беларусь стала першай пастсавецкай дзяржавай, якая дабраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі. Праз паўгоду станоўчая дынаміка адносінаў атрымала разьвіцьцё 15 студзеня 1994 году, калі Менск наведаў Біл Клінтан.

Аднак, пачынаючы ад 1994 году, калі да ўлады ў Беларусі прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, беларуска-амэрыканскія дачыненьні пачалі няўхільна пагаршацца. Аляксандар Ціхаміраў, вы адмыслова вывучаеце гісторыю міжнародных дачыненьняў Беларусі зь іншымі краінамі. Якія асноўныя вехі, асноўныя паваротныя кропкі вы б тут адзначылі?”

(Аляксандар Ціхаміраў: ) “ЗША сталі другой дзяржавай пасьля Ўкраіны, якая ўжо ў 1991 годзе ўсталявала зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, а ў 1992-м першай адчыніла ў Менску сваю паўнавартасную амбасаду. Сапраўды, у 1993–94-я гг. адносіны паміж Беларусьсю і ЗША былі нядрэннымі. Гэтыя дачыненьні пачалі пагаршацца ў 1995 годзе. Нагадаем страйк працаўнікоў мэтрапалітэну, які быў жорстка задушаны беларускімі ўладамі, і ў тым самым годзе быў зьбіты паветраны шар з амэрыканскімі паветраплаўцамі.

У 1996 годзе галоўнай вехай, зразумела, стаў рэфэрэндум на зьмену Канстытуцыі. У 1997-м ЗША, якія не прызналі вынікаў гэтага рэфэрэндуму, прынялі палітыку “выбарачнага ўзаемадзеяньня”. Значная падзея ў 1998-м — гэта “бітва за Дразды”, падчас якой найбольш “даставалася” якраз рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара. 2001 год — прэзыдэнцкія выбары, спосаб правядзеньня якіх ня быў успрыняты ЗША. Ну і апошнія два гады пакуль ня бачна прыкметаў паляпшэньня дачыненьняў Беларусі са Злучанымі Штатамі”.

(Цыганкоў: ) “У выніку гэтыя дачыненьні дайшлі да таго, што днямі Кангрэс ЗША прыняў закон, які мы звыкла называем “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. З гэтай нагоды беларускае МЗС нядаўна ў адмысловай заяве адзначыла, што “двухбаковыя дачыненьні Беларусь гатовая адбудоўваць на аснове роўнасьці і ўзаемапавагі бакоў праз адкрыты і канструктыўны дыялёг і ўзаемныя кампрамісы”. Нягледзячы на ўсё, беларускі бок заяўляе, што хоча супрацоўнічаць з ЗША. Наколькі гэтыя заявы адпавядаюць рэальнасьці?”

(Мечыслаў Грыб: ) “Я напрыклад, лічу, што беларускі бок сапраўды хоча супрацоўнічаць з Амэрыкай, як ён гэта афіцыйна заяўляе. Але Менск хоча, каб ЗША прынялі нейкія беларускія ўмовы — маўляў, “прымайце нас такімі, якія мы ёсьць. Мы самыя лепшыя ў сваіх вачах, лепш за ўсіх усё разумеем, у нас шмат дэмакратыі і гэтак далей”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі, па-вашаму, пэрспэктыўны такі падыход?”

(Грыб: ) “Я лічу, што такі падыход наогул не пэрспэктыўны. Бо Беларусь у супрацоўніцтве з ЗША больш зацікаўленая, чым ЗША ў Беларусі. Да пазыцыі Штатаў сёньня прыслухоўваецца ўвесь Захад. А Беларусь хоча навязаць нейкія свае падыходы. Трэба выканаць спачатку тыя чатыры ўмовы, якія сусьветнае супольніцтва прапанавала Беларусі, і якія паабяцалі выконваць беларускія ўлады, а потым ужо заяўляць пра супрацоўніцтва. Аднак гэтага нічога ня робіцца, а толькі заклінаньні: “Мы гатовыя, мы гатовыя…” Калі ж будуць практычныя крокі ў гэтым кірунку, тады адносіны і палепшацца. Калі ж толькі словы і заявы, а нічога рабіцца ня будзе, то ніякіх зьменаў у дачыненьнях Менск не дачакаецца”.

(Цыганкоў: ) “Якія лічбы таваразвароту ёсьць паміж Беларусьсю і ЗША і якая тут дынаміка?”

(Ціхаміраў: ) “У 2002 годзе экспарт Беларускай прадукцыі ў ЗША быў больш за 90 мільёнаў даляраў, імпарт — каля 100 мільёнаў. Калі паслухаць беларускія афіцыйныя мэдыі, то ад ЗША нам адно толькі гора. Калі ж глядзець лічбы таваразвароту, то ЗША стабільна ўваходзяць у дзясятку галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі.

ЗША ўваходзяць у тройку найбуйнейшых інвэстараў у Беларусь. Гуманітарная дапамога з боку ЗША і Канады складае каля 45% ад агульнай колькасьці дапамогі, што паступае ў Беларусь. Аднак гэтыя лічбы не гучаць у афіцыйных СМІ, таму і складаецца ўражаньне, што ніякіх адносінаў нармальных і няма”.

(Цыганкоў: ) “Як можна спрагназаваць далейшае разьвіцьцё дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША. Ці могуць нейкія станоўчыя крокі адбыцца пры цяперашнім беларускім рэжыме? Ці сёньняшняя нэгатыўная сытуацыя застанецца ажно да зьмены ўлады ў Беларусі?”

(Грыб: ) “Па-першае, хачу дадаць, што ня трэба разглядаць толькі эканамічны аспэкт адносінаў з ЗША — колькі купілі, прадалі, якое сальда. Трэба ячшэ ўлічваць, што калі Амэрыка добра ставіцца да нейкай дзяржавы, гандлюе зь ёй, гэта ўплывае на іншыя заходнія дзяржавы — якія ўкладаюць інвэстыцыі і пашыраюцть супрацоўніцтва з такой краінай. І гэта нават больш значна, чым голыя лічбы.

Што тычыцца пэрспэктывы, то я ўпэўнены — калі з боку Беларусі ня будзе зроблена практычных крокаў у паляпшэньні палітычнага клімату, вольных выбараў, свабоды прэсы і гэтак далей, то аніякага супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам ня будзе. Але трэба разумець, што ўвесь час казаць “не” палітык не павінен.

Я лічу, што нават гэты рэжым, калі ён прыме канкрэтныя крокі ў кірунку выкананьня абяцаньняў, што далі сусьветнаму супольніцтву, і амэрыканцы ўбачаць гэта на практыцы, тады магчыма, і зь іхнага боку будуць зробленыя нейкія крокі насустрач Беларусі. Калі будуць адны словы і абяцаньні, то ЗША на гэта ня зьверне аніякай увагі”.

(Ціхаміраў: ) Добра ўжо тое, што беларускія ўлады пачалі казаць, што яны хочуць сябраваць са Злучанымі Штатамі. Бо ў другой палове 90-х гадоў ЗША адназначна ўспрымалася як краіна-вораг (хаця адкрыта гэта можа і не гаварылася). Так што цяпер трохі іншыя ноткі.

Што да пэрспэктывы, то з улікам сёньняшніх палітычныя рэаліяў Рэспублікі Беларусь можна прагназаваць, што адносіны паміж ЗША і Беларусьсю будуць заставацца ў стане “халоднага міру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG